Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі — навукова-даследчая арганізацыя, якая існавала ў 1912—1915 гадах у Мінску.
Таварыства займалася навуковым вывучэннем прыроды краю, гістарычна-археалагічнымі даследаваннямі, аховай прыродных помнікаў, а таксама пашырэннем ведаў у галіне прыродазнаўства, гісторыі і геаграфіі на тэрыторыі Мінскай губерні. Спачатку размяшчалася ў памяшканні Мінскай губернскай земскай управы і гімназіі К. В. Фальковіча, з 1913 года — у Мінскім гарадскім музеі.
Кіравала таварыствам рада з шасці чалавек. Першы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А. Ф. Флёраў. Сярод членаў былі ўрачы А. П. Грацыянскі і С. М. Урванцоў, інжынер-тэхнолаг, член гарадской управы Ф. Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей Мінскай губерні І. М. Шэмішнаў, старшыня губернскай казённай палаты Ф. М. Ястрэмскі.
Члены таварыства займаліся навуковай працай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, даследавалі флору і фаўну Беларусі, разглядалі праблемы зберажэння народных багаццяў. Арганізацыя падтрымлівала сувязі з шэрагам універсітэтаў і навуковых таварыстваў. У 1914 годзе выдала навуковы зборнік «Весці».
Таварыства займалася зборам калекцый старадаўніх кніг, манет, мінералаў, беларускіх нацыянальных строяў, гербарыяў, якія захоўваліся ў створаным ім гарадскім музеі.
Спыніла дзейнасць у 1915 годзе праз падзеі Першай сусветнай вайны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі Катэгорыя:Навуковыя таварыствы Беларусі Катэгорыя:Археалогія ў Беларусі Катэгорыя:Этнаграфія Беларусі Катэгорыя:Геаграфія Беларусі Катэгорыя:Арганізацыі, заснаваныя ў 1912 годзе Катэгорыя:Арганізацыі, ліквідаваныя ў 1915 годзе Катэгорыя:Арганізацыі Мінска Катэгорыя:1912 год у Мінску