Гарадзішча старажытнага Рагачова (1-е тысячагоддзе да н.э. — пачатак 2-га тысячагоддзя н.э.) — помнік археалогіі, знаходзіцца на паўднёвай ускраіне горада Рагачова, урочышча Замкавая Гара.
Гарадзішча мысавага тыпу, адносіцца да мілаградскай, зарубінецкай культур і эпохі сярэднявечча. Займае край мыса пры ўпадзенні р. Друць у Дняпро, вышынёй 11-12 м. Пляцоўка пакатая, памерам 125х90 м. У XVI — 2-й палове XVIII стагоддзяў тут існаваў Рагачоўскі замак.
Гарадзішча было выялена ў 1855 г. М. В. Без-Карніловічам. У 1929 г. абследаваў А. Дз. Каваленя, у 1951 г. Ю. У. Кухарэнка, у 1976 г. А. Р. Мітрафанаў. Раскопкі праводзілі ў 1967 г. П. Ф. Лысенка, у 1973, 1975 і 1976 гг. Э. М. Загарульскі. Падчас раскопак былі знойдзены вырабы з жалеза, шкляныя бранзалеты, шыферныя прасліцы, ганчарная кераміка, ляпная кераміка мілаградскай культуры, прасліцы-грузікі, жалезныя сярпы і рыбалоўныя кручкі ранняга жалезнага веку і інш.
Зараз гарадзішча знівеліравана. На ім стаіць каменны мемарыял да 850-годдзя горада.
Спасылкі
heritage.gov.by
Катэгорыя:Гарадзішчы Рагачоўскага раёна Катэгорыя:Зарубінецкая культура Катэгорыя:Мілаградская культура Катэгорыя:Славутасці Рагачова