Вітольд Абрамовіч (; Czy wiesz kto to jest? / red. S. Łoza. — Warszawa: Wydawnictwo Głównej Księgarni Wojskowej, 1938, s. 2.) — польскі грамадскі і палітычны дзеяч з Віленшчыны, дэпутат Сойма Сярэдняй Літвы і Заканадаўчага Сойма Польскай Рэспублікі, дэпутат Сената Польскай Рэспублікі 2-га і 3-га склікання.
Біяграфія Нарадзіўся ў Калузе ў сям’і суддзяў Яна і Марыі (у дзявоцтве Мрачкоўскай). Скончыў філалагічную гімназію ў Маскве, вывучаў матэматыку ў Санкт-Пецярбургскім і Маскоўскім універсітэтах, а таксама права ў Варшаўскім і Харкаўскім універсітэтах. Скончыў апошні ў 1898 г. Пасля вучобы працаваў юрысконсультам у чыгуначным упраўленні (у Вільні і ў Харкаве). З 16 лістапада 1899 г. жанаты з Вандзе Буднай.
З 1901 г. ён займаўся палітычнай дзейнасцю — быў членам Польскай сацыялістычнай партыі (ППС). Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гг. і пасля яе належаў да дэмакратычна-ліберальнай плыні руху краёўцаў. Пасля рэвалюцыі прымаў удзел у масонскім руху ў Вільні, належаў да ложаў «Лучнасць», «Літва», «Верны Літвін». У 1911 г. разам з братам Людвікам арганізаваў выданне штотыднёвай газеты «Przegląd Wileński», быў членам яе рэдакцыйнага камітэта ў 1911—1915 гг.. Ва ўступным артыкуле дадзенага выдання ад 12 лістапада 1911 г. размясціў свой артыкул «Маладая Беларусь», у якім знаёміў чытачоў з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, падрабязна асвятляў дзейнасць «Нашай нівы», вітаў імкненне беларусаў «гаварыць пра ўласныя беды на роднай мове». У 1912 г. увайшоў у склад Часовага дэмакратычнага выбарчага камітэта, які спрабаваў аб’яднаць усе дэмакратычныя сілы Віленскай губерні на выбарах у IV Дзяржаўную Думу вакол кандыдатуры Браніслава Крыжаноўскага. У 1913 г. быў абраны ў Віленскую гарадскую думу.
Пасля пачатку Першай сусветнай вайны падтрымліваў кантакты з польскімі незалежніцкімі арганізацыямі, выступаў за адраджэнне Рэчы Паспалітай у форме федэрацыі Польшчы з Беларуссю, Літвой і Ўкраінай. У верасні 1915 г., пасля германскай акупацыі Вільні, увайшоў у склад Віленска-Ковенскага грамадзянскага камітэта, які прэтэндаваў на ролю агульнакраёвага прадстаўніцтва і ўключаў у свой склад прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў краю, аднак хутка распаўся праз нацыянальныя супярэчнасці. У 1916 г. увайшоў у склад Польскага камітэта ў Вільні, які паўстаў на аснове створанага яшчэ ў 1914 г. Польскага камітэта дапамогі ахвярам вайны і быў, з аднаго боку, дабрачыннай арганізацыяй, з другога, цэнтрам арганізацыі ўсіх польскіх грамадска-палітычных сіл Віленшчыны. Падчас нямецка-савецкіх мірных перамоў у Брэсце падпісаў шэраг дакументаў у снежні 1917 — лютым 1918 гг. ад імя Аб’яднаных польскіх палітычных партый на Літве, адрасаваных германскім уладам, у якіх сцвярджалася права нацый на самавызначэнне і адстойвалася ідэя федэрацыі Польшчы і Літвы. У студзені — сакавіку 1918 г. удзельнічаў у складзе дэлегацыі Польскага камітэта з прадстаўнікамі Літоўскай Тарыбы, якія не прынеслі вынікаў, паколькі дзеячы літоўскага нацыянальнага руху стаялі ў гэты час на пазіцыях поўнай незалежнасці Літвы, што адлюстравалася ў акце 16 лютага 1918 г.. У апошнія месяцы германскай акупацыі ў 1918 г. выдаваў у Вільні нелегальную газету «W Przededniu».
Пасля сканчэння Першай сусветнай вайны і ва ўмовах вываду германскіх войскаў з акупаваных тэрыторый у снежні 1918 г. увайшоў у склад створанай польскімі грамадска-палітычнымі дзеячамі Нацыянальнай рады і Часовай урадавай камісіі ў Літве, што на мяжы 1918—1919 гг. прэтэндавалі на ўладу на Віленшчыне. Пасля таго як у красавіку 1919 г. Вільня была занята польскімі войскамі, стаў бурмістрам горада. Працягваў падтрымліваць федэралістычную ідэю палітычнага ўладкавання земляў былой Рэчы Паспалітай.
