Міхаі́л Гаўры́лавіч Мінкевіч () — беларускі грамадскі і дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія Нарадзіўся 15 лютага 1919 года ў заможнай сялянскай сям’і ў Гулічах Слуцкага павета, цяпер Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці.
Вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Яго бацька ў складзе дэлегацыі ездзіў да польскага міністра адукацыі з просьбай не закрываць гімназію ў 1931 годзе. Пасля закрыцця Клецкай, вучыўся Віленскай беларускай гімназіі, падчас вучобы далучыўся да КПЗБ і ў 1936 годзе выключаны. Матуру (дыплом) атрымаў у Гродзенскай польскай гімназіі. Паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. Вучыўся адзін курс (1937/38 вучэбны год), арыштаваны за леварадыкальную дзейнасць. Сядзеў у Гродзенскай турме разам з Валянцінам Таўлаем і Піліпам Пестраком. Вызвалены ў верасні 1939 года падчас заняцця Чырвонай Арміяй Заходняй Беларусі.
Хацеў працягваць медыцынскую адукацыю. Захавалася распараджэнне ад 7 кастрычніка 1939 года пра аднаўленне яго студэнтам Віленскага ўніверсітэта, падпісанае Іванам Клімавым, галоўным упаўнаважаным часовай савецкай адміністрацыі ў Заходняй Беларусі. Аднак, 10 кастрычніка 1939 года падпісаны дагавор пра перадачу Вільні і Віленскай вобласці і ўзаемадапамозе паміж СССР і Літвой. У кожным разе, Мінкевіч болей не вучыўся ў Віленскім універсітэце.
Вярнуўся ў Гулічы. Мясцовыя актывісты КПЗБ удзельнічалі ў фарміраванні савецкіх мясцовых органаў улады. У пачатку 1940 года сфарміравана Ляхавіцкае часовае ўпраўленне, Міхаіл Мінкевіч працаваў у ім інспектарам аддзела адукацыі, потым загадчыкам Ляхавіцкага валаснога аддзела народнай адукацыі. У 1940 годзе паступіў на гістарычны факультэт Баранавіцкага настаўніцкага інстытута.
Вясною 1941 года прызваны ў Чырвоную Арміі. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны як механік-вадзіцель танка ўдзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім фронце. Двойчы паранены.
3 1945 года на педагагічнай, савецкай і партыйнай рабоце. У 1952 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1950-х гадах дырэктар Нягневіцкай сярэдняй школы, таксама выкладаў там гісторыю. З пачатку 1958 года загадчык аддзела народнай адукацыі Навагрудскага раёна. Неўзабаве, у 1958 годзе прызначаны старшынёй Свіслацкага райвыканкама, потым першы сакратар Свіслацкага райкама КПБ. З 1962 года сакратар парткама Лідскага калгасна-саўгаснага ўпраўлення, з 1965 — першы сакратар Лідскага райкама КПБ. У 1968—1985 гадах — Міністр асветы БССР.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 7 і 8-га скліканняў. Выбіраўся членам ЦК КПБ.
У савецкія часы не хаваў вучобы ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях. У архіве Арсеня Ліса ёсць лісты Мінкевіча па-беларуску з успамінамі пра гэты перыяд.
Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Ушанаванне памяці
У 1988 годзе імя Міхаіла Мінкевіча нададзена сярэдняя школа ў Жарабковічах Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. На будынку шкоды мемарыяльная дошка Міхаілу Мінкевічу.
Крыніцы
Літаратура Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ляхавіцкім раёне Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 7-га склікання Катэгорыя:Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 8-га склікання Катэгорыя:Міністры асветы БССР Катэгорыя:Члены ЦК КПБ Катэгорыя:Першыя сакратары райкамаў КПБ Катэгорыя:Старшыні Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта Катэгорыя:Навучэнцы Клецкай беларускай гімназіі Катэгорыя:Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі