Валянці́на Гера́сімаўна Казло́ўская (у шлюбе Шапіра; , Рыга — , Менск) — беларуская паэтэса, пісьменніца, перакладчыца, фалькларыстка. Актыўная ўдзельніца беларускага нацыянальна-культурнага руху ў міжваеннай Латвіі.

Біяграфія Паходжанне і жыццё ў Латвіі Нарадзілася 6 жніўня 1907 года ў Рызе (паводле іншых звестак — у вёсцы Луні Люцынскага павета). Бацькі былі праваслаўнымі сялянамі з вёскі Мікалаевічы Смалявіцкай воласці Барысаўскага павета Мінскай губерні — Герасім Іванаў Казлоўскі і Юлія Станіславава. Існуе таксама версія, што сям’я валодала ўласным хутаром у Латгаліі на мяжы з сучаснай Беларуссю. Дзяўчынка была ахрышчана 26 жніўня 1907 года ў рыжскай Усясвяцкай царкве.

Скончыла беларускую сярэднюю школу ў Латвіі. Навучалася ў гімназіях Рыгі і Люцына, дзе і пачала сваю літаратурную і грамадскую дзейнасць. Выступала ў якасці артысткі ў мясцовых беларускіх тэатральных гурткахLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 1747, ap. 1, l. 19, lp. 142.. З'яўлялася актыўнай удзельніцай Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ), дзе стала вядомай дзякуючы сваім вершам і публікацыям. Адначасова яна належала да падпольнай арганізацыі, якая пераследавалася латвійскімі ўладамі за прапаганду сепаратызму і сувязі з камуністамі.

У 1926 годзе скончыла Дзвінскую дзяржаўную беларускую гімназію разам з іншымі вядомымі дзеячамі, такімі як Пётра Мірановіч і Пятро Журкоўскі. У 1927 годзе скончыла Беларускія настаўніцкія курсы ў Дзвінску.

Разумеючы, што ў Латвіі ёй будзе цяжка працягнуць адукацыю з-за матэрыяльных і палітычных прычын, Валянціна рабіла спробы атрымаць стыпендыю ад чэхаславацкага ўрада для навучання ў Празе, дзе планавала вывучаць педагогіку. Аднак яна не змагла туды выехаць.

Пераезд у БССР і рэпрэсіі Восенню 1927 года, дзякуючы асабістаму спрыянню Кастуся Езавітава і Янкі Купалы, Валянціна Казлоўская атрымала магчымасць пераехаць у Савецкую Беларусь для працягу адукацыіВалянціна Герасімаўна Казлоўская (19.08.1907 — 31.03.1938). На момант ад'езду яе бацька ўжо памёр, а паралізаваная маці засталася на апецы старэйшай сястры Марыі, якая працавала настаўніцай у беларускіх школах Латгаліі.

У Менску Валянціна паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Яна ўступіла ў камсамол і працягвала актыўную грамадскую дзейнасць. Падчас вучобы пазнаёмілася са сваім будучым мужам Майсеем Шапірам, за якога неўзабаве выйшла замуж. У 1931 годзе паспяхова скончыла інстытут і атрымала дыплом урача.

Пасля заканчэння вучобы працавала лекарам у раённай бальніцы ў Тураве, нейкі час жыла ў Менску. Затым была пераведзена на працу ў амбулаторыю ваеннага гарадка № 55 у мястэчку Урэчча (цяпер Любанскі раён), дзе яе муж служыў ваенным лекарам. У сям’і нарадзілася двое сыноў.

У перыяд Вялікага тэрору Валянціна Казлоўская была арыштавана НКУС 12 снежня 1937 года. Яе беспадстаўна абвінавацілі ў тым, што яна была завербаваная латвійскімі спецслужбамі яшчэ ў 1927 годзе ў Рызе і прыбыла ў СССР са шпіёнскімі заданнямі, дзе пад псеўданімам «Лясная кветка» нібыта збірала і перадавала Латвіі сакрэтныя звесткі. 11 сакавіка 1938 года пастановай НКУС СССР і Пракурора СССР яна была асуджана да вышэйшай меры пакарання (расстрэлу) за шпіянаж на карысць Латвіі (паводле артыкула 68 Крымінальнага кодэкса БССР). Прысуд быў прыведзены ў выкананне 31 сакавіка 1938 года ў Менскай турме.

Рэабілітаваная 19 мая 1960 года. Асабовая справа Валянціны Казлоўскай (№ 16427-с) захоўваецца ў архіве КДБ Рэспублікі Беларусь.

Творчасць Літаратурную дзейнасць пачала ў 1923 годзеАнталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладанне, каментары Аксаны Данільчык, Віктара Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017, с. 320.. Свае арыгінальныя вершы, прозу і запісы беларускага фальклору публікавала пад уласным прозвішчам і пад псеўданімам Лясная Кветка.

Друкавалася ў вучнёўскіх часопісах Латвіі: «Ластаўка» (1923—1924, Люцын) і «Школьная праца» (выданне Дзвінскай гімназіі). Яе вершы змяшчаліся ў альманаху маладых паэтаў «Першы крок» (Рыга, 1926). Таксама яе вершы рэгулярна з'яўляліся на старонках газеты «Голас Беларуса» (напрыклад, патрыятычны верш, прысвечаны Янку Купалу, быў апублікаваны ў ліпені 1925 года).

Акрамя паэзіі, пісала празаічныя творы, заснаваныя на мясцовым фальклорным матэрыяле («У калядны вечар», «Легенды аб Люцынскім замку»). Займалася перакладамі з латышскай мовы на беларускую: перакладала вершы Яніса Райніса, марш латышскіх скаўтаў і іншыя творы.

У 2016 годзе ў Мінску выйшла кніга «Выбраныя творы», у якой сабрана літаратурная спадчына Валянціны Казлоўскай і іншага паэта з Латвіі Пятра СакалаЖанна Капуста, Анталогія болю, ЛіМ, № 44, 2016, http://www.oo-spb.by/index.php?id=92. Асобныя яе вершы таксама ўключаны ў анталогію беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду «Бліскавіцы» (2017)Анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду / укладанне, каментары Аксаны Данільчык, Віктара Жыбуля. — Мінск: Кнігазбор, 2017. — 448 с. .

Сям’я Муж — Майсей Ізраілевіч Шапіра, ваенны ўрач. Яго бацька, Ізраіль Хаім-Мошэ (Яфімавіч), быў дыпламаваным інжынерам-хімікам і да 1918 года саўладальнікам фармацэўтычнай фірмы «Гольдберг і Шапіра» ў Менску (якая пасля нацыяналізацыі працягнула існаваць, але Ізраіль працаваў толькі дробным служачым). Маці Майсея, Бэла Іосіфаўна, працавала настаўніцай рускай мовы. Майсей і яго брат Барыс атрымалі добрую адукацыю, дадаткова вывучалі нямецкую, французскую, іўрыт і яўрэйскую гісторыю з хатнімі настаўнікамі.

Бібліяграфія Выбраныя творы / Пятро Сакол, Валянціна Казлоўская; Мінск: Кнігазбор, 2016, 179 с.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Паэтэсы Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Перакладчыкі з латышскай мовы Катэгорыя:Пісьменніцы Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Выпускнікі Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі БДМУ Катэгорыя:Урачы Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Расстраляныя ў СССР Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Нарадзіліся 6 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1907 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Рызе Катэгорыя:Памерлі 31 сакавіка Катэгорыя:Памерлі ў 1938 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мінску