Пасля паўстання на чале з генералам Люцыянам Жалігоўскім 9 кастрычніка 1920 г. увайшоў у склад Часовай кіруючай камісіі Сярэдняй Літвы і падпісаў яе зварот «Да народа Сярэдняй Літвы»Do ludności Litwy Środkowej // Dziennik Urzędowy Tymczasowej Komisji Rządzącej ,Nr 1 z 17 listopada 1920, s. 1-2, Tymczasowa Komisja Rządząca.Odezwa rządu Litwy środkowej // Kurier Warszawski", Nr 296, z 25 października 1920, s. 1-2.Gierowska-Kałłaur J. Straż Kresowa wobec kwestii białoruskiej. Deklaracje i praktyka // Studia z Dziejów Rosji i Europy Środkowo-Wschodniej", XLIV, 2009, s. 32.. 12 кастрычніка 1920 г. ён быў прызначаны Вярхоўным галоўнакамандуючым арміі Сярэдняй Літвы Люцыянам Жалігоўскім на пасаду дырэктара Дэпартамента ўнутраных спраўDekret no 2 Naczelnego dowódcy Wojsk Litwy Środkowej // Dziennik Urzędowy Tymczasowej Komisji Rządzącej, Nr 1, z 17 listopada 1920, s. 2. Tymczasowa Komisja Rządząca..
У студзені 1922 г. быў абраны дэпутатам Сойма Сярэдняй Літвы ад Польскага дэмакратычнага выбарчага камітэта. У сойме ўзначаліў фракцыю Дэмакратычнага клуба, у якая складалася з чатырох дэпутатаў. Члены дадзенай фракцыі падтрымлівалі ідэю далучэння Сярэдняй Літвы да Польшчы, але з захаваннем яе аўтаномііSejm Wileński 1922: przebieg posiedzeń według sprawozdań stenograficznych w opracowaniu kancelarji sejmowej. — Wilno: Wyd-wo Księgarni Józefa Zawadzkiego, 1922. — S. VII—VIII, XI.. Пасля аб’яднання Сярэдняй Літвы з Польскай Рэспублікай у 1922 г. стаў дэпутатам Устаноўчага сойма апошняй.
Выступаў за кампраміс з нацыянальнымі меншасцямі на паўночна-ўсходніх тэрыторыях Польскай Рэспублікі. Удзельнічаў у стварэнні Польска-беларускага таварыства ў 1924 г. з сядзібай у Вільні. Член Краёвага народнага аб’яднання літоўска-беларускіх земляў «Згуртаванне» з 1927 г.Wojtacki M. Krajowe Stronnictwo Ludowe Ziem Litewsko-Białoruskich «Zjednoczenie» i jego organ prasowy «Wioska» w kampanii wyborczej do Sejmu II kadencji (1928—1930) // Historia i Polityka, Nr 13(20), 2015, s. 132. Двойчы, у 1928 і 1930 гг., атрымліваў мандат сенатара 2-га і 3-га склікання ў парламенце Польскай Рэспублікі ад спісу Беспартыйнага блока супрацоўніцтва з урадам на ВіленшчынеKto był kim w Drugiej Rzeczypospolitej, red. J. Majchrowski. — Warszawa: BGW, 1994. — S. 580..
У 1930-я гг. стаў падтрымліваць апазіцыю. Крытыкаваў палітыку віленскага ваяводы Людвіка Бацянскага, які праводзіў актыўную палітыку паланізацыі. У 1938 г. заснаваў у Вільні Дэмакратычны клуб, а ў 1939 г. уступіў у Дэмакратычнае аб’яднанне.
Пасля таго, як савецкая армія захапіла ўсходнія тэрыторыі Польскай Рэспублікі, 25 верасня 1939 г. быў арыштаваны НКВД, утрымліваўся ў турме ў Вілейцы. 5 ліпеня 1940 г. быў асуджаны на 5 гадоў зняволення ў лагеры ў Салікамску Пермскай вобласці. Паводзе адных звестак, памёр 6 верасня 1940 г. у лагеры ў Свярдлоўскай вобласці, паводле іншых, апошні раз яго бачылі ў 1941 г.https://senat.edu.pl/historia/senat-rp-w-latach-1922-1939/senatorowie-ii-rp/senator/witold-abramowicz Месца пахавання застаецца невядомым.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1874 годзе Катэгорыя:Дэпутаты Заканадаўчага сейма Катэгорыя:Палітыкі Сярэдняй Літвы Катэгорыя:Кавалеры Крыжа Незалежнасці Катэгорыя:Нарадзіліся ў Калузе Катэгорыя:Выпускнікі ВНУ Харкава