Амністыя 1841 года — акт вызвалення ад пакарання (або яго частковага змякчэння) некаторых катэгорый дзяржаўных злачынцаў Расійскай імперыі з адносна лёгкай ступенню віны, абвешчаны 16 (28) красавіка 1841 году расійскім імператарам Мікалаем I з нагоды шлюбу спадкаемцы трону, будучага імператара Аляксандра II, з вялікай княгіняй Марыяй Аляксандраўнай (дачкой вялікага герцага Людвіга II Гесенскага Максіміліянай), які адбыўся ў гэты дзень. Амністыя аблегчыла становішча некаторых былых сяброў Таварыства філаматаў, удзельнікаў змовы Шымана Канарскага і Паўстання 1830—1831 гадоў: менш небяспечныя, з пункту гледжання царскіх уладаў, злачынцы былі вызваленыя са зняволення, змаглі вярнуцца на радзіму з ссылкі ўглыб Расіі, або змаглі ўладкавацца на лепшую працу, ім былі аблегчаныя ўмовы паліцэйскага нагляду і гэтак далей. Афіцыйна гэты акт называўся Манифест. О всемилостивейше дарованных милостях и облегчениях по случаю бракосочетания Его Императорского Высочества Государя Наследника Цесаревича и Великого Князя Александра НиколаевичаНиколай I. Манифест. О всемилостивейше дарованных милостях и облегчениях по случаю бракосочетания Его Императорского Высочества Государя Наследника Цесаревича и Великого Князя Александра Николаевича // Полное собрание законов Российской империи. Собрание второе. — СПб.: Типография II отделения Собственной Его Императорского Величества канцелярии, 1842. — Т. XVI, отделение первое, 1841, № 14460. — С. 308—313., пазней таксама Всемилостивейший манифест, состоявшийся в 16 день апреля 1841 годаВсемилостивейший манифест, состоявшийся в 16 день апреля 1841 года.

Перадумовы амністыі

З амністыяй завяршылася дзесяцігоддзе жорсткіх імперскіх рэпрэсій пасля падаўлення паўстання, накіраваных на ўніфікацыю сацыяльна-палітычнага ладу, адукацыі і культуры «заходніх губерняў» з астатняй Расіяй: закрыцця Віленскага ўніверсітэта, скасавання царкоўнай Уніі і дзеяння Літоўскага статуту, закрыцця каталіцкіх кляштараў, «разбору шляхты» і абазначыўся пераход да адносна больш мягкай палітыкі, якая спалучала працяг жорсткага пераследу нелаяльных элементаў са стварэннем пэўных нішаў для дзейнасці (у прыватнасці, культурнай), лаяльнай да агульнай палітыкі ўраду. Дасягнутая ступень «замірэння» Літвы, Беларусі, Правабярэжнай Украіны была палічаная ў цэлым дастатковай і на павестку дня быў высунуты пошук форм інтэграцыі каталіцкай шляхты і духавенства ў агульнаімперскае жыццё. «Апошнім акордам» рэпрэсіўнага дзесяцігоддзя 1831—1841 было закрыццё Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі з пераводам яе ў Кіеў (1842), але гэтае рашэнне было прынятае яшчэ ў 1840, і чакала толькі завяршэння пабудовы адпаведнага будынку ў Кіеве.

Характар амністыі

Амністыя не была ўсеагульнай; яна насіла выбарачны характар і дзяліла раней рэпрэсаваных на разрады. Некаторым асобам, якія знаходзіліся ў ссылцы ў аддаленых губернях Расіі (пад наглядам паліцыі), дазвалялася вярнуцца на радзіму ў заходнія губерні. Шмат каму вярталіся ранейшыя саслоўныя правы і дваранства, калі яны не былі замяшаныя ў «цяжкіх крымінальных злачынствах» падчас паўстання. Для тых, хто ўжо вярнуўся раней, але знаходзіўся пад строгім сакрэтным наглядам, рэжым кантролю мякчэў або адмяняўся зусім.

Расейскія ўлады, аднак, захоўвалі жорсткую пазіцыю ў дачыненні да лідэраў і найбольш актыўных удзельнікаў паўстання і змоў. Амністыя практычна не тычылася чальцоў польскага Часовага ўрада 1830 году, кіраўнікоў буйных паўстанцкіх атрадаў і тых, хто знаходзіўся ў эміграцыі і працягваў палітычную дзейнасць (напрыклад, асяроддзя Адама Ежы Чартарыйскага). Тым, хто знаходзіўся за мяжой імперыі, шлях дадому быў па-ранейшаму зачынены, за выключэннем вельмі рэдкіх выпадкаў падачы асабістага прашэння на імя імператара з выразам «глыбокага раскаяння».

Асобы амніставаных

Рашэнні па лёсе канкрэтных асобаў прымаліся на месцах і не вызначаліся дакладнымі крытэрыямі. Сярод тых, хто змог скарыстацца амністыяй, былі, у прыватнасці:

Ян Чачот, філамат (фактычна ён яшчэ ў 1840 годзе пераехаў з Лепеля ў Шчорсы, дзеля працы ў бібліятэцы Адама Храптовіча, але цяпер змог узаконіць новае месца жыхарства)Marian Pacholak. Trzy listy Jana Czeczota z lat 1844—1845 do Adolfa Kobylińskiego z Cieszewli. Kręgi poszukiwań archiwalnych i materiały dotyczące sylwetek korespondentów z Nowogródczyzny (część druga)*// Prace Literackie LXIII, 2024. S. 139.

Тамаш Зан, філамат — у 1841 годзе вярнуўся на радзіму

Эдвард Жалігоўскі, удзельнік змовы Шымана Канарскага — быў вызвалены са зняволення і ў 1842 годзе змог вярнуцца на радзіму

Адольф Янушкевіч, паўстанец 1830 году: у жніўні 1841 змог пераехаць з Ішыма ў Омск, дзе яму дазволілі паступіць на дзяржаўную службу з прысваеннем чыну «калежскі рэгістратар».

Юзаф Ігнацы Крашэўскі, паўстанец 1830 году: у 1841 з яго быў канчаткова зняты паліцэйскі нагляд і ён змог атрымаць дазвол на выданне альманаха Athenaeum (1841).

Рамуальд Падбярэскі, сын паўстанца — у 1841 змог пераехаць у Пецярбург з планам выдання ўласнага альманаха Rocznik literacki.

Адносная «адліга» 1841—1848 гадоў

Новая грамадская сітуацыя, якая склалася пасля амністыі, выклікала да жыцця ўплывовую лаялісцкую плынь у жыцці заходніх губерняў, асабліва літоўскіх. У ёй асабліва вылучалася стала гэтак званая «Пецярбургская катэрыя», нефармальная лаялісцкая групоўка на чале з Генрыхам Жавускім, якая ў траўні 1841 правяла ўстаноўчы сход у Чудніве. Таксама ў лаялісцкім духу дзейнічалі «літвіны» Фадзей Булгарын, Восіп Сянкоўскі, Плацыд Янкоўскі і іншыя, якія даводзілі, што Літва (як і Беларусь) — гэта адвечная гістарычная правінцыя Расіі, якая толькі праз нешчаслівы збег абставінаў апынулася ў уніі з Польшчай і на пэўны час стала перыферыяй заходняй цывілізацыі. Аднак, наступныя 7 гадоў у Літве і Беларусі былі самымі спрыяльнымі для культурнай дзейнасці за ўсё 30-гадовае праўленне Мікалая I. Паміж імперскай уладай (і адданымі ёй лаялістамі) і вонкава лаяльнай патрыятычнай інтэлігенцыяй у гэты час вялася складаная гульня за сэнсавае напаўненне паняццяў «Літва» і «літвіны». (На гэтым этапе гісторыі царызм не выступаў супраць гэтых тэрмінаў, але хацеў іх пераасэнсавання ў патрэбным Расіі духу). Лаялісты імкнуліся стварыць як мага больш пра-імперскі вобраз краю, яго жыхароў і гісторыі, максімальна скампраметаваць і абарваць яго даўнія культурныя сувязі з Польшчай. Патрыёты жа, распрацоўваючы «літвінскую» тэматыку, стваралі аўтаномную мясцовую культуру, лакальную «літвінскую» ідэнтычнасць, нятоесную польскай, набыткі якой пазней былі часткова выкарыстаныя ў літоўскім і беларускім нацыянальных праектах. Найбольш бяспечнымі, з пункту гледжання цэнзуры, выглядалі даследаванні і публікацыі на тэмы паганскай, да-Крэўскай гісторыі Літвы, а таксама на тэмы мясцовай кухні, хатняй гаспадаркі, палявання, пошук этнаграфічных асаблівасцяў Літвы і Беларусі.

