«Успаміны пра Джэйн Осцін» () — мемуарная біяграфія брытанскай раманісткі Джэйн Осцін, выдадзеная ў 1869 годзе яе пляменнікам Джэймсам Эдвардам Осцін-Лі. Другое выданне выйшла ў 1871 годзе, і ў яго ўвайшлі раней не выдадзеныя творы Джэйн Осцін. Гэта біяграфія была сямейным праектам: хоць яна і была напісана Джэймсам Эдвардам Осцін-Лі, яна шмат у чым абапіралася на ўспаміны шматлікіх сваякоў Джэйн Осцін. Аднак на падбор даступных для біяграфіі крыніц у першую чаргу паўплывала рашэнне сястры пісьменніцы, Касандры Осцін, знішчыць мноства лістоў Джэйн пасля яе смерці.

Осцін-Лі апісаў сваю «мілую цётачку Джэйн» у выключна хатнім святле — як чалавека, які не цікавіўся славай і пісаў толькі ў вольны час. Аднак рукапісы, прыкладзеныя да другога выдання, дазваляюць меркаваць, што Джэйн Осцін праяўляла жывую цікавасць да рэдагавання сваіх твораў і, магчыма, была менш задаволеная жыццём, чым яе апісваў Осцін-Лі. «Успаміны» не ставяць сабе за мэту расказаць гісторыю жыцця Джэйн Осцін без утойвання. У адпаведнасці з віктарыянскімі канонамі біяграфічнага жанру, многія асабістыя звесткі не выдаваліся, аднак у сям’і ўзнікалі рознагалоссі наконт таго, якую частку інфармацыі варта раскрываць, — напрыклад, адносна рамантычных захапленняў Осцін.

«Успаміны» пазнаёмілі шырокую публіку з творчасцю Джэйн Осцін, выклікаўшы цікавасць да раманаў, якія да таго часу чытала толькі літаратурная эліта. Больш за паўстагоддзя гэтая кніга заставалася галоўнай біяграфічнай працай пра пісьменніцуThe British Library (2019). A Memoir of Jane Austen. [online] The British Library. Available at: https://www.bl.uk/collection-items/a-memoir-of-jane-austen [Accessed 30 Jan. 2019]..

Гісторыя стварэння

У канцы 1860-х гадоў сям’я Осцін вырашыла скласці жыццяпіс Джэйн Осцін. Смерць сэра Фрэнсіса Осціна, апошняга з яе братоў і сясцёр, які заставаўся ў жывых, а таксама сталы ўзрост тых, хто яшчэ захоўваў пра яе якія-небудзь успаміны, заахвоцілі сям’ю сабраць наяўныя дакументы і пачаць запісваць свае мемуары. У той жа час расла і грамадская цікавасць да Джэйн Осцін, і сям’я занепакоілася, што біяграфію можа напісаць хтосьці пабочны або прадстаўнікі іншай галіны сям’і. Таму Джэймс Эдвард Осцін-Лі, як прадстаўнік старэйшай галіны роду, узяўся за гэты праект, «якім рухала жаданне не столькі данесці інфармацыю, колькі падвергнуць яе цэнзуры». Пры дапамозе і падтрымцы сваіх сясцёр і пляменніц Джэйн Осцін ён збіраў матэрыялы. Біяграфія была ў значнай ступені плёнам працы Джэймса Эдварда Осціна-Лі, ягонай адзінакроўнай сястры Джэйн Эн Элізабэт Осцін Лефрой, ягонай малодшай сястры Кэралайн Мэры Крэйвен Осцін і іхняй стрыечнай сястры Кэсі Эстэн (Cassy Esten).

Аднак, як адзначае даследчыца творчасці Осцін Кэтрын Сазерленд у сваёй прадмове да оксфардскага выдання «Успамінаў», біяграфія Осцін-Лі адлюстроўвае пункт гледжання «стывентанскай» (або «хэмпшырскай») галіны Осцінаў, для якой Джэйн Осцін была «аматаркай прыроды, рэлігійнай, хатняй жанчынай з сярэдняга класа». У той жа час «годмершэмская» (або «кенцкая») галіна Осцінаў лічыла Джэйн Осцін «больш замкнёнай і страснай… удасканаленай і, воляй-няволяй, палепшанай зносінамі са знатнай райнёй». Больш за тое, як пісала Кэралайн, «пакаленне, якое ведала яе, адыходзіць». Значная частка біяграфіі заснавана на ўспамінах тых, хто ведаў Джэйн Осцін толькі ў дзяцінстве, калі яна была іхняй цёткай; астатняя частка — на пісьмовых дакументах, якія перадаваліся ў сям’і з пакалення ў пакаленне.

Як тлумачыць Сазерленд, «асноўнымі складнікамі „Успамінаў“, гэтаксама як і іхнім благавейным тонам, мы, так ці інакш, абавязаны Касандры Осцін». Касандра была душапрыказчыцай Джэйн і пасля яе смерці несла адказнасць за захаванне і знішчэнне ўсіх астатніх лістоў і рукапісаў. Па словах адной з пляменніц Джэйн Осцін, Кэралайн Осцін, Касандра «прагледзела [лісты] і спаліла бо́льшую іхнюю частку (як яна мне казала) за 2 ці 3 гады да сваёй смерці. Некаторыя яна пакінула або аддала ў спадчыну пляменніцам, але ў некалькіх з тых, што я бачыла, былі выкраслены ўрыўкі». Такім чынам, падчас працы над «Успамінамі» Осцін-Лі не меў доступу да значнай колькасці лістоў Джэйн Осцін. Акрамя таго, астатнія лісты былі разрозненыя, паколькі перайшлі да розных людзей па завяшчанні; поўны збор захаваных лістоў Джэйн Осцін быў складзены толькі ў 1932 годзе.

Магчыма, паміж нашчадкамі існавалі рознагалоссі адносна таго, які аб’ём інфармацыі варта схаваць ад абнародавання, асабліва ў тым, што тычылася рамантычных захапленняў Джэйн Осцін. Напрыклад, у першым выданні «Успамінаў» сцвярджалася: «У мяне няма прычын меркаваць, што яна калі-небудзь адчувала прыхільнасць, якая хоць неяк паўплывала б на шчасце яе жыцця». Гэты сказ быў выдалены з другога выдання, дзе ўжо змяшчаліся намёкі на дзве рамантычныя прыхільнасці і рабілася выснова: «Я не магу сказаць, ці былі яе пачуцці такія, каб паўплываць на яе шчасце». Аднак падобная стрыманасць была ўласцівая не толькі сям’і Осцін — яна была тыповай для біяграфій сярэдзіны віктарыянскай эпохі.

Публікацыя

Джэймс Эдвард Осцін-Лі пачаў пісаць «Успаміны» 30 сакавіка 1869 года і скончыў іх праз пяць месяцаў, у верасні. Кніга была апублікавана 16 снежня 1869 года (хоць на тытульным лісце быў пазначаны 1870 год) тыражом каля 1000 асобнікаў. У 1871 годзе Осцін-Лі апублікаваў другое выданне, якое змяшчала дадатковыя лісты, сямейныя дакументы і біяграфічныя матэрыялы. Ён таксама ўключыў у яго фрагменты няскончаных і неапублікаваных рукапісаў Джэйн Осцін, а менавіта: раздзел, выдалены Осцін з рамана «Перакананне», і ўрыўкі з твораў «Сэндытан», «Лэдзі Сьюзан» і «Уотсаны».

Як франтыспіс да «Успамінаў» быў выкарыстаны партрэт Джэйн Осцін, напісаны Джэймсам Эндрусам з Мейдэнхеда. Грунтуючыся на «лёгкім акварэльным накідзе», зробленым Касандрай каля 1810 года, Эндрус стварыў прафесійны партрэт, які паслужыў арыгіналам для стальной гравюры. Як адзначае Сазерленд, «ягонае адрозненне ад арыгінала Касандры відавочнае нават пры самым хуткім поглядзе. Яе грубаваты алоўкава-акварэльны накідак паказвае жанчыну з вострымі рысамі твару, сціснутымі вуснамі, няўсмешлівую, нават пагардлівую і замкнёную; у віктарыянскай жа версіі партрэта твар змякчаны, яго выраз больш падатлівы, а позірк толькі задуменна адведзены ўбок». Эндрус надаў вялікую ўвагу дэталям сукенкі і крэсла Осцін. Кэсі Эстэн, якая валодала арыгінальным накідам, пісала пра партрэт:

