Ча́шніцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Віцебскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Чашнікі.

Геаграфія Раён размешчаны ў паўднёвай частцы Віцебскай вобласці, мяжуе з Бешанковіцкім, Лепельскім, Сенненскім, Талачынскім раёнамі Віцебскай вобласці, Крупскім і Барысаўскім раёнамі Мінскай вобласці.

Паверхня раёна плоскахвалістая, пераважна ў межах Чашніцкай раўніны. На захадзе тэрыторыя ўзгорыстая. Тут платопадобныя ўчасткі Лукомскага ўзвышша. 34 % тэрыторыі размешчаны на вышыні 160—180 м над узроўнем мора, 50 % ніжэй 160, 10 % — вышэй за 200 м. Глыбіня расчлянення рэльефу да 15 м/км², у некаторых мясцінах даходзіць да 30—50 м/км². Найвышэйшая кропка раёна — гара Спаская (256,7 м над узроўнем мора), якая знаходзіцца за 2 км на паўночны усход ад вёскі Дабрамыслі Новазаранскага сельсаветаПасанен В. Э., Дикусар Е. А., Стёпин С. Г. Горные вершины Витебской области. — Минск: Право и экономика, 2016. — 162 с. — ISBN 978-985-552-569-2. С.11. Ніжэйшая адзнака — урэз ракі Улы ля вёскі Дзямідавічы на мяжы з Бешанковіцкім раёнам — 122 м.

У раёне маюцца радовішчы глін, пясчана-жвіровага матэрыялу, сапрапеляў, торфу.

Рэкі Чашніччыны адносяцца да Верхнедняпроўскага і Верхневілейскага гідралагічных раёнаў. Найбольш значнымі з’яўляюцца Ула з прытокамі Лукомка і Усвейка, Эса. Апроч іх праз тэрыторыю раёна працякаюць рэкі — Байна, Югна, Верацея і інш. Агульная даўжыня асушальнай сеткі 8,7 тыс. км., у т. л. адрэгуляваных водапрыёмнікаў больш за 60 км, магістральных і падводных каналаў 473 км, рэгуляцыйных каналаў больш за 490 км.

У раёне звыш 70 азёр. Найбольш вялікія — Лукомскае, Жэрынскае, Чарэйскае, Баярскае. Іншыя: Глыбочына.

Пад лесам у раёне знаходзіцца 24 % тэрыторыі. Прадстаўлены лясы елкай і сасной, якія займаюць 60 % усяго лесафонду. Лісцёвыя лясы займаюць 10 %. Гэта бяроза, асіна, вольха шэрая і чорная. Астатняя тэрыторыя — змешаныя лясы.

У лясах раёна можна сустрэць лася, дзіка, казулю, ваўка, лісіцу, куніцу, гарнастая, вавёрку, зайца-беляка і зайца-русака, норку еўрапейскую, бабра, выдру, андатру, вожыка, янотападобнага сабаку, барсука, ласку і інш. У лясах мноства птушак: шэрыя і белыя курапаткі, глухары, рабчыкі, качкі, гусі, цецерукі, вальдшнепы, бекасы, гарснепы, совы, сарокі, вароны, буслы, вераб'і, жаўрукі, сойкі, удоды, дразды-рабіннікі, чорныя дразды, шызаваронкі, салаўі, сініцы, малінаўкі, крумкачы, ястрабы-цецерукоўнікі і ястрабы-перапялятнікі, канюкі, скапы. У апошнія гады назіраецца значнае павелічэнне колькасці чаек, асабліва на Лукомскім возеры.

На тэрыторыі раёна знаходзяцца частка (360 га) рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Сялява» і 4 заказнікі мясцовага значэння:

Біялагічны заказнік «Зялёнае Ляда». Біялагічны заказнік «Ліпнікі». Біялагічны заказнік «Саснягі». Геалагічны заказнік «Хвашчавое».

Гісторыя Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Віцебскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Чашнікі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Альшанскі (Вялікаальшанскі), Асташоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Пачаевіцкі, Цяпінскі, Чашніцкі. 24 верасня 1926 года Чашніцкі сельсавет скасаваны. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 1 красавіка 1931 года Асташоўскі сельсавет перайменаваны ў Вяжоўскі. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Бачэйкаўскі сельсавет Бешанковіцкага раёна; Сокараўскі сельсавет скасаванага Ульскага раёна; Вяцерскі, Гільскі (Гілянскі), Замацкі, Лукомльскі, Слідчанскі, Стражэвіцкі, Чарэйскі сельсаветы скасаванага Чарэйскага раёна. 25 ліпеня 1931 года Бачэйкаўскі і Сокараўскі сельсаветы перададзены Бешанковіцкаму раёну. З 21 чэрвеня 1935 года раён у складзе Лепельскай акругі, з 20 лютага 1938 года — у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Чашнікі атрымалі статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Вяцерскі, Гільскі, Замацкі і Стражэвіцкі сельсаветы, утвораны Старасельскі сельсавет, які скасаваны 1 красавіка 1960 года. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Чашнікі, Альшанскі, Вяжоўскі, Дварэцкі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі сельсаветы перададзены Бешанковіцкаму раёну.

6 студзеня 1965 года раён адноўлены, уключаў гарадскі пасёлак Чашнікі і 11 сельсаветаў: Альшанскі, Вяжоўскі, Іванскі, Лазукоўскі, Лукомльскі, Пачаевіцкі, Слідчанскі, Цяпінскі і Чарэйскі Бешанковіцкага раёна, Кашчынскі і Красналуцкі Лепельскага раёна. 16 жніўня 1965 года ўтвораны Латыгаліцкі сельсавет, скасаваны Вяжоўскі сельсавет. 31 снежня 1965 года ўтвораны гарадскі пасёлак Новалукомль. 7 лютага 1966 года гарадскі пасёлак Чашнікі атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 22 жніўня 1967 года пасёлак торфапрадпрыемства «1 Мая» перайменаваны ў рабочы пасёлак Акцябрскі. 7 чэрвеня 1968 года Слідчанскі сельсавет перайменаваны ў Антапольскі. 31 ліпеня 1970 года гарадскі пасёлак Новалукомль атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна 11 сельсаветаў, 249 населеных пунктаў. 22 красавіка 1980 года Кашчынскі сельсавет перайменаваны ў Новазаранскі, Лазукоўскі — у Кругліцкі, Цяпінскі — у Празямлянскі. 20 кастрычніка 1995 года Чашніцкі раён і горад Чашнікі аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года рабочы пасёлак Акцябрскі аднесены да катэгорыі сельскіх населеных пунктаў (пасёлак), скасаваны Акцябрскі пассавет, Латыгаліцкі, Пачаевіцкі і Чарэйскі сельсаветыРешение Витебского областного Совета депутатов от 8 апреля 2004 г. № 55 Об изменении административно-территориального устройства районов Витебской области . 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Антапольскі сельсаветРешение Витебского областного Совета депутатов от 10 октября 2013 г. № 292 Об изменении административно-территориального устройства некоторых районов Витебской области .

Насельніцтва Насельніцтва раёна складала 41,2 тыс. у 2001; 38,4 тыс. чал. у 2005. На 1.01.2009 36,0 тыс. чал. у т.л. гарадское насельніцтва складае 23,6 тыс., сельскае насельніцтва — 12,4 тыс. чал.

Буйнейшых населеным пунктам Чашніцкага раёна з’яўляецца горад Новалукомль (14,1 тыс. чал.). Раённы цэнтр — горад Чашнікі (9,5 тыс. чал.), размешчаны на рацэ Ула (левы прыток Заходняй Дзвіны), за 95 км ад Віцебска, 190 км ад Мінска, 3 км ад чыгуначнай станцыі Чашнікі на лініі Орша-Лепель. Аўтамабільнымі дарогамі злучаны з Лепелем, Новалукомлем, Сянном.

Сярод сельскіх паслелішчаў найбольш значныя вёскі Антаполле, Альшанка, Вялікая Вядрэнь, Гілі, Іванск, Красналукі, Кругліца, Латыгалічы, Лукомль, Новая Зара, Пачаевічы, Цяпіна, Чарэя, Дварэц.

