Рачны цвыркун (Locustella fluviatilis) — від пеўчых птушак сямейства валасянкавых.
Апісанне Даўжыня цела 13 см, размах крылаў 19-22 см. Увесь верх цела карычнева-буры, на грудзях невялікія, падоўжныя рыскі. Голас: доўгае, манатоннае «дзе-дзе-дзе», вельмі падобнае на голас зялёнага коніка. Асцерагае хрыплым «клік».
Пашырэнне Арэал: Цэнтральная і Усходняя Еўропа, часткова Заходняя Сібір да р. Іртыш. Пералётны, залятае ў Паўночную, Заходнюю і Паўднёвую Еўропу. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від. Месца зімовак — паўднёвы ўсход Афрыкі.
Насяляе вільготныя тэрыторыі, парослыя высокай і густой зялёнай расліннасцю, групамі кустоў і не вельмі густымі лісцевымі дрэвастоямі (часцей — прырэчныя алешнікі, берагі рэк, азёр, сажалак, балот, падтопленых лясоў, а таксама надрэчныя сады і паркі). У час пералётаў — палі люцэрны, жыта, сухія тэрыторыі з кустамі ў стэпе.
Асаблівасці біялогіі Гняздуе на зямлі ўнізе або ўнутры густой расліннасці, гняздо «ўціснутае» ў аснову курціны высокай травяністай расліннасці ці кустоў. Ладзіць яго з шырокіх лістоў траў або асок, адраўнелых кавалачкаў травяністых раслін і сухіх кавалкаў лісця, якія ўкладзены даволі няшчыльна; канцы расліннага матэрыялу выступаюць. Высцілка з сухіх травінак (часам з прымессю валосся). Дыяметр 9-18,5 см.
Яйкі (звычайна 4-5, рэдка 3-7) авальныя, з вострым вузейшым канцом, белыя або з ружовым адценнем, плямкі дробныя і густыя: ніжнія — светла-шэрыя, паверхневыя — карычневыя або чырвона-карычневыя. Памеры: 20 х 15 мм.
Крыніцы
Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
Катэгорыя:Валасянкавыя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1810 годзе