Апісанне

«Успаміны» — гэта «сумесь разнародных звестак, а не стройны жыццяпіс, уласцівы для гісторыка-псіхалагічных біяграфій канца XX стагоддзя; гэта хаатычны і неўпарадкаваны набор» падрабязнасцей, такіх як апісанні адзення, «панегірык прадзенню» і адступленне на тэму валійскага паходжання некаторых сваякоў Осцін. Акрамя таго, біяграфія не ставіць сабе за мэту выкласці ўсю праўду без прыкрас. Напрыклад, сям’я ўтаіла існаванне яшчэ аднаго брата, Джорджа Осціна, які меў асаблівасці развіцця, і прадставіла Эдварда Осціна другім братам замест трэцяга. Яны таксама прамаўчалі пра арышт і турэмнае зняволенне місіс Лі-Перат, цёткі Джэйн Осцін, за крадзеж у краме ў Баце. Па мерках біяграфій XIX стагоддзя, «ніводны з гэтых выпадкаў замоўчвання не з’яўляецца дзіўным».

Сама Джэйн Осцін апісваецца як «шчаслівая постаць, якая пазбягае славы і прафесійнага статусу, чыё жыццё засяроджана на доме і сям’і, і якая піша толькі ў перапынках паміж выкананнем важных абавязкаў адданай дачкі, сястры і цёткі». Аднак рукапісы, апублікаваныя разам з біяграфіяй, малююць іншы вобраз: вобраз пісьменніцы, якая ўвесь час змагалася з тэкстам і бясконца яго правіла, уладальніцы «неспакойнага і сарданічнага духу».

Успрыманне і спадчына Кніга аказала «неадкладны» і «неацэнны» ўплыў на грамадскае ўспрыманне Джэйн Осцін. Яна абудзіла цікавасць да творчасці пісьменніцы, якую на працягу паўстагоддзя чыталі амаль выключна прадстаўнікі літаратурнай эліты, і папулярнасць Осцін рэзка ўзрасла. Публікацыя «Успамінаў» таксама паслужыла штуршком да перавыдання раманаў Осцін. Першыя масавыя выданні выйшлі ў 1883 годзе — гэта была серыя выдавецтва Routledge коштам у шэсць пенсаў. За імі рушылі ўслед раскошныя ілюстраваныя выданні, калекцыйныя зборы твораў і навуковыя выданні.

У 1926 годзе была апублікавана версія, заснаваная на выданні 1871 года, з прадмовай, заўвагамі і паказальнікам Р. У. Чапмэна.

Вобраз «мілай цётачкі Джэйн», прадстаўлены ў біяграфіі, не падвяргаўся сур’ёзнаму перагляду да 1940 года, калі псіхолаг Д. У. Хардынг заявіў пра наяўнасць у творах Осцін «рэгуляванай нянавісці». За выключэннем выдання Хардынга 1965 года, «сур’ёзнай рэдактарскай працы з „Успамінамі“ не вялося, і ім надавалася мала ўвагі з боку крытыкаў». Тым не менш, як піша Сазерленд, «Джэймс Осцін-Лі <…> стварыў буйную працу ў галіне осцінаўскай біяграфіі», якую называюць «першакрыніцай усіх наступных біяграфічных прац».

Гл. таксама Успрыманне творчасці Джэйн Осцін

Крыніцы

Літаратура

)

Спасылкі A Memoir of Jane Austen у Архіве Інтэрнэту і праекце «Гутэнберг». Аўдыёкніжка «A Memoir of Jane Austen» у вольным доступе на LibriVox.

Катэгорыя:Літаратурныя мемуары Катэгорыя:Біяграфіі брытанскіх пісьменнікаў Катэгорыя:Творы пра Джэйн Осцін