Музеязна́ўства, таксама музеяло́гія — комплексная навуковая дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, а таксама распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці.
Прадмет вывучэння Як сістэма спецыяльных ведаў, музеязнаўства займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навуковага дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў. Яно даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, а таксама выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Музеязнаўства цесна звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхнічнымі навукамі.
Гісторыя Першыя спробы тэарэтычнага асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам музеязнаўства лічыцца нямецкі калекцыянер І. Д. Маёр, аўтар кнігі «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт французскіх музеязнаўцаў канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя былі пераняты большасцю еўрапейскіх краін. У 2-й палове XIX стагоддзя музеязнаўства сфарміравалася як асобны раздзел навукі. Асаблівых поспехаў яно дасягнула ў 1960—1970-я гады, калі аформіліся нямецкая, польская і чэшская музеязнаўчыя школы.
Фармальнае прызнанне музеязнаўства як самастойнай навуковай дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнароднага савета музеяў (пры ЮНЕСКА), якая праходзіла ў Маскве ў 1977 годзе. Савецкая школа музеязнаўства склалася ў 1960—1970-я гады, яе тэарэтычным і навукова-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі інстытут культуралогіі).
У Беларусі З 1911 года ў Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археалагічнага інстытута рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па музеязнаўстве (Б. Р. Брэжга, А. П. Сапуноў і іншыя). У 1920-я гады ў БССР музеям быў нададзены статус навукова-даследчых устаноў, а пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы пад кіраўніцтвам В. Ю. Ластоўскага. З пачатку 1930-х гадоў беларуская музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы савецкага музеязнаўства.
Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самастойнай беларускай школы музеязнаўства. У 1992 годзе ў БДУ была адкрыта кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства. У 1994 годзе ў Беларускім універсітэце культуры з’явілася кафедра этналогіі і музеязнаўства. З 1993 года ў Беларускі інстытут праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, а таксама дзейнічае 2-гадовая школа музеязнаўства для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.
Крыніцы
Літаратура
Грицкевич В. П., Гужаловский, А. А. История музеев мира: учеб. Пособие. Минск: БГУ, 2003. 283 с. Гужалоўскі А. А. Гісторыя музейнай справы Беларусі : вучэб.-метад. дапам. Мінск: БДУ, 2012. 303 с. Гужалоўскі, А. А. Музеязнаўства / А. А. Гужалоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 тамах / Беларуская энцыклапедыя; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) [і інш.]. Том 11: Мугір — паліклініка. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2000. — С. 13 — 14. Музееведение: вопросы теории и методики. — Мн., 1987. Руденко С. Б. Музей як технологія. Київ, 2021. 436 с. Сотникова, С. И. Музеология: Пособие для вузов. — М., 2004. Юренева, Т. Ю. Музееведение: Учебник для высшей школы / Т. Ю. Юренева. — 3-е издание, исправленное и дополненное. — М.: Академический проект, 2006. — 560 с. — («Gaudeamus»).
Спасылкі
Катэгорыя:Грамадскія навукі Катэгорыя:Культуралогія