Гаспадарка Буйнейшыя прамысловыя прадпрыемствы: Завод керамзітавага гравію, ААТ Завод «ЭЛАСТ», ААТ Завод «Этон», ААТ Лукомская ДРЭС Новалукомскі малочны завод, ААТ Папяровая фабрыка «Чырвоная зорка», ААТ Чашніцкі завод харчовых прадуктаў, КУПП Чашніцкі льнозавод, ААТ

Славутасці

Троіцкая (Белая) царква ў 5 км ад Чашнікаў, на беразе возера Белае. (пач. XVI ст.) Сядзіба графа В. І. Валадковіча ў Іванску. (2-я пал. XIX — пач. XX ст.) Свята-Мікалаеўская царква, Браздзецкая Слабада

Сацыяльная сфера

Адукацыя

Сістэма адукацыі Чашніцкага раёна прадстаўлена навучальнымі ўстановамі рознага тыпу. У 2017 годзе ў раёне дзейнічала 17 устаноў дашкольнай адукацыі: яслі-сад — 8, дзіцячыя сады — 2, вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-школа» — 7. У 2017/2018 навучальным годзе дзейнічала 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучалася 2976 вучняў. Навучальны працэс у школах забяспечвалі 402 настаўнікіАсвета. Чашніцкі раён.

Ахова здароўя Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ў Чашніцкім раёне ажыццяўляюць: Новалукомльская цэнтральная раённая бальніца, Чашніцкая бальніца, Навазорская бальніца сястрынскага догляду, амбулаторыі агульнай практыкі, брыгады хуткай медыцынскай дапамогі, фельчарска-акушэрскія пункты: Антапольскі ФАП (в. Антаполле); Вядрэньскі ФАП (аг. Малая Вядрэнь); Вяцерскі ФАП (в. Вяцера); Грынькоўскі ФАП (в. Грынькі); Дварэцкі ФАП (аг. Дварэц); Замачкаўскі ФАП (в. Замачак); Іванскі ФАП (аг. Іванск); Кругліцкі ФАП (в. Кругліца); Латыголіцкі ФАП (в. Латыголічы); Лукомльскі ФАП (аг. Лукомль); Альшанскі ФАП (аг. Альшанка). Функцыянуюць аптэкіМедыцына. Чашніцкі раён.

Вядомыя асобы Павел Рыгоравіч Барадаўка — поўны кавалер ордэна Славы. Ягор Ягоравіч Батальёнак (1946, Вялікія Труханавічы) — беларускі мастак. Леанід Уладзіміравіч Буткевіч (1918, в. Хотліна — 1985) — Герой Савецкага Саюза. Аляксандр Мікітавіч Віташкевіч — Герой Сацыялістычнай Працы. Васіль Аляксандравіч Дзямідаў (1921, Чарэя) — Герой Савецкага Саюза. Іван Міхайлавіч Краснік (1906, в. Іванск — ?) — Герой Савецкага Саюза. Яўген Гаўрылавіч Навіцкі (1912, вёска Копцевічы — 1997) — Герой Савецкага Саюза. Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч (1887, в. Красналукі — 1938) — грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст. Сяргей Фаміч Пшонны (1922, Кушняроўка — 1994) — Герой Савецкага Саюза. Марцін Акімавіч Сурын — Герой Савецкага Саюза. Алесь Шашкоў — беларускі пісьменнік.

Гл. таксама Чырвоны прамень

Крыніцы

Літаратура Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987. Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Чашніцкага раёна / рэдкал. М. Ц. Дробыш [і інш.]. — Мн., 1997.

Спасылкі Спіс населенных пунктаў Чашніцкага раёна па сельсаветах Рэсурс Віцебскай абласной бібліятэкі "Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць" Чашники. NET : інфармацыйны партал горада Чашніцкі раён на radzima.org Чашніцкі раённы выканаўчы камітэт. Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1924 годзе Катэгорыя:Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе Катэгорыя:Раёны, утвораныя ў 1965 годзе