«Нясе́нне крыжа́» — карціна невядомага мастака, мяркуецца, створаная ў XIX стагоддзі. Твор паходзіць з даваенных збораў мінскіх музеяў, быў вывезены ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» ў Маскве ( КП-9960, АФЖ-365).

Апісанне На палатне на фоне пейзажу адлюстраваны Ісус Хрыстос з німбам над галавой у чырвоным і сінім адзенні, які нясе цяжкі драўляны крыж. Асновай сюжэта паслужылі евангельскія тэксты Новага запавету, у якіх апісваўся шлях Хрыста на Галгофу. Карціна мае вялікія страты жывапіснага слоя, таму разгледзець дэталі вельмі складана.

Гісторыя На адваротным баку палатна захавалася шмат розных нумароў, у тым ліку Мюнхенскага цэнтральнага зборнага пункта (МЦЗП) — сінім алоўкам 14542/52 і вывазны чырвоным алоўкам — 1325, пастаўлены перад адпраўкай у Германію з Мінска падчас акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі. Даваенныя нумары Беларускага дзяржаўнага музея ці Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР на адвароце адсутнічаюць. Магчыма, з-за дрэннага стану захаванасці карціну маглі не ўносіць у інвентарныя кнігі, але яе паходжанне са збораў у Мінску з’яўляецца бясспрэчным.

Пасля вайны і вяртання ў СССР прадмет не трапіў назад у Беларусь з-за памылак пры размеркаванні вернутых каштоўнасцей. Ён быў перададзены ва Усесаюзны мастацка-вытворчы камбінат імя Вучэціча, створаны на аснове Дырэкцыі мастацкіх выставак і панарам у Маскве. У 1971 годзе карціна трапіла ў Архіў мастацкіх твораў горада Загорска (цяпер Сергіеў Пасад), а адтуль — у фонды «РОСИЗО».

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны XIX стагоддзя Катэгорыя:Карціны невядомых мастакоў Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Перамешчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі