Генацыд беларускага народа () — заканадаўча-ідэалагічная навела ў Беларусі, распачатая ў 2021 годзе генеральным пракурорам Андрэем Шведам з мэтай перагляду вынікаў Другой сусветнай вайны ў бок павелічэння маштабаў злачынстваў нацыстаў на тэрыторыі Беларусі і вывядзення паралеляў паміж тагачаснымі акупантамі і сённяшнімі краінамі Захаду ды праціўнікамі рэжыму Лукашэнкі. У прапагандысцкай літаратуры, прысвечанай «генацыду», часта маніпуляцыйна побач змешчаны здымкі беларускіх калабарацыянісцкіх фарміраванняў часоў вайны і здымкі з масавах пратэстаў 2020 года супраць далейшай узурпацыі ўлады Аляксандрам Лукашэнкам.

Перадумовы Жорсткія разгоны пратэстаў у 2020 годзе, калі ўжывалася зброя і мелі месца катаванні затрыманых, выклікалі шматлікія параўнанні сілавікоў з нацысцкімі карнікамі. Гвалт супраць пратэстоўцаў, што прывёў да гібелі людзей і цяжкіх калецтваў, быў успрыняты як праява генацыду беларускага народа — нягледзячы на тое, што фармальна не адпавядае яго вызначэнню, — а рэжым Лукашэнкі — як фашысцкі. Гэтыя тэзісы толькі падмацоўвала паказное ігнараванне небяспекі пандэміі каранавірусу, у выніку якога залішняя смяротнасць у Беларусі за перыяд з 2020 па 2022 гады склала больш за 90 000 чалавек, што з’яўляецца найгоршых паказчыкам у параўнанні з усімі суседнімі краінамі.

Рэжым Лукашэнкі, ідэалогія якога грунтуецца на савецкіх наратывах і перамозе над нацызмам у Другой сусветнай вайне, успрыняў падобныя абвінавачванні асабліва хваравіта, бо лічыць сябе спадкаемцам гэтай перамогі. Найбольш выразна гэтая пазіцыя прагучала 19 кастрычніка 2020 года ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1», калі Мікалай Карпянкоў, кіраўнік ГУБАЗіКа — аднаго з галоўных рэпрэсіўных органаў, што вызначыўся асаблівай жорсткасцю падчас пратэстаў, — прамовіў фразу, якая хутка стала крылатай:

Выбудоўванне ідэалогіі «генацыду» супраць Захаду У жніўні 2020 года большасць краін Еўрапейскага саюза не прызналі перамогу Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах і падтрымалі масавыя пратэсты. У адказ на фальсіфікацыю вынікаў выбараў і гвалтоўныя дзеянні супраць пратэстоўцаў к канцу 2020 года Еўрасаюз, ЗША і Канада прынялі 3 пакеты санкцый супраць беларускіх уладаў, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі, членаў выбарчых камісій, кіраўнікоў і супрацоўнікаў сілавых органаў, кіраўнікоў буйных дзяржаўных прадпрыемстваў.

19 сакавіка 2021 года, выступаючы перад калектывам прадпрыемства ў Гродне, Аляксандр Лукашэнка заявіў:

Праз некалькі дзён, выступаючы 21 сакавіка ў Хатыні, Лукашэнка звязаў бела-чырвона-белы сцяг, які выкарыстоўваецца яго праціўнікамі, з генацыдам беларускага народа.

У пачатку красавіка 2021 года Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што яна была заведзена ім «у мэтах сацыяльнай і гістарычнай справядлівасці, ліквідацыі „белых“ плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай бяспекі». Вынікі расследавання павінны былі быць пакладзены ў аснову ідэалагічнай вучэбна-выхаваўчай і інфармацыйнай працы. Таксама пракурор заявіў пра складанне спісаў усіх памерлых і жывых злачынцаў, і што Беларусь будзе дабівацца выдачы апошніх для суду.

Пасля генеральны пракурор Андрэй Швед непасрэдна звязваў з’яўленне крымінальнай справы з палітычным крызісам у краіне:

Закон «Аб генацыдзе беларускага народа» У пачатку снежня 2021 года быў апублікаваны праект закона «Аб генацыдзе беларускага народа», які быў аднагалосна прыняты 14 снежня Палатай прадстаўнікоў і падпісаны 5 студзеня 2022 года Лукашэнкам.