Новыя твары і знакавыя творы

 У 7-годдзе пасля амністыі дэбютавалі, або сталі шырока вядомымі публіцы такія творцы, як Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Станіслаў Манюшка, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Ганоры Кіркор, Ян Баршчэўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Рамуальд Падбярэскі, і іншыя. Многія створаныя ў 1841—1848 гадах творы літаратуры, гістарыяграфіі, музыкі, выяўленчага мастацтва склалі канон «літвінскай» культуры XIX стагоддзя. Сярод іх, у прыватнасці:

Хатнія спеўнікі (з 1843), опера «Галька» і кантата «Мілда» (1848) Станіслава Манюшкі

Літаратурны дэбют Уладзіслава Сыракомлі з вершам «Паштальён» (1844)

«Альбом Віленскі» Яна Казіміра Вільчыньскага (пачынаючы з 1842)

Першая кніга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Ідылія» (1846)

Адзіная арыгінальная кніга Яна Чачота «Земянін» (1846) і (невыдадзеныя) гістарычныя балады «Спевы пра даўніх літвінаў да 1434 году» (1842—1844)

Карціны Канута Русецкага «Жняя» (1844) і «Літвінка з вербамі» (1847)

Энцыклапедыя хатняй гаспадаркі «Літоўская гаспадыня» Ганны Цюндзявіцкай (1848)

У гэты ж час з’явіліся і капітальныя працы па гісторыі Літвы:

Першы том працы «Starożytna Polska pod względem historycznym, geograficznym i statystycznym…» Міхала Баліньскага і Тыматэўша Ліпіньскага, прысвечаны гісторыі ВКЛ (1843)

Litwa: Starożytne dzieje, ustawy, język, wiara, obyczaje, pieśni, przysłowia, podania itd. T. I—II Ю. І. Крашэўскага (Т. 1-2, 1847—1850)

Obraz Litwy pod względem jéj cywilizacyi, od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII Юзафа Ярашэвіча. (Апошні, 9 том аматарскай «Гісторыі літоўскага народу» Тэадора Нарбута таксама ўбачыў святло ў 1841 годзе).

У меншым маштабе, але аналагічныя працэсы адбываліся і ва ўласна літоўскамоўным асяроддзі: у 1845 годзе ў Пецярбургу выйшла першая гісторыя Літвы па-літоўску Сімонаса Даўкантаса «Аблічча старажытных літоўцаў, горных і ніжніх (жамойтаў)», у 1846 годзе пачаў выходзіць штогадовы каляндар «Metų skaitlius» Лаўрына Івінскіса і самая значная этнаграфічная праца Людвіка Юцэвіча «Літва з пункту погляду рэштак старажытнасці, звычаяў i нораваў» (напісаная па польску).

Фактычна, за 1841—1848 гады былі распрацаваныя контуры мадэрнай літвінскай прота-нацыянальнай ідэнтычнасці — з дапамогай як навуковага інструментарыя (гістарычнага і этнаграфічнага), так і мастацкімі сродкамі. Яшчэ ніколі раней у гісторыі пра Літву так шмат не пісалі, не ўяўлялі, не адлюстроўвалі яе рознымі мастацкімі сродкамі, як у гэтае сямігоддзе. Імперскія ўлады далі зразумець што для іх Літва (якая тады ўключала і Усходнюю Літву) нашмат больш прымальная, чым Польшча, і творчая інтэлігенцыя гэтай эпохі прыняла гэтыя ўмовы гульні, пасля дзесяцігоддзя няспынных жорсткіх рэпрэсій.

У гэтым жа гістарычным перыядзе выйшла кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціч Завальня» (1844—1846, культывуе вобраз Беларусі, а не Літвы) і музычная сюіта Антона Абрамовіча «Беларускае вяселле».

7-гадовая адносная «адліга», запачаткаваная амністыяй 1841 году, скончылася ў 1848 годзе ў сувязі з жахам Мікалая I перад еўрапейскай «Вясной Народаў» і вяртаннем да палітыкі жорсткіх рэпрэсій (гл. «Змрочнае сямігоддзе»).

Іншыя аспекты амністыі

Мікалай I таксама скарыстаўся нагодай, каб знізіць сацыяльнае напружанне ў грамадстве. Былі спісаны даўгі (нядоімкі) па многіх дзяржаўных падатках, якія назапасіліся ў сялянаў і мяшчанаў пэўных губерняў і паветаў за папярэднія гады. Маніфест ад 16 красавіка адмяняў многія судовыя штрафы і пені па казённых спагнаннях. Быў адменены ці скарочаны шэраг чарговых рэкруцкіх набораў у некаторых губернях. Многія чыноўнікі, якія знаходзіліся пад судом за адміністрацыйныя парушэнні (не звязаныя з буйным раскраданнем маёмасці або хабарніцтвам), атрымалі прабачэнне.

Крыніцы

Катэгорыя:1841 Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Мікалай I Катэгорыя:Паўстанні ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Гістарычныя перыяды Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон