Рама́н Міха́йлавіч Цы́мбераў (; ) — беларускі паэт, выдавец і кнігагандляр.

Біяграфія Нарадзіўся 8 чэрвеня 1981 года ў Ейску (РСФСР). Амаль з нараджэння жыў у Мінску. Скончыў Мінскі інстытут кіравання ў 2002 годзе па спецыяльнасці «Таваразнавец, эканаміст-менеджар». У 2008 годзе абараніў ступень магістра па эканоміцы. Тэматыка навуковых публікацый: кіраванне вытворчасцю, канкурэнтаздольнасць, прадпрымальніцкая дзейнасць на прадпрыемстве. Сумяшчаў камерцыйную дзейнасць з выкладаннем, працаваў выкладчыкам у каледжы і ўніверсітэце.

З 2001 года працаваў у галіне кніжнага гандлю, пазней заняўся выдавецкай дзейнасцю. Пісаў вершы на беларускай і рускай мовах.

Пасля палітычнага крызісу 2020 года вазіў кнігі праз беларускую мяжу ў абодва бакі. У 2024 годзе быў затрыманы па мяжы па вяртанні ў Беларусь. Некалькі сутак правёў у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ).

Памёр 10 лютага 2026 года пасля раптоўнага пагаршэння здароўя: узніклі праблемы з ныркамі, пасля чаго здарыўся інсульт. Развітанне адбылося 13 лютага 2026 года.

Дзейнасць З 2001 года працаваў як індывідуальны прадпрымальнік у галіне кніжнага гандлю. Быў уладальнікам электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры «Kniger.by». Адміністраваў сайт для аматараў гістарычнай літаратуры «Імперыя гісторыі. Гістарычны клуб Беларусі».

Як выдавец і рэдактар, курыраваў кніжную серыю «Такая гісторыя», у якой да студзеня 2024 года выйшла каля 20 выданняў, прысвечаных гісторыі Беларусі і ваеннай гісторыі. Некалькі кніг выйшла ў серыі «Юдаіка Беларусі», прысвечанай гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі. У 2025 годзе пачаў серыю кніг для дзяцей «Ветрачок».

Сярод значных кніг, выданых Цымберавым: «Минский тюремный замок» Дзмітрыя Дразда, «Гарачы парафін» Вінцэся Мудрова, «Купала і Колас жартуюць» Паўла Каралёва, збор твораў Кастуся Севярынца, дзіцячая кніга «Дзедавы казкі» Дзеда Янкеля (Ігара Гайкевіча).

24 студзеня 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі прыпыняла на месяц дзеянне пасведчання Рамана Цымберава на права выпуску друкаваных выданняў.

Пасля змен у заканадаўстве Беларусі, паводле якіх з 2026 года індывідуальныя прадпрымальнікі не могуць выдаваць кнігі, у сярэдзіне снежня 2025 года Цымбераў заснаваў ТАА «Дыграф». У выдавецтве паспела выйсці кніга вершаў «Каляндар на імгненне» Алеся Дуброўскага-Сарочанкава.

Творчасць Аўтар вершаў на беларускай і рускай мовах. Выйшла чатыры зборнікі паэзіі Рамана Цымберава — «Мышыны кароль» (2006), «Гісторыя хваробы» (2011), «Трэці сшытак» (2017), «На вуліцах Вавілона. Курэцкая варта» (2021, на рускай). «На вуліцах Вавілона. Курэцкая варта» — двухбаковы зборнік (кніжка-перакрутка), змяшчае вершы 2015—2018 гадоў.

У суаўтарстве з дачкой Эміліяй выдаў зборнік вершаў для дзяцей «Рознакаляровыя сняжынкі».

Даследчыкі адзначаюць, што Цымбераў, які паходзіць з іншага моўнага і геаграфічнага асяроддзя, арганічна далучыўся да сучаснага беларускага літаратурнага працэсу.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі