Аляксандр Улан або Улан-Асанчуковіч () — капітан і палкоўнік татарскіх кавалерыйскіх падраздзяленняў на службе караля Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Ад яго прозвішча паходзіць назва віду еўрапейскай лёгкай кавалерыі Новага і Навейшага часу — уланаў.

Улан (татарск. «углан» — храбры, юнак) — тытул царэвічаў, малодшых сваякоў Чынгізідаў, якія не занялі ханскі сталец. Татары з часоў Вітаўта захоўвалі сваю іерархію і звычаі, абавязаны былі асабіста, як узброеныя вершнікі служыць вялікім князям літоўскім.

З беларуска-літоўска татарскага роду Уланаў герба «Асанчук», які прыраўноўвалі ў ВКЛ да князёў. Пратапласта роду — А-Сан-чук з дынастыі Джучыдаў (нашчадкаў Джучы), служыў вялікаму князю Казіміру ў 1440 годзе і атрымаў пацвярджэнне на атрыманы ад Вітаўта маёнтак і падданых у Засуллі ў Менскім ваяводстве. Яго нашчадкі рассяліліся і мелі маёнткі ў Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім павеце. Урус Улан-Асанчуковіч быў харунжым наваградскага татарскага сцягу і вадзіў сваю роту з 179 татараў-наймітаў на вайну супраць Тэўтонскага ордэна ў 1520 годзе. Асанчуковічы заставаліся ротмістрамі ў гарадзенскай і наваградскай харугвы татараў ВКЛ больш стагоддзя. Пры Стэфане Баторыі і Жыгімонце Вазе. На 1631 год іх сцяг налічваў 179 дымоў. Прымаўка фіксуе высокі статус Уланаў сярод татар ВКЛ — «няма пана над улана». Адна з галін роду Уланаў-Асанчуковічаў асела ў Ашмянскім павеце, на частках маёнтку Ластаяhttps://www.radzima.net/be/miejsce/lostaja.html.

Паводле версіі С. Дзядулевіча — Ластайская лінія (нашчадкі Юхны, сына татарскага ашмянскага харужага 1600 −1631 Багдана Фурсавіча) карысталася ўласным гербам «Улан». Бацька Аляксандра — Адам Янавіч Юхнавіч Улан Ластайскі, «таварыш гусарскі роты луцкага старосты» мянушкай Карсацкі, атрымаў за службу ад Яна Сабескага 8 валок зямлі ў . Аляксандр нарадзіўся ў шлюбе Адама і Феліцыяны з Раманоўскіх каля 1670 года і правёў дзяцінства з маці і братам Давыдам у Ластаях. Зямля ў Студзянцы перайшла Аляксандру пасля смерці бацькі ў 1698 годзе.

Вядома дакладна, што ў 1704 годзе Аляксандр Асанчуковіч быў капітанам татарскай харугвы ў Кароннай арміі. Насуперак волі Варшаўскай канфедэрацыі застаўся верны дэтранізаванаму каралю Сасу. У 1713 годзе стаў палкоўнікам татарскага палка (8 сцягоў, каля 400 шабель). У 1715—1716 гадах ваяваў на баку караля Аўгуста II Моцнага ў грамадзянскай вайне супраць тарнагродскіх канфедэратаў. Полк, які пачалі па імю правадыра называць «уланскім» стаў аховай каралеўскага двара. Ва ўзнагароду за вернасць у 1717 годзе полк «уланаў» пераведзены на саксонскае жалаванне. У 1619 годзе на чале палка ўланаў суправаджаў манарха з Дрэздана да Варшавы. За заслугі Аўгуст Моцны надаў яму вёску ў Берасцейскай эканоміі.

Пасля смерці Аляксандра Улана-Асанчуковіча, камандзірам палка стаў Чымбай Мурза Рудніцкі, а пазней Юзаф Бяляк, але фармацыя працягвала называцца «Уланскім войскам». Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну (1740—1748) і Сямігадовай вайны (1756—1763) паняцце «ўлан» было прыняты для ўсіх татарскіх кавалерыйскіх палкоў, якія складаліся з татарскіх жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, узброеных кароткімі дзідамі (ланцамі), шаблямі і ручнымі стрэльбамі. За канец 18-19 ст. назва ўланскіх фарміраванняў, іх тактыка, а таксама назвы асобных элементаў іх узбраення, рыштунку і ўбрання (канфедэраткі) былі запазычаны з беларускай мовы ў іншыя заходнееўрапейскія мовы і культуры.

Аляксандр Улан Асанчуковіч быў жанаты з Марыянай з Ахматовічаў. Сужэнцы мелі сыноў Стэфана, Юзафа і дачку Мар’яну. Памер каля 1738 года, пахаваны імаверна на мізары ў Студзянцы. Удава другі раз выйшла замуж за Чымбая Мурзу Рудніцкага, перадала яму ў кіраванне Кашолы. Дачка Мар’яна выйшла за Мустафу Бараноўскага, якому перадала, а ў 1770—1789 прадала Сулкевічам надзел у Ластаях.

Да таго ж роду Уланаў належаў Аляксандр Мустала з Вялікага Княства Літоўскага.

Крыніцы

Літаратура Ібрагім Канапацкі Татары // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 663—664. Dziaduliewicz, S. Herbarz rodzin tatarskich w Polsce . — Wilno : Skład główny w polskim Antykwarjace naukowym Heronima Wildera, 1929. — 496 s. Tyszkiewicz J. Tatarzy na Litwie i w Polsce. Studia z dziejów XIII—XVIII w., Warszawa: Państ. Wyd. Naukowe, 1989, ISBN 83-01-08894-X, OCLC 834735378 Kryczyński S. Kronika wojenna Tatarów Litewskich, «Rocznik Tatarów Polskich» (Suplement nr 2 do tomu 4), Gdańsk: Związek Tatarów Polskich, 1997. — ISSN 1234-9267 Тамковiч Ю. В. Ротмістр у Вялікім Княстве Літоўскім у XV — першай палове XVI ст.: накіды да прасапаграфічнага аналізу // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы : науч. сб. — Вып. 14. — Минск : РИВШ, 2021. — С. 110. — 216 с. Piotr Borawski. Tatarzy w dawnej Rzeczypospolitej. — Warszawa: Ludowa Spółdzielnia Wydawnicza, 1986. — С. s. 204—208. — ISBN 83-205-3747-9.

Катэгорыя:Уланы-Асанчуковічы Катэгорыя:Войска Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Войска Сасаў Катэгорыя:Уланы Катэгорыя:Беларуска-літоўскія татары