Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (, LVIA) — дзяржаўны архіў у Вільні, адна з асноўных устаноў па захаванні дакументальнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, Віленскай, Ковенскай і Сувалкаўскай губерняў.
Гісторыя Гісторыя архіва ўзыходзіць да 1852 года, калі быў створаны Віленскі цэнтральны архіў старажытных актаў. Падчас Першай сусветнай вайны больш за палову дакументаў установы былі эвакуіраваны ўглыб Расійскай імперыі.
У 1922 годзе, калі Вільня знаходзілася ў складзе Польскай Рэспублікі, архіў быў аб’яднаны з шэрагам іншых архіўных устаноў у Віленскія дзяржаўныя архівы. Пасля таго як у верасні 1939 года горад быў заняты Чырвонай Арміяй, пачаўся вываз дакументаў у СССР. У кастрычніку 1939 года каля 14—18 вагонаў з матэрыяламі архіва былі адпраўлены ў Мінск.
Падчас нямецкай акупацыі, у 1942—1943 гадах, больш за 20 вагонаў з раней вывезенымі дакументамі вярнуліся з Мінска ў Вільню. Дырэктар Віленскіх дзяржаўных архіваў Юозапас Стакаўскас прыцягнуў да разгрузкі вагонаў яўрэйскіх узнікаў Віленскага гета. Ён выдаў ім пасведчанні супрацоўнікаў архіва, што абараняла іх ад іншых прац, а пазней схаваў 12 чалавек у спецыяльным сховішчы ў будынку архіва, выратаваўшы іх ад загібеліИз воспоминаний Эстер (Фиры) Канторович, 1974 г..
У 1957 годзе быў афіцыйна ўтвораны Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Літоўскай ССР. У 1963 годзе быў адкрыты новы будынак архіва на вуліцы Гяросёс Вільціес, 10. Паводле звестак на 1987 год, у архіве захоўвалася каля 900 фондаў, што складала больш за 1,2 мільёна спраў. З 1990 года ўстанова мае сучасную назву.
Фонды У архіве захоўваюцца дакументы і мікрафільміраваныя матэрыялы за перыяд з 1229 года па 1918 год, а таксама кнігі запісаў актаў грамадзянскага стану да 1990-х гадоў. Дакументы размеркаваны па наступных комплексах: Установы Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVIII стагоддзі); Установы Расійскай імперыі, якія дзейнічалі ў Віленскай, Ковенскай і Сувалкаўскай губернях (1792—1918); Установы перыяду германскай акупацыі ў час Першай сусветнай вайны (1915—1918); Рэлігійныя ўстановы (каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія, пратэстанцкія, іўдзейскія, мусульманскія і караімскія); Прыватныя, сямейныя і радавыя фонды (XVI стагоддзе — 1940); Калекцыі розных дакументаў; Мікрафільмы дакументаў з архіваў і бібліятэк Беларусі, Расіі, Латвіі, Польшчы, Украіны і Швецыі (XIII—XX стагоддзі); Метрычныя кнігі і запісы актаў грамадзянскага стану пасля 1940 года.
Вопісы дакументаў да фондаў архіва ў асноўным складзены на рускай мове.
Значэнне для Беларусі Архіў зберагае крыніцы, якія маюць важнае значэнне для вывучэння гісторыі Беларусі. Сярод дакументаў — фонды Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага, Радзівілаўскай камісіі, Таварыства сяброў навук у Вільні, упраўлення Віленскай навучальнай акругі. Захоўваюцца калекцыі дакументаў Віленскай рымска-каталіцкай мітрапаліцкай курыі, Віленскай евангелісцка-лютэранскай калегіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віленскага Святадухаўскага манастыра, а таксама фамільныя зборы магнацкіх родаў Агінскіх, Друцкіх-Любецкіх, Радзівілаў, Сапегаў, Тышкевічаў і іншых.
Пераважную частку архіўных збораў складаюць сацыяльна-эканамічныя і грамадска-палітычныя матэрыялы: інвентары, люстрацыі маёнткаў, лясніцтваў, старостваў, дакументы і вопісы актавых кніг земскіх і гродскіх судоў (Берасцейскага, Лідскага, Менскага), кнігі Гродзенскай эканоміі. У архіве знаходзяцца следчыя дакументы па справах філаматаў, «Братні саюз літоўскай моладзі», удзельнікаў паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў, дакументы Віленскага генерал-губернатарства, Літоўскай, Віленскай, часткова Ковенскай, Аўгустоўскай і Сувалкаўскай губерняў. Прадстаўлены матэрыялы пра паўстанне 1794 года, вайну 1812 года, сялянскую рэформу 1861 года, сталыпінскія аграрныя рэформы, а таксама пра народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух, рэвалюцыю 1905—1907 гадоў.
Важную частку фондаў складаюць дакументы пра беларускія газеты «Мужыцкая праўда», «Наша доля», «Наша ніва», матэрыялы пра жыццё і дзейнасць Я. Чачота, К. Каліноўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, К. Каганца, Я. Коласа, Я. Купалы, Цёткі. Захоўваюцца матэрыялы (часам цэлыя асабістыя фонды) даследчыкаў беларускай культуры А. Кіркора, Я. Карловіча, Е. Раманава, Я. Карскага і іншых. З нарматыўных матэрыялаў у архіве зберагаюцца старадрукі, эпісталярная спадчына, зборнікі літаратурных і публіцыстычна-палітычных твораў XVII—XVIII стагоддзяў, у тым ліку рэлігійна-панегірычныя вершы, барочная сатыра, соймавыя прамовы.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Архівы Літвы Катэгорыя:Арганізацыі Вільні Катэгорыя:1956 год у Вільні