«Norwegian Wood (This Bird Has Flown)» () — песня гурта The Beatles, якая ўпершыню выйшла ў альбоме Rubber Soul у 1965 годзе. Аўтарства песні прыпісваецца Ленану і Мак-Картні, хаця большая частка яе была напісана Джонам Ленанам, а Пол Мак-Картні прыняў удзел у напісанні сярэдняй васьмітактавай часткі. Стала першай у гісторыі рок-кампазіцыяй, у якой прагучаў сітар (у выкананні Джорджа Харысана). Песня ўяўляе сабой жывую акустычную баладу. Вакальную партыю выконвае Джон Ленан.
Музыка У сваім інтэрв'ю часопісу Rolling Stone у 1970 годзе Ленан прыпісаў сярэднюю частку песні Мак-Картні, хаця ў 1980 годзе ў інтэрв'ю часопісу Playboy назваў песню «цалкам сваёй».
Ідэя выкарыстаць сітар належала Харысану. Як ён у далейшым распавядаў:
Падчас здымак фільма «На дапамогу!» у сцэне ў рэстаране было некалькі індыйскіх музыкантаў, і я там крыху пазабаўляўся з іх сітарам. Але ў тым годзе, прыкладна ў канцы года, я пастаянна чуў імя «Раві Шанкар». […] Карацей, я пайшоў, купіў кружэлку, і мне вельмі спадабалася. Адчувалася, што гэтая музыка мне вельмі блізкая. Прыкладна ў той жа час я купіў сітар. Я проста купіў танны сітар у краме пад назвай India Craft, у Лондане. Ён ляжаў без справы. Я не мог уявіць, што з ім зрабіць. Калі мы працавалі над «Norwegian Wood», песні чагосьці бракавала, і тое, што выйшла, выйшла зусім спантанна, як я памятаю. Я проста ўзяў сітар, падабраў ноты і проста сыграў іх. Мы запісалі гэта, звялі — і падалося, што гэта менавіта тое, што трэба.
Тое, што мы выкарысталі ў запісе гэты дзіўны інструмент, уразіла ўсіх, але мы ўвесь час шукалі нешта новае, і, калі Джордж паказаў нам сітар, мы паспрабавалі яго. Мы пагадзіліся б, напэўна, прывесці на запіс нават слана, калі б ён умеў выдаваць музычныя гукі. Пасавала ўсё. Змянілася наша стаўленне да справы наогул. Думаю, мы пасталелі.
Куплеты песні напісаны ў мі-мажоры (міксалідыйскі лад з паніжанай 7-й ступенню). Мелодыя пачынаецца з ноты сі, заканчваецца той жа нотай, але актавай ніжэй. У сярэдняй секцыі песні адбываецца перамена ладу (першая фраза адпавядае дарыйскаму мі-мінору (з павышанай 6-й ступенню), другая фраза зноў вяртае да зыходнага ладу куплета. Гэта адна з нямногіх песень The Beatles, напісаных у трохдольным памерыНататкі Алана Полака пра песню «Norwegian Wood (This Bird Has Flown)» .
Тэкст Тэкст песні апісвае сітуацыю, у якой дзяўчына запрашае хлопца да сябе ў госці. Сцены яе пакоя абшыты нарвежскім дрэвам (сасной; на той час гэта быў даволі папулярны і танны апрацоўчы матэрыял). Яны сядзяць і размаўляюць, п'юць віно да дзвюх гадзін ночы, калі яна кажа, што час спаць. Нягледзячы на чаканні хлопца, яму суджана «спаць у ваннай». Ранкам, калі хлопец абуджаецца, дзяўчыны ўжо няма — «птушка выпырхнула». У якасці помсты хлопец падпальвае яе кватэру.
Верагодны фон Песня, відаць, была напісана Ленанам, на той час жанатым з Сінтыяй Паўэл, пад уплывам яго досведу пазашлюбных стасункаў. Паводле Ленана:
«Norwegian Wood» — гэта цалкам мая песня. Яна пра адну інтрыжку, якая ў мяне была. Я быў вельмі асцярожным, і ў мяне было нешта накшталт параноі, бо я не хацеў, каб мая жонка, Сін, ведала, што нешта сапраўды адбываецца па-за домам. У мяне заўсёды былі пэўныя інтрыжкі, таму я стараўся пісаць пра такія рэчы пазаблытаней. […] Але я не прыгадаю ніякай канкрэтнай жанчыны, пра якую вядзецца ў гэтым выпадку.
Знаёмыя бітлоў і іх біёграфы неаднаразова высоўвалі меркаванні, хто мог быць магчымай гераіняй гэтай песні. Сябар Ленана Піт Шотан выказваў меркаванне, што гэтая жанчына была адной з іх знаёмых журналістак, магчыма Морын Кліў. Пісьменнік Філіп Норман у сваёй біяграфіі Ленана заявіў, што Ленана на гэтую песню натхніла Зоні Дрэйн, жонка першага фатографа The Beatles Роберта Фрымена.
Запіс песні Песня была запісана на працягу двух дзён. Першая сесія адбылася 12 кастрычніка 1965 года. Паводле Ленана, у той дзень гурт ніяк не мог знайсці аптымальную аранжыроўку. 21 кастрычніка гурт зноў пачаў працу над песняй, запісаўшы тры поўныя дублі.
У запісе ўдзельнічалі: Джон Ленан — вакал (дзве партыі, зведзеныя ў адну), акустычная рытм-гітара Пол Мак-Картні — бас-гітара, падгалоскі Джордж Харысан — сітар (былі запісаны дзве партыі, пазней зведзеныя ў адну) Рынга Стар — бубен, маракас, ручныя талеркі
Культурны ўплыў Паводле прызнання Ленана, у той час ён быў пад моцным уплывам Боба Дылана. Многія крытыкі мяркуюць, што сам Дылан пазней адказаў на песню Ленана сваёй песняй «4th Time Around», якая даволі падобная да «Norwegian Wood» і мелодыяй, і матэрыялам, і падачай тэксту. Сам Ленан у адным з пазнейшых інтэрв'ю адзначыў, што лічыць кампазіцыю Дылана жартоўнай данінай павагі ў адрас яго (Ленана) песні.
Песня заняла 83-ю пазіцыю ў спісе 500 найвялікшых песень усіх часоў паводле часопіса Rolling Stone. Перапявалася ў тым ліку гуртом U2 падчас іх Vertigo Tour.
Песня аказала пэўны ўплыў і па-за музычнымі коламі. Так, назва рамана «Нарвежскі лес» (у англійскім перакладзе — Norwegian Wood) японскага аўтара Харукі Муракамі з'яўляецца адсылкай да песні. Уолтэр Мандэйл, кандыдат на пост прэзідэнта ЗША ў 1984 годзе, падчас прэзідэнцкай кампаніі атрымаў мянушку «Norwegian Wood» праз сваё нарвежскае паходжаннеБіяграфія Уолтэра Мандэйла на сайте Basic Famous People (спасылка праверана 28 чэрвеня 2010). Такую ж назву маюць нарвежскі музычны фэст, якія рэгулярна праводзіцца ў Осла, і нарвежскі фан-клуб The Beatles.
Крыніцы
Спасылкі Біблія Бітлз: Norwegian Wood Нататкі Алана Полака пра песню «Norwegian Wood» Тэкст песні
Катэгорыя:The Beatles