Арыстоцелевы вароты, або Тайная тайных – павучальна-дыдактычны твор, нібыта адрасаваны старажытнагрэчаскім філосафам Арыстоцелем славутаму палкаводцу старажытнасці Аляксандру Македонскаму.

Узнікшы ў арабскай літаратуры Х–ХІ стст., каля ХІІІ ст. ён быў перакладзены на лацінскую мову і ў выглядзе рукапісаў і друкаваных выданняў распаўсюдзіўся ў краінах Заходняй Еўропы, паслужыўшы там крыніцай для перакладаў на мясцовыя мовы.

Беларускі спіс твора па колькасці раздзелаў і іх змесце не супадае з заходнееўрапейскай рэдакцыяй. Наяўнасць у ім некаторых яўрэйскіх слоў, якіх няма ў заходнееўрапейскіх тэкстах, дае падставу меркаваць, што беларуская рэдакцыя ўзыходзіць да прамежкавага яўрэйскага спіса, які таксама з'яўляецца перакладам нейкай іншай версіі арабскага арыгінала.

Дакладных звестак пра час узнікнення беларускага спіса няма. Аднак тыповае паўустаўнае пісьмо, некаторыя архаічныя арфаграфічныя прыёмы і іншыя моўныя асаблівасці даюць падставу адносіць помнік да першай палавіны ХVІ ст.

Літаратура Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 654 с. ISBN 5-85700-126-9.

Спасылкі

Катэгорыя:Беларуская літаратура XVI стагоддзя Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Беларуская перакладная літаратура