Франкісты () — паслядоўнікі ілжэ-месіі Якуба Франка (1726—1791), члены яўрэйскай рэлігійнай групы, ерэтычнай секты юдаізму.
Секта існавала з другой паловы XVIII стагоддзя прыкладна да 1820 года, пераважна ў паўднёвай Рэчы Паспалітай, Чэхіі, Аўстрыі, Турцыі, Румыніі і паўднёвай Германіі. Як рэлігійны і сацыяльна-палітычны рух, франкізм характарызаваўся асіміляцыяй, павярхоўнасцю, сінкрэтызмам, месіянізмам і эзатэрызмам.
На тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай большасць членаў секты ў 1759—1820 прыняла каталіцызм, хаця многія з іх, прынамсі спачатку зрабілі гэта толькі павярхоўна, каб аблегчыць сабе існаванне ва ўмовах сацыяльнай структуры таго часу, таемна працягваючы вызнаваць яўрэйскі месіянізм, і некалькі дзесяцігоддзяў жаніліся толькі паміж сабой.
Доўгі час у міцкевічазнаўстве была распаўсюджана легенда, што з «франкістаў» паходзіць маці Адама Міцкевіча — Барбара, і такім чынам, Адам Міцкевіч меў часткова яўрэйскае паходжанне. Пазней беларускі архівіст Сяргей Рыбчонак на дакументах пераканаўча давёў, што Маеўскія-«франкісты» і Маеўскія гербу «Старыконь» з Навагрудчыны гэта розныя роды. Аднак, з франкістаў сапраўды паходзіла жонка Адама Міцкевіча Цэліна Шыманоўская.
Гісторыя і эвалюцыя секты франкістаў складае важную частку сюжэту эпічнага раману польскай пісьменніцы Вольгі Такарчук «Кнігі Якуба» (беларускі пераклад аўтарства Марыны Шоды выйшаў у Вільні ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» у 2025 годзе).
Катэгорыя:Секты Катэгорыя:Іўдаістычная міфалогія Катэгорыя:Іўдзейскае багаслоўе