Аляксей Уладзіміравіч Лазараў () — беларускі грамадскі актывіст, добраахвотнік палка імя Кастуся Каліноўскага і Узброеных сіл Украіны, удзельнік расійска-ўкраінскай вайны.

Біяграфія Нарадзіўся 26 сакавіка 1998 года. Скончыў факультэт радыёфізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У лістападзе 2019 года быў прызваны на тэрміновую службу ва Узброеныя сілы Беларусі, служыў у часці № 71327 у вёсцы Заслонава Віцебскай вобласці. Быў камандзірам аддзялення пераносных зенітна-ракетных комплексаў, атрымаў званне малодшага сяржанта.

Да і пасля службы займаўся грамадскім актывізмам, быў адным з арганізатараў кампаніі «Вучоба важнейшая», скіраванай супраць «закона аб адтэрміноўцы». Збіраўся паступаць у магістратуру ў Чэхіі. Уваходзіў у склад руху «Моладзевы блок». На парламенцкіх выбарах 2019 года вылучаўся кандыдатам ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) па 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе. 22 лістапада 2019 года прысутнічаў на перапахаванні ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў у Вільні.

У 2020 годзе каардынаваў назіральнікаў на прэзідэнцкіх выбарах, актыўна ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі іх вынікаў. Праз пагрозу крымінальнага пераследу выехаў у Грузію, а затым ва Украіну.

З пачаткам поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе ўступіў у Батальён (пазней Полк) імя Кастуся Каліноўскага, сфарміраваны з беларускіх добраахвотнікаў. Меў пазыўны «Вуж». 27 мая 2022 года стала вядома пра ўзбуджэнне рэжымам Лукашэнкі ў Беларусі крымінальнай справы супраць яго і іншых байцоў палка паводле артыкула аб удзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы.

У сакавіку 2022 года ажаніўся з паплечніцай Веранікай Яновіч. Пэўны час не служыў. Вёў лібертарыянскі падкаст «Вальнадумства. Свабода, навіны, палітыка».

У пачатку 2025 года вярнуўся ў шэрагі Узброеных сіл Украіны. Загінуў 19 студзеня 2026 года пры выкананні баявога задання.

Пахаваны ў Львове.

Гл. таксама Спіс беларусаў, якія загінулі падчас расійска-ўкраінскай вайны

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 26 сакавіка Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1998 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 2026 годзе Катэгорыя:Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны Катэгорыя:Пахаваныя ў Львове Катэгорыя:Лібертарыянцы Беларусі Катэгорыя:Полк Каліноўскага