Белврусь як памежжа, таксама канцэпцыя прамежкавага (памежнага) становішча Беларусі — філасофская канцэпцыя, якая ўзнікла ў пачатку XX стагоддзя ў ходзе спроб самаасэнсавання беларусаў.
«Адвечным шляхам» У пачатку ХХ ст. прамежкавае становішча азначала знаходжанне паміж Польшчай і Расіяй. Беларускія мысляры спрабавалі ў гэтых умовах дапамагчы сваім супляменнікам усвядоміць сябе як асаблівы народ, адрозны ад суседзяў. Найбольш паслядоўна тэма была выкладзена ў працы Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) «Адвечным шляхам» (1921). Аўтар пазначыў беларускія землі як месца міжкультурных сутыкненняў, полем барацьбы Захаду і Усходу. Такое становішча прывяло да таго, што беларусы не змаглі далучыцца ні да першага, ні да другога.
Адметнай рысай гісторыі Беларусі названа геаграфічна абумоўленае межаванне (г. зн. бесперапынныя пошукі прыярытэтнага арыентыру) паміж усходнееўрапейскім і заходнееўрапейскім сацыякультурнымі тыпамі. Самабытнасць народа бачылася ў тым, што ён адхіліў крайнасці і сінтэзаваў дасягненні абедзвюх культур, выступіўшы ў ролі моста.
Пры гэтым філосаф акцэнтаваў асаблівую ўвагу на драматызме гістарычнага лёсу беларусаў, іх непераадольным імкненні захаваць свабоду, знаходзячыся паміж двума супрацьлеглымі лагерамі, з-за чаго ён не стварыў выразнай культурыКанчэўскі Ігнат // Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6.
Паводле Абдзіраловіча, неабходна ствараць беларускія формы жыцця, не тварыць гвалту і не прыносіць пакуты, ні іншым, ні самім сабе.
У сучаснасці У 1990-я гады, калі аднавілася дыскусія пра ідэнтычнасць беларусаў, ідэі Канчэўскага адрадзіліся.
У сучаснасці, ва ўмовах небяспекі культурнай асіміляцыі і глабалізацыі, праблема самапазнання не страціла актуальнасці. Паўстала задача па вызначэнні рыс беларускай культуры, выяўленні культурнай спецыфікі. Ва ўмовах сучаснай Беларусі працэс здабыў мэтанакіраваны і арганізаваны характар. Культурныя асаблівасці выяўляюцца і падкрэсліваюцца як на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі, так і ў культуралагічных даследаваннях.
Пры гэтым канцэпцыя стала прымяняцца таксама для выпрацоўкі шляхоў эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.
Сучасная трактоўка канцэпцыі выкладзена ў калектыўнай працы (Алесь Краўцэвіч, Алесь Смалянчук, Сергей Токць) 2011 года «Беларусы: нацыя Памежжа». Аўтары паказалі, што памежжа краіны шматпланавае: прыродна-геаграфічнае, культурнае, этнічнае (беларускі народ названы прадуктам міжэтнічнага кантакту балтаў і славян), рэлігійнае (мяжа каталіцызму і праваслаўя) і палітычнае.
На дадзены момант канцэпцыя прамежкавага становішча краіны атрымала шырокае распаўсюджванне ў свядомасці народа. Цяпер прамежкавае становішча апісваецца як знаходжанне паміж Расіяй і Еўропай. Пры гэтым памежнасць Беларусі разглядаецца не як адмежаванне ад іншых, а як дыялог з імі, гэта значыць транскультурацыя — прастора, дзе адрозненні з’яўляюцца не падставай для канфліктаў, а асновай развіцця і дыялогу. Як пісаў філосаф Ігар Бабкоў, суцэльнай і поўнай беларуская культура можа стаць толькі ва ўмовах памежжа, як культура размежавання, сустрэчы і пераходу розных, нават варожых адзін аднаму, культурных частак.
У палітыцы Уяўленні пра ўнікальны беларускі шлях знайшлі сваё адлюстраванне ў палітыцы і ідэалогіі афіцыйных уладаў.
Пасля распаду камуністычнага блока і Савецкага Саюза амаль усе краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, нават Расія (як доўгатэрміновую мэту), узялі курс на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз і НАТА. Разам з тым Беларусь ніколі афіцыйна не заяўляла пра сваё жаданне стаць членам арганізацыйСтанислав Богданкевич. Особый путь: прошлое, настоящее, перспективы // Наше Мнение, 29 декабря 2006.
З прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі пачалося афармленне дзяржаўнай ідэалогіі. Многія грамадзяне адгукнуліся на заклік лідара ўзяць «усё лепшае з сусветнага вопыту» і змяшаць у свой уласны — беларускі шлях. У адрозненне ад фашызму і камунізму, якія абвяшчаюць нейкую вышэйшую мэту («агульнае дабро» ў «тысячагадовым Рэйху» альбо «агульная карысць» у бяскласавым грамадстве), у беларускага шляху няма мэты. Як пісаў філосаф і палітолаг Анатоль Панькоўскі ў сумесным артыкуле з Соф’яй Ліхуцінай, «гэта проста шлях, якім трэба ісці». Зыходзячы з афіцыйнай дзяржідэалогіі, для беларускага народа ў прынцыпе няма прыкладаў для перайманняАнатолий Паньковский, Софья Лихутина.Белорусский путь: трудовая теория нации // Наше Мнение, 4 июня 2020.
Абгрунтоўваючы шматвектарную стратэгію ў знешняй палітыцы, Лукашэнка казаў, што небяспечна «ляцець з адным крылом», абапіраючыся выключна на «расійскі вектар»: «Мы павінны сябраваць з усімі суседзямі, нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя», паколькі «знаходзячыся ў эпіцэнтры кантынента, няма іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку». Беларускі сацыёлаг Віктар Кірыенка звязваў гэты курс з культурным памежжам паміж Захадам і Усходам. Дадзеная акалічнасць ставіць нацыю перад неабходнасцю ажыццяўляць выбар паміж Захадам і Усходам і пастаянна шукаць свой уласны шлях развіцця.
Праблема Беларускі філосаф Віктар Адзіночанка паказаў, што канцэпцыя мае прынцыповую абмежаванасць у сучасных умовах. Па-першае, пры яе выкарыстанні адбываецца вызначэнне сябе праз іншага, па-другое, развагі вядуцца з дапамогай супрацьпастаўлення Беларусі Расіі і Еўропе. Як пісаў спецыяліст, у сучасным свеце, дзе ідзе поўным ходам працэс глабалізацыі, падкрэсліванне сваёй спецыфікі павінна суправаджацца добразычлівай увагай да спецыфікі іншых краін і імкненнем усталяваць з імі адносіны супрацоўніцтва.
Гл. таксама Беларуская філасофія
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя: Філасофія Беларусі