Старына, часам Старынкі або Старына-Сетнае — былая вёска ў Уздзенскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Шаць.

Гісторыя Засценак Старына вядомы прынамсі з сярэдзіны XVIII стагоддзя, калі ён адносіўся да дамена Шацк, уласнасць Аскеркаў. Уваходзіў у склад Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага С. 310..

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Ігуменскім павеце Мінскай губерні. Жыццё Юзафа Габрыеля Аскеркі не па сродках вычарпала яго рэсурсы і прывяло да эксдывізіі ў канцы 1812 года, якая працягвалася да 1816 года. У выніку эксдывізійнага суда Старыну атрымалі Матусевічы.

Пасля 1861 года ў складзе Шацкай воласці Ігуменскага павета. У 1876 годзе засценкам валодалі праваслаўныя дваране Іпаліт Іванавіч Матусевіч (110 дзесяцін зямлі) і Ануфрый Іванавіч Матусевіч (70 дзесяцін). У 1888 годзе засценкам валодалі праваслаўныя дваране Антон Феліцыянавіч Матусевіч (20 дзесяцін), Іпаліт Іванавіч Матусевіч (110 дзесяцін) і Ануфрый Іванавіч Матусевіч (100 дзесяцін), ва ўрочышчы Старына землеўладальнікам быў мешчанін рыма-каталіцкага веравызнання Карл Вікенцевіч Старушкевіч (50 дзесяцін).

У 1913 годзе буйным землеўладальнікам у Старыне быў Ануфрый Матусевіч (120 дзесяцін). У перапісе 1917 года згадваецца як Старына-Сетнае, праз блізкасць да засценка Сетнае.

З канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).

З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. У 1926 годзе былі хутары Старына (6 двароў) і пасёлак Старына (10 двароў).

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі.

У наш час не існуе.

Насельніцтва

1908 год — 5 двароў, 40 жыхароў 1917 год — 4 двары, 29 жыхароў, з іх 16 беларусаў і 13 палякаў

Крыніцы

Літаратура