Цівалі́, прадмесце Цівалі́ — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, за Кальварыйскімі могілкамі.
Гісторыя На месцы цяперашняга кінатэатра «Аўрора» месцілася загарадная рэзідэнцыя менскіх каталіцкіх арцыбіскупаў. Па паўстаннях 1830—1831 і 1863—1864 гадоў улады Расійскай імперыі канфіскавалі маёмасць і выслалі апошняга каталіцкага біскупа.
Мясцовасць выкупіў прускі прадпрымальнік Т. Гольцберг. У сваім фальварку Гольцберг зрабіў першы ў Мінску парк актыўных атракцыёнаў. Мясціна была названа ў гонар парка актыўнага адпачынку «Цівалі», адкрытага ў Капенгагене знакамітым дацкім вандроўнікам Г. Карстэнсэнам у 1844 годзе. Праз папулярнасць праекта падобныя паркі былі створаны ў многіх еўрапейскіх гарадах.
У беларускіх Цівалях была пабудавана сядзіба, летні тэатр «Цівалі» і рэстарацыя. На ўзвышшы знаходзіўся адзіны ў ваколіцах вятрак. Раён з’яўляўся адным з культурных куткоў губернскага Мінска.Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. С. 231—232
Да 1917 года фальварак Сеніцкай воласці Мінскага павета. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі бальшавіцкія ўлады зрабілі ў Цівалях жывёлагадоўчую ферму. Фальварак пераўтвораны ў вёску, Ждановіцкі сельсавет. Да Ціваляў быў далучаны фальварак Навінкі, што месціўся побач на поўнач.
Цягам 1938 года супрацоўнікі НКУС СССР закапалі ў жывёльным могільніку вёскі Цівалі (Мінскі раён; цяпер ля кінатэатра «Аўрора», вул. Прытыцкага, Мінск) каля 300 целаў чыгуначнікаў. У той год іх незаконна расстралялі ў некалькіх гарадах Беларусі па загаду Лазара Кагановіча за стачкі дзеля спынення высылкі жыхароў Беларусі ў Сібір і Запаляр’е. У 1961 годзе салдаты Беларускага палка Міністэрства ўнутраных спраў БССР раскапалі могільнік. Сярод касцей жывёл знайшлі скручаныя калючым дротам рэшткі людзей з прастрэленымі чарапамі. Пры гэтым замест апазнання і пахавання па загаду вышэйшага камандавання чалавечыя рэшткі спалілі напалмам разам з жывёльнымі і затым закапалі ў лесе ля дарогі на Ракаў (Валожынскі раён, Мінская вобласць).
20 студзеня 1960 года вёска пералічана са складу скасаванага Мядзвежынскага сельсавета ў Ждановіцкі сельсаветРашэнне выканкома Мінскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 20 студзеня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1960, № 2.. У 1967 годзе вёска далучана да МінскаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 19 снежня 1967 г. Аб уключэнні ў мяжу горада Мінска некаторых населеных пунктаў Мінскага раёна // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 36 (1194).. Галоўная вуліца вёскі атрымала назву Кветкавая. Вёска знесеная ў 1970-я гады.
У 1992—2000 гадах хакейны клуб «Дынама» Мінск выступаў пад назвай «Цівалі», пад якім 4 разы станавіўся чэмпіёнам Беларусі па хакеі з шайбай
Сучаснасць У наш час пра існаванне прадмесця нагадвае аднайменны парк паміж вуліцамі Прытыцкага, Пятра Глебкі і МатусевічаРешение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва № 274 от 22.12.2006: Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска, што месціцца ў раёне колішняга фальварка Шырокае Балота.
У 2017 годзе запланаваная станцыя Чацвёртай лініі Мінскага метрапалітэна атрымала назву Цівалі.
У культуры У 1994 годзе Сяргей Законнікаў напісаў паэму «Цівалі» ў гонар чыгуначнікаў Беларусі, забітых у 1938 годзе за спыненне цягнікоў з ссыльнымі. Паэма складалася з 15 частак: Уступ, На Беларусі мор, Ноч, Раніца, Сон Лысоні, Сон Варанога, Сон машыніста Калейкі, Пекла, Жалезны наркам, Статак, Наш дзень, Мне чуецца гул грамадзянскай вайны, Лёс, Апошні шанц, Эпілог. 24 кастрычніка 2012 года ў Мінску адбылася прэм’ера дакументальна-публіцыстычнага фільму «Цівалі» рэжысёркі Галіны Самойлавай аб расстраляных чыгуначніках. 29 кастрычніка фільм паказаў спадарожнікавы тэлеканал «Белсат» (Варшава, Польшча).
Літаратура Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
Катэгорыя:Гістарычныя раёны Мінска Катэгорыя:Населеныя пункты, якія ўвайшлі ў склад Мінска