Тэфсі́р ('тлумачэнне, каментарый') – у татар ВКЛ кнігі, якія змяшчалі тэкст Карана з перакладам і некаторымі элементамі каментарыя. Звычайна тафсірамі называюць багаслоўскія каментары да Карана. Мусульмане разглядалі пераклад Карана на іншыя мовы як парушэнне асноў ісламу, таму, відаць, татары ВКЛ і называлі такія пераклады тэфсірамі.

Апісанне Тэфсіры былі вялікімі кнігамі (400–500 аркушаў) і каштавалі дорага, іх перапісванне займала да паўгода. Кнігі захоўвалі ў вялікай пашане, яны пераходзілі з пакалення ў пакаленне як найкаштоўнейшая рэліквія.

Гарызантальна пісаліся радкі Карана на арабскай мове, а пад імі наўскось размяшчаўся пераклад на польскую мову. Перад і пасля асноўнага тэксту змяшчаліся малітвы і невялікія тэксты пра рэлігійныя рытуалы ў час чытання Карана.

Ацалелыя тэфсіры

На сённяшні дзень зарэгістравана 13 тэфсіраў: 2 – у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі; 1 – у Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі; 1 – у Нацыянальным музеі Літвы; 1 – у бібліятэцы Вільнюскага ўніверсітэта; 2 – у бібліятэцы Пецярбургскага ўніверсітэта; 1 – у бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане; 5 – у прыватных калекцыях.

Старэйшы з ацалелых тэфсіраў напісаны ў канцы XVI ст., ён змяшчае падрадковы пераклад Карана на цюркскую мову (прыватны кнігазбор).

Мінскі тэфсір

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі захоўваецца тэфсір, які быў напісаны ў Мінску ў 1686 годзе. Ён змяшчае пераклад часткі тэксту Карана (суры 2–18) на цюркскую мову і часткі тэксту (суры 19–114) на польскую мову (самая ранняя копія перакладу Карана на польскую мову).

Літаратура ; Антонович, А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система / А. К. Антонович. — Вильнюс, 1968; Drozd, A., Dziekan, М. М., Мajda, Т. Piśmiennictwo i muhiry Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 2000; Drozd, A. Koran staropolski: Rozważania w związku z odkryciem tefsiru mińskiego z 1686 roku // Rocznik Biblioteki Narodowej. Warszawa, 2004. T. 36; Suter, P. Alfurkan Tatarski: Der litausich-tatarische Koran-Tefsir. Köln; Weimar; Wien, 2004.

Катэгорыя:Іслам Катэгорыя:Беларускі арабскі алфавіт Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары Катэгорыя:Кнігі