Беларуская абшчына літоўцаў — колішняе рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў у Беларусі, якое існавала ў 1994-2021 гадах. Сядзіба размяшчалася ў Мінску па адрасе праспект Ф. Скарыны, 91, пакой 34.
Беларуская абшчына літоўцаў спрыяла дзейнасці літоўскіх арганізацый у Беларусі, захаванню і развіццю літоўскую культуру.
Мела раду з 11 чалавек і рэвізійную камісію. Увесь час існавання арганізацыі яе старшынёй была мовазнавец Віталія Антанаўна Калеснікава.
Гісторыя Арганізацыя была створана ў лютым 1994 года ў Мінску па ініцыятыве літоўцаў з Пелясы, Гервятаў, Малькаўкі, Гомеля і Мінска. Зарэгістравана 17 мая 1994 года.
На I з’ездзе літоўцаў Беларусі ў 1996 годзе Беларускай абшчыне літоўцаў нададзены статус арганізацыі, якая аб’ядноўвае ўсе літоўскія таварыствы Беларусі. У яе склад уваходзілі літоўскія абшчыны з Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай абласцей і з горада Мінска, а таксама Саюз літоўскай моладзі Беларусі. У 1999 годзе быў скліканы II з’езд літоўцаў Беларусі.
Былі створаны музычныя калектывы: хор «Жыльвіціс» (Рымдзюны Астравецкага раёна), фальклорныя групы «Лінеліс» (Радунь Воранаўскага раёна) і «Дылгелітэ» (Мінск), Мінская і Лідская капэлы і іншыя. Артысты-літоўцы неаднаразова станавіліся лаўрэатамі фестывалю нацыянальных культур у горадзе Гродна.
У 1996–2000 гадах Беларуская абшчына літоўцаў займалася будаўніцтвам Літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі ў Рымдзюнах. У 1998 годзе ў Мінску яна арганізавала Дні культуры і мастацтва літоўцаў Беларусі. З 1998 года ў Крэўскім замку ладзіліся ўрачыстасці, прысвечаныя Дню дзяржаўнасці.
Члены аб’яднання правялі два форумы «Разам мы адна сям’я» (2006—2007), азнаёміліся з гісторыяй і помнікамі Гродзенскай і Магілёўскай абласцей. «Беларуская абшчына літоўцаў» неаднаразова ўзнагароджвалася дыпломамі за актыўны ўдзел у шматлікіх рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях, у тым ліку ў міжнародных днях паэзіі (адбываюцца штогод 20 сакавіка).
Беларуская абшчына літоўцаў брала ўдзел ў мерапрыемствах Сусветнай абшчыны літоўцаў. Члены абшчыны ўдзельнічаюць у спартыўных гульнях літоўцаў свету, якія праводзяцца раз на чатыры гады.
«Беларуская абшчына літоўцаў» цесна супрацоўнічае з Домам Дружбы, арганізуе экскурсіі па гістарычных мясцінах Літвы і Беларусі, члены абшчыны разам адзначалі ўгодкі Чэрвеньскіх расстрэлаў, нацыянальныя і дзяржаўныя святы Літвы, рэлігійныя святы, арганізоўвалі калядную ёлку, ушаноўвалі ветэранаў абшчыны.
Стваралася кніга памяці аб грамадзянах Беларусі літоўскага паходжання, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне. «Беларуская абшчына літоўцаў» прымала актыўны ўдзел у арганізацыі і рабоце школ выхаднога дня і курсаў літоўскай мовы.
З 1998 года выдаваўся бюлетэнь «Mūsų žodis» («Наша слова»).
Па стане на 2020 год, у Беларусі дзейнічалі наступныя суполкі, якія ўваходзілі ў Беларускую абшчыну літоўцаў:
Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Рытас» (ліквідавана ў 2023); Гродзенскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Тэвіне» (ліквідавана ў 2024); Гервяцкая суполка літоўцаў (ліквідавана ў 2023); Лідскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Рута» (ліквідавана ў 2023); Культурна-гісторыка-асветная гарадская грамадская арганізацыя "Аб’яднанне літоўцаў «Віціс» (ліквідавана ў 2023); Пеляскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне» (ліквідавана ў 2023); Радунскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гінтарас» (ліквідавана ў 2021). Ліквідавана 15 кастрычніка 2021 года.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літоўцы ў Беларусі Катэгорыя:Грамадскія арганізацыі Беларусі