Друкарня Холмскага губернскага староства — дзяржаўная друкарня Украінскай Народнай Рэспублікі ў Брэсце.

Дзейнічала з лютага 1918 года па студзень 1919 года ў Брэсце, які быў цэнтрам Холмскай губерні. Знаходзілася, як і ўсе губернскія органы, па адрасе Шашэйная, 8 (сучасны адрас праспект Машэрава, 32, будынак паштамта).

Тут друкаваліся тры ўкраінскія перыядычныя выданні: афіцыйнае выданне «Вісник Холмського губернського староства» (з 12 студзеня 1919 года «Вісник Краєвого Комісаріяту Української Народньої Республіки на Холмщину, Підляше й Полісся»), «Мир» (галоўны рэдактар —грэка-каталіцкі  святар Міхаіл Кіт), «Рідне слово» (галоўны рэдактар — Тэрэшка, да снежня 1918 года  часопіс выходзіў у Бялай Падляскай).

«Вісник» друкаваў законы ўкраінскай дзяржавы, афіцыйныя дакументы, загады губернскага старасты Холмшчыны і Падляшша Аляксандра Скорапіс-Ёлтухоўскага. Другая частка газеты была прысвечана навінам і сусветным падзеям. Газета друкавала таксама агранамічныя парады, інфармацыю пра хваробы і іх лячэнне, нататкі пра тэатр, новыя кнігі, расклад руху цягнікоў. Рэдакцыя заахвочвала дасылаць матэрыялы аб мясцовым жыцці, за гэта абяцалі ганарары. Друкарня рассылала газету па паветах так, каб у кожнае сяло трапілі адзін-два асобнікі.

Друкарня Холмскага губернскага староства выпусціла некалькі кніжак, у прыватнасці, «Просвітній український календар на 1919 рік і на початок року 1920-го», рэдактарам якога быў Арыстарх Тэрнычэнка, былы міністр земляробства Украінскай Народнай Рэспублікі.

Зноскі

Катэгорыя:Украінская Народная Рэспубліка Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі Катэгорыя:1918 год у Брэсце