Мікола Казлоўскі, або Мікола Сцяпанавіч Казлоўскі, укр. Микола Степанович Козловський (2 лютага 1925, Блювінічы, Брэсцкі павет — 20 лістапада 2006, Брэст) — актывіст украінскага руху ў 1980—1990-я, кіраўнік Украінскага грамадска-культурнага аб’яднання Брэсцкай вобласці.

Біяграфія З сялянскай сям’і, бацька Сцяпан Козел, маці Сафія з Крукоўскіх.

Скончыў пачатковую школу ў вёсцы Чарнаўчыцы. Паступіў у польскую дзяржаўную гімназію імя Рамуальда Траўгута ў Брэсце, пазней успамінаў, што там яго цкавалі за праваслаўнае веравызнанне.

У 1941 годзе скончыў савецкую сямігадовую школу ў Брэсце.

У часе Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе, паступіў ва Украінскую тэхнічную школу Брэста. Кантактаваў з украінскімі падпольшчыкамі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, быў арыштаваны акупацыйнымі ўладамі, але вызвалены пры спрыянні войта Чарнаўчыц.

Пасля вайны бацка Міколы Казлоўскага трапіў у гулаг.

Мікола Казлоўскі скончыў Брэсцкі тэхнікум чыгуначнага транспарту ў 1947 годзе. Працаваў брыгадзірам на станцыі Калінкавічы. Як сын «ворага народа» не мог зрабіць кар’еру, працаваў будаўніком на чыгунцы.

У 1954—1957 гадах вучыўся ў Ленінградскім інстытуце інжынераў чыгуначнага транспарту, працаваў у трэсце «Севзаптрансстрой».

У 1956 годзе змяніў радавое прозвішча Козел на Казлоўскі.

У 1965 годзе вярнуўся ў Брэст, працаваў у будаўнічым трэсце № 8, галоўным інжынерам Рухомай мехкалоны трэста «Белсельгастэхніка», затым у трэсце «Белсельгасстрой». Заставаўся беспартыйным.

У 1987 годзе напісаў адкрыты ліст Міхаілу Гарбачову, у Вярхоўны савет БССР і дэпутату сваёй акругі ў Вярхоўным савеце. У ім аўтар заклікаў зберагчы аўтахтонную культуру Берасцейшчыны. У выглядзе публікацыі гэты ліст быў апублікаваны 5 сакавіка 1990 года ў брэсцкай абласной газеце.

Ініцыяваў і ўзначаліў Украінскае грамадска-культурнае аб’яднанне Брэсцкай вобласці (існавала ў 1990—1999 гадах).

У 1991—1997 гадах быў галоўным рэдактарам газеты «Голос Берестейщини».

Творы Склаў і выдаў зборнік песень з Берасцейшчыны «Там за гаєм, гаєм…» (Кіеў, 2000).

Напісаў успаміны «Українське від­родже­н­ня на Берестейщині у 80-90-х роках ХХ столі­т­тя» (Славянск, 2006).

Крыніцы

Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі Катэгорыя:Постаці Брэста Катэгорыя:Нарадзіліся 2 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1925 годзе Катэгорыя:Памерлі 20 лістапада