Ігар Іванавіч Раеўскі (нар. , ) — беларускі і расійскі дырыжор, хормайстар, заслужаны артыст Беларускай ССР, народны артыст РСФСР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Чэхаславакіі (1972).

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1954 г. скончыў Маскоўскае харавое вучылішча, заснавальнікам якога быў А. В. Свешнікаў, і атрымаў накіраванне ў кансерваторыю, але выбраў Інстытут ваенных дырыжораў. Вучоба давалася яму лёгка. Пасля атрымання дыплому ў 1958 г. Ігар Раеўскі пачаў самастойную творчую дзейнасць у якасці мастацкага кіраўніка Ансамбля песні і танца ваенна-паветраных сіл Групы савецкіх войск у Германіі.

У 1963 г. І. І. Раеўскага прызначылі мастацкім кіраўніком Ансамбля песні і танца Беларускай ваеннай акругі, і ён пераехаў у Мінск.

У 1974 г. дырыжора перавялі ў Маскву, дзе ён узначаліў Ансамбль песні і танца Маскоўскай акругі супрацьпаветранай абароны. Праз пэўны час калектыў стаў лаўрэатам Усеармейскага конкурсу ансамбляў песні і танца Савецкай Арміі і Ваенна-марскога флоту.

У 1995 годзе стаў мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору імя А. В. Свешнікава. Аўтар больш за 200 песень, сімфанічных і харавых твораў, аркестравых апрацовак. Жыве і працуе ў Маскве.

Крыніцы

Літаратура Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2001. — Т. 13. — С.246.

Катэгорыя:Заслужаныя артысты Беларускай ССР