Уладзі́мір Сярге́евіч Гурко́ў (2 студзеня 1931, в. Шыркі, Мсціслаўскі раён — 23 траўня 2007) — беларускі этнограф. Кандыдат гістарычных навук (1975).

Біяграфія Скончыў Мсціслаўскае педагагічнае вучылішча, Свярдлоўскую спецыялізаваную школу Міністэрства дзяржаўнай бяспекі, Мінскі педагагічны інстытут (1958).

З 1952 года працаваў у Камітэце дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР, з 1960 года сакратар абласнога камітэта прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў. З 1964 года ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларускай ССР, з 1976 года старшы навуковы супрацоўнік.

Пахаваны на могілках вёскі Азярычына (радзіма жонкі).

Навуковая дзейнасць Асноўныя даследаванні ў галіне матэрыяльнай культуры — паселішчы, жыллё, пчалярства. Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Развіццё сельскіх паселішчаў і сядзіб Беларусі (другая палова XIX—XX стст.)». Аўтар манаграфій «Сучасная беларуская вёска» (1975) і «Занятак спрадвеку высакародны» (1987; з С. Цярохіным; пра пчалярства), кнігі «Бортніцтва на Беларусі» (1980); з С. Цярохіным), раздзелаў «Пасяленні», «Тыпы забудоў», «Гаспадарчыя пабудовы», «Сучаснае сялянскае жыллё», «Змены жыллёвага фонду гарадоў БССР» у калектыўных манаграфіях «Беларускае народнае жыллё» (1973) і «Этнічныя працэсы і лад жыцця» (1980). Аўтар артыкулаў для выданняў «Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя» (1989) і «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003).

Аўтар рэцэнзій, навукова-папулярных артыкулаў па розных пытаннях развіцця беларускай вёскі, аховы помнікаў, новай абраднасці і інш. у перыядычным друку.

Выбраныя працы

Современная белорусская деревня: основные направления в развитии поселений и жилищ / В. С. Гурков. — Минск : Наука и техника, 1975 Бортничество в Белоруссии / В. С. Гурков, С. Ф. Терехин. — Минск : Полымя, 1980 Занятие издревле благородное: [о развитии пчеловодства в Белоруссии] / В. С. Гурков, С. Ф. Терехин. — Минск : Полымя, 1987 Радавод сонечнага племені / У. С. Гуркоў, С. Ф. Цярохін. — Мінск : Зміцер Колас, 2013

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Этнографы Беларусі