Генацыдам беларускага народа законапраект абвяшчае «ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі, у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа». Пад пасляваенным разумеецца перыяд да 31 снежня 1951 года, а пад беларускім народам «савецкія грамадзяне, якія жылі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд».

У адукацыі За адмаўленне генацыду беларускага народа прадугледжана пакаранне абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем свабоды на той жа тэрмін, у выпадку паўторнага адмаўлення — ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Ураду краіны прадпісваецца прымаць меры для ўшанавання памяці ахвяр генацыду беларускага народу, а таксама для прызнання і асуджэння яго на міжнародным узроўні.

У 2022 годзе ў школе пачалі выкарыстоўваць інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы крымінальнага расследавання генацыду беларускага народа, прадстаўленыя Генеральнай пракуратурай. У лістападзе 2023 года былі прэзентаваныя вучэбныя дапаможнікі «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў устаноў сярэдняй адукацыі былі распрацаваныя ў 2023 годзе. У 2024 годзе ў новым вучэбным годзе ўвялі штомесячныя інфармацыйныя гадзіны па вывучэнні «пытанняў генацыду беларускага народа».

Як заўважыў спецыяліст у сферы адукацыі Андрэй Лаўрухін, з’яўленне навучальных дапаможнікаў гэта спроба ўладаў дэзавуяваць абвінавачанні дэмакратычных краін у злачынствах у адрас беларускага і ўкраінскага народаў праз рытарычны дэмагагічны прыём «да чалавека».

У культуры Ва ўсіх музеях краіны, нават няпрофільных, былі створаны стэнды на тэму «Генацыд беларускага народа», дзе былі вывешаны здымкі з калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай вайны і каля іх — фота з бела-чырвона-белымі сцягамі з пратэстаў 2020 года.

У радавым гняздзе Тадэвуша Касцюшкі ў Малых Сяхновічах з Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея, які ўзнік у невялікай вёсцы дзеля ўшанавання асобы нацыянальнага героя трох краін, у лютым 2022 года была цалкам прабраная зала, прысвечаная Касцюшку, а на яе месцы створана экспазіцыя «Злачынствы фашызму. Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны».

Серыя кніг «Генацыд беларускага народа» У 2022 годзе таксама пад агульнай рэдакцыяй генеральнага пракурора Андрэя Шведа выйшла кніга «Генацыд беларускага народа» (Genocide of the Belarusian people) тыражом 1000 асобнікаў, які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 2000 асобнікаў У кнізе маніпулятыўным чынам праводзяцца паралелі паміж нацысцкімі злачынцамі і ўдзельнікамі пратэстаў 2020 года, нацыянальная сімволіка беларусаў, герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сцяг, названая нацысцкай сімволікай. У 2022 годзе таксама выдадзена кніга «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» тыражом 3000 асобнікаў, які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 4000 асобнікаў. У 2023 годзе ў двух частках выйшла кніга «Генацыд беларускага народа. Карныя аперацыі» тыражом 3000 асобнікаў, які ў наступным годзе быў павялічаны яшчэ на 1500 асобнікаў. У 2025 годзе выйшла кніга «Генацыд беларускага народа. Злачынствы катаў 118-га карнага батальёна» тыражом 2200 асобнікаў.

У сакавіку 2023 годзе кнігі «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці» былі ўганараваныя найвышэйшай узнагародай нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Трыумф».

Крымінальны пераслед за адмаўленне генацыду беларускага народа 30 кастрычніка 2024 года Мінскі гарадскі суд вынес першы прысуд за адмаўленне генацыду беларускага народа, асудзіў мужчыну за каментары пра Хатынь і Лукашэнку да 3 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

У снежні 2025 года арыштавалі 18‑гадовага жыхара Магілёва, які ў верасні 2024 года ў тэлеграме ад імя адміністратара ў агульнадаступным чаце размясціў каментар, у якім «адмаўляў агульнавядомыя гістарычныя факты, у прыватнасці, планамернае знішчэнне нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі насельніцтва БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны і само існаванне генеральнага плану «ОСТ» нацысцкай Германіі», паведамляе пракуратура. Дзеянні маладога чалавека кваліфікаваны паводле часткі 1 артыкула 130‑2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Гл. таксама Гістарычная палітыка Беларусі Крыніцы

Катэгорыя:Прапаганда ў Беларусі Катэгорыя:Нямецкая акупацыя Беларусі (1941—1944) Катэгорыя:2021 год у Беларусі Катэгорыя:Генеральная пракуратура Беларусі Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020)