Грама́дская свядо́масць — сукупнасць уяўленняў, поглядаў і навуковых тэорый аб чалавеку і навакольным свеце, іх мінулым, сучасным і будучым. Яна не зводзіцца да простай сумы індывідуальных свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арганічную цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі, заканамернасцямі развіцця і функцыямі.

Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з іншымі сферамі грамадскага жыцця (вытворчасцю, сям’ёй і г.д.), уплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Пры гэтым яна захоўвае адносную самастойнасць.

Філасофскія канцэпцыі Актыўная роля грамадскай свядомасці па-рознаму вытлумачваецца ў розных філасофска-гістарычных сістэмах: У ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютнае, субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет). Паводле матэрыялістычных канцэпцый, яна з’яўляецца неабходным, але не самадастатковым момантам функцыянавання адзінага сацыяльнага цэлага. Дыялектычны матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім.

Структура Грамадская свядомасць мае складаную ўнутраную структуру, якая ўключае розныя ўзроўні і формы: Узроўні: тэарэтычная і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія. Формы: палітычная і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука.

Роля ў сучасным свеце У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гістарычнага працэсу, што выяўляецца ў функцыі сацыяльнага прадбачання. У сувязі з абвастрэннем глабальных праблем (экалагічных, эканамічных і інш.) на мяжы XX і XXI стагоддзяў роля грамадскай свядомасці ў вырашэнні пытанняў, ад якіх залежыць лёс чалавецтва, значна ўзрастае.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Сацыяльная філасофія Катэгорыя:Паняцці марксізму Катэгорыя:Філасофскія паняцці