Тэафі́л Ду́нін-Рае́цкі (; ? — ) — ураднік Вялікага Княства Літоўскага, маршалак лідскі (1651—1680).

Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Дунінаў-Раецкіх герба «Лебедзь». Сын менскага ваяводы Гедэона Раецкага. Большую частку свайго жыцця з’яўляўся пратэстантам (кальвіністам), пазней перайшоў у каталіцтва.

Намінаваны на пасаду лідскага маршалка 12 кастрычніка 1651 года пасля Аляксандра Халецкага і займаў яе да самай смерці ў 1680 годзе. Сярод уплывовай шляхты ВКЛ, якая падпісала ў 1655 годзе Кейданскаю унію са Швецыяй, абсалютнай большасцю былі пратэстанты. Разам з віленскім ваяводам і вялікім гетманам Янушам Радзівілам гэтую унію падпісаў і лідскі маршалак Тэафіл Дунін-РаецкіAteneum Wileńskie. R. 10. Wilno, S. 173—224..

Тастамент і пахаванне Тэафіл Дунін-Раецкі пражыў бурнае і доўгае жыццё. Яго тастамент, датаваны 1680 годам, сведчыць пра тое, што маршалак быў тонкай, узнёслай і арыгінальнай натурай. Свой тастамент ён пачаў з канстатацыі таго, што смерць валодае чалавекам незалежна ад узросту, і абавязак кожнага — быць гатовым да яе. Пасля разважанняў пра тленнасць чалавечага быцця маршалак адзначыў прыярытэт Радзімы.

У адрозненне ад звычайнай практыкі таго часу, калі месца пахавання залежала ад канфесіі і людзей хавалі ў храме або каля яго (што прадугледжвала шчодрыя ахвяраванні касцёлу), Дунін-Раецкі пакінуў святарам на малітвы досыць сціплую суму. Пахаваць сябе ён загадаў у полі за маёнткам. Магільны склеп павінен быў уяўляць сабой квадратны роў вышынёй у чалавечы рост і шырынёй у чатыры «польскія локці» па перыметры магілы. Над самім склепам прадугледжваўся насыпны, нічым не адзначаны ўзгорак без усялякага ўпрыгожвання. Такі від пахаванняў быў папулярны ў асяроддзі арыян (сацыніян ці антытрынітарыяў)Частка кальвіністаў Рэчы Паспалітай, якая прызнала традыцыйную інтэрпрэтацыю дагмата пра Тройцу за непраўдзівую, утварыла ў 1562—1565 гадах уласны Збор, які яны называлі «меншым». Самі кальвінісцкія дысідэнты не называлі сябе арыянамі або антытрынітарыямі, называліся проста хрысціянамі або «братамі». Пэўная ідэалагічная і арганізацыйная ўнармаванасць у арыянства з’явілася ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзяў, гэта ўніфікацыя звязана з дзейнасцю Фаўста Соцына..

Гэты незвычайны спосаб пахавання не быў хвілінным капрызам: маршалак інфармаваў жонку, што ўсе матэрыялы ўжо падрыхтаваны і наняты муляры. Гэтым жэстам Раецкі паказаў грамадству, што хоць ён і перайшоў у каталіцтва і не меў прамога дачынення да выгнаных з Рэчы Паспалітай арыян, але захаваў да іх сімпатыю. Пры гэтым яго прыналежнасць да каталіцтва пацвярджалася радкамі тастаменту пра тое, што ў магіле яго цела будзе чакаць уваскрэсення, у той час як арыяне прызнавалі толькі ўваскрэсенне душы.

Тастамент быў адрасаваны грамадству, але ў першую чаргу — яго другой жонцы. Адносіны паміж імі былі шчаслівымі, у тэксце слова «жонка» ўжывалася выключна з эпітэтамі «любімая», «дарагая», «маё апошняе каханне», «сардэчная». Нават звычайны загад зрабіць выплаты старым слугам маршалак ператварыў у прыгожы панегірык жонцы.

Асобным клопатам маршалка стаў лёс яго дзесяцігадовага сына. Каб абараніць яго ад сваякоў, якія маглі б пажывіцца за кошт сіраты, апекунамі былі прызначаны знатныя і багатыя, але не родныя людзі: віленскі ваявода Міхаіл Пац (памёр у 1682 годзе), мечнік ВКЛ з роду Тызенгаўзаў і крайчы ВКЛ Уладзіслаў Тышкевіч (памёр у 1684 годзе). Сваёй дачцэ ад першага шлюбу Раецкі не пакінуў нічога, бо раней аплаціў даўгі яе мужа і выдзеліў значны пасаг. Ён строга папярэдзіў дачку, зяця, а таксама ўласных брата і пляменніка ад неабдуманых учынкаў у дачыненні да малога сына, пагражаючы ўмяшаннем грозных апекуноў. Пляменніку ён таксама не пакінуў спадчыны, але самога маршалка нельга было назваць скнарлівым: ён пакінуў пяцьсот злотых чалавеку, які 15—17 гадоў таму выходжваў яго ад ран, а таксама прызначыў значныя сумы ў якасці ўзнагароды слугам і чэлядзі.

У тастаменце таксама гучала рэдкая для такіх дакументаў тэма сяброўства: Дунін-Раецкі пералічыў лепшых сяброў, выказаў падзяку кожнаму і папрасіў аб апошняй паслузе — прыехаць на яго пахаванне для апошняга развітання.

Сям’я Меў дзвюх жонак. Першая жонка, кальвіністка Альжбета з Даўмонтаў, памерла ў чэрвені 1660 года. З другой жонкай, князёўнай Альжбетай з Друцкіх-Сакалінскіх, шлюб адбыўся ў 1665 годзе (яна памерла 22 сакавіка 1686 года). Ад першага шлюбу меў дачку, ад другога — сына (на момант складання тастаменту яму было 10 гадоў).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Маршалкі земскія лідскія Катэгорыя:Удзельнікі шведскага патопу Катэгорыя:Памерлі ў 1680 годзе