Ала Купрыянаўна Галубовіч (, Тбілісі, Грузія) — беларуская гісторык, архівіст.
Біяграфія Нарадзілася 6 красавіка 1945 года ў Тбілісі.
У 1962 годзе скончыла сярэднюю школу № 11 г. Віцебска, у 1970 годзе — гістарычны факультэт БДУ імя У. І. Леніна.
З ліпеня 1970 года працавала навуковым супрацоўнікам у Віцебскім краязнаўчым музеі. Са жніўня 1975 па 1982 год — старшы захавальніца фондаў, навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік аддзела забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў і аддзела навукова-даведачнага апарату ЦДГА БССР у Мінску.
У красавіку 1982 — снежні 1984 года — інспектар навукова-выдавецкага аддзела Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў БССР. Са студзеня 1985 па снежань 1992 года — загадчыца чытальнай залы, загадчыца аддзела інфармацыі, публікацыі і навуковага выкарыстання дакументаў ЦДГА БССР.
У студзені 1993—1995 гадах — намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (комплекс дакументаў XIV — пачатку XX ст. былога ЦДГА БССР). Са жніўня 1995 па 2012 год — дырэктар Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
З’яўлялася членам Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Археаграфічнай камісіі Белкамархіва, Тапанімічнай камісіі пры Мінгарвыканкаме, узначальвала Вучоны савет НГАБ.
Брала ўдзел у падрыхтоўцы і выданні навуковых даведнікаў, зборнікаў і манаграфій, апублікаваных архівам, у падрыхтоўцы матэрыялаў для гісторыка-дакументальных хронік гарадоў і раёнаў Беларусі (серыя «Памяць»), даследавала гісторыю архіва князёў Радзівілаў, праблемы захавання і выкарыстання дакументальнай спадчыны Беларусі. Аўтар шматлікіх артыкулаў і радыёперадач па гісторыі Беларусі.
Узнагароды Узнагароджана ганаровымі граматамі і падзякамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Галоўнага архіўнага ўпраўлення пры Савеце Міністраў СССР, БССР, міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь, медалём «Ветэран працы», нагрудным знакам «Ганаровы архівіст Беларусі» (2004).
Крыніцы
Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі