Самуэль Багуміл Ліндэ (; ) — польскі славіст, лексікограф, лінгвіст, перакладчык, бібліёграф, педагог і бібліятэкар, аўтар манументальнага «Слоўніка польскай мовы» (1807—1814)Ліндэ Самуэль Багуміл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — C. 265.Biskup Marian (red.), Wybitni ludzie dawnego Torunia, Warszawa PWN 1982, s. 153—160. .
Біяграфія Нарадзіўся ў Торуні, малодшы сын мяшчаніна, імігранта са Швецыі, майстра-слесара і раднага Яна Якабсена Ліндэ (Jan Jacobsen Lindt) і Ганны Барбары, народжанай Лангенган (Barbara Langenhan).
Наведваў школу Новага горада ў Торуні і пратэстанцкую акадэмічную гімназію. З 1789 года вывучаў тэалогію і філалогію ва ўніверсітэце Лейпцыга. У 1791 годзе, пасля двух гадоў спроб, стаў выкладчыкам польскай мовы і літаратуры ва ўніверсітэце. Скончыў яго ў 1792 годзе, атрымаўшы званне магістра дыпламатыкі на філасофскім факультэце пасля абароны дысертацыі «De solatiis adversus mortis horrores in Platone et Novo Testamento obviis», што дало яму права чытаць лекцыі ва ўніверсітэце.
Восенню 1792 года пачаў супрацоўнічаць з прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая, якія жылі ў Саксоніі ў выгнанні, пераклаў на нямецкую мову творы Юльяна Урсына Нямцэвіча «Вяртанне дэпутата» і «Таргавіцкую Біблію», а таксама творы Гуга Калантая, Ігнацыя Патоцкага і Францішка Ксаверыя Дмахоўскага «Пра ўздым і падзенне Канстытуцыі 3 мая 1791 года». Пераклады гэтых твораў былі апублікаваныя ў Лейпцыгу паміж 1792 і 1794 гадамі. Кантакты з польскімі эмігрантамі, чыё сацыяльнае становішча пераўзыходзіла Ліндэ, адкрылі яму кар’ерныя шляхі, нягледзячы на тагачасную палітычную сітуацыю, і назаўсёды прывязалі яго да польскасці.
Падчас паўстання Касцюшкі жыў у Варшаве сярод прыхільнікаў Ігнацыя Патоцкага і Гуга Калантая. Пасля паразы паўстання стаў бібліятэкарам Юзафа Максіміліяна Асалінскага ў Вене да 1803 года. У гэты перыяд сабраў асноўны лексікаграфічны матэрыял для працы свайго жыцця — «Слоўніка польскай мовы». У 1800 годзе быў прызначаны членам Варшаўскага таварыства сяброў навук, у працы якога ён актыўна ўдзельнічаў пасля 1803 года.
У 1803 годзе стаў дырэктарам Варшаўскага ліцэя, заснаванага прускімі ўладамі, і займаў гэтую пасаду бесперапынна да 1831 года. 1 сакавіка 1804 года Ліндэ апублікаваў праспект «Слоўніка польскай мовы» на польскай і нямецкай мовах. Дзякуючы падпіскам і дапамозе арыстакратычных спонсараў, у прыватнасці Адама Казіміра Чартарыйскага, у Варшаве паміж 1807 і 1815 гадамі былі апублікаваныя шэсць тамоў «Слоўніка польскай мовы» вельмі вялікім накладам у 1200 асобнікаў. Ліндэ працягваў прадаваць свае працы да канца жыцця (да 1847 года). У 1817 годзе цар Аляксандр I набыў у аўтара 98 асобнікаў «Слоўніка» для школ Літвы і Украіны, якія ўжо набылі працы Ліндэ дзякуючы намаганням Віленскага ўніверсітэта, і асабліва яго рэктара Яна Снядэцкага.
У 1816—1818 гадах чытаў лекцыі ў Каралеўскім Варшаўскім універсітэце, а з 1818 года быў дырэктарам Публічнай бібліятэкі, якая была аддзелена ад універсітэта і пашырала сваю калекцыю ў асноўным рэдкімі старадрукамі. У 1831 годзе бібліятэка налічвала больш за 133 000 тамоў — на той момант гэта была найбуйнейшая бібліятэка ў Польшчы. У 1819 годзе Ліндэ сабраў 50 000 тамоў з бібліятэк царкоўных устаноў, якія ў той час ліквідаваліся.
Навуковыя працы Ліндэ, апублікаваныя пасля 1815 года, былі значнымі для таго часу, у які яны былі напісаны: «Аб славянска-расійскай літаратуры» (1815—1816), «Аб Літоўскім статуце, рускай мовай і друкам выдадзеным, паведамленне» (1816, фактычна 1817) і «Пра мову старажытных прусаў» (1822). З шырокай перакладчыцкай дзейнасці Ліндэ былі апублікаваныя толькі «Вінцэнт Кадлубек» Я. М. Асалінскага і «Гістарычны нарыс расійскай літаратуры» Мікалая Грэча (1823). Падчас выхаду на пенсію ён працаваў над расійска-польскім слоўнікам, які пакінуў няскончаным. Гэтая праца некаторы час цікавіла расійскія ўлады, але падвяргалася крытыцы з боку расійскіх навукоўцаў.
У 1826 годзе быў узведзены ў дваранскія тытулы; атрымаў спадчыннае дваранства і герб «Слоўнік». Быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава II ступені ў 1818 годзе і III ступені ў 1815 годзе, а таксама ордэнам Святога Уладзіміра III ступені царамі Аляксандрам I і Мікалаем I. У 1816 годзе атрымаў залаты медаль, прафінансаваны таварыствам, за свой «Слоўнік польскай мовы»; у 1842 годзе атрымаў залаты медаль, прафінансаваны ўладамі Каралеўства Польскага, з нагоды свайго юбілею. У 1844 годзе стаў ганаровым грамадзянінам горада Торунь.
Пахаваны на Евангеліцка-Аўгсбургскіх могілках у Варшаве (алея 1, № 12).
Беларусістычныя даследаванні
Пытанне таго, наколькі Ліндэ ў «Слоўніку польскай мовы» (1807—1814) выкарыстоўваў матэрыялы беларускай мовы застаецца дыскусійным. Вацлаў Ластоўскі лічыў, што ўключна з вытворнымі ў слоўніку налічваецца да 10 тысяч запазычанняў з беларускай і ўкраінскай моў.
Але беларуская і ўкраінская мовы былі абмінуты С. Б. Ліндэ ў змешчаным у першым томе слоўніка ягоным пераліку славянскіх моў і дыялектаў, з якіх ён чэрпаў паралелі для польскіх слоў. У слоўніку С. Б. Ліндэ прыведзена цытата з «Хронікі Гвагніна», у якой фігуруе выраз Белая Русь. Таксама ў слоўніку ёсць артыкулы з назвамі сямі беларускіх гарадоў: Брэст, Гродна, Масты, Навагрудак, Нясвіж, Магілёў, ОршаLewaszkiewicz, Tadeusz. Zainteresowania białorutenistyczne Samuela Bogumila Lindego. W: Maria Biolik i in. (red.). Slavica, onomastica, regionalia. Prace dedykowane Panu Profesorowi Jerzemu Dumie. Olsztyn: Wydawnictwo Uniwersytetu Warmińsko-Mazurskiego, 2016. S. 97-105..
У 1815—1816 гг. у Варшаве на польскай мове былі надрукаваны дзве працы Самуэля Багуміла Ліндэ, якія з’явіліся вельмі важным укладам у беларусістыку таго часу, фактычна распачыналі навуковае зацікаўленне беларускай мовай.
Першая праца — гэта вялікі артыкул «Аб славянска-расійскай літаратуры» (O literaturze słowiańskorosyjskiej), дзе падрабаязна разглядаецца выдадзеная ў 1813—1815 гг. у Санкт-Пецярбургу праца Васіля Сопікава «Спроба расійскай бібліяграфіі». У ім упершыню ў польскамоўнай навуковай літаратуры сустракаецца выраз беларуская мова. Так, С. Б. Ліндэ акцэнтаваў увагу на тым, што мову не ўсіх прадстаўленых у каталогу В. Сопікава кірылічных выданняў трэба кваліфікаваць як царкоўнаславянскую: «…шмат ёсць напісаных па-маларасійску або па-беларасійску». Ліндэ змясціў два паралельныя, беларускі і польскі, фрагменты з ´Казання святога Кірылы пра Антыхрыста" Стафана Зізанія, каментуючы мову ´Казання святога Кірылы пра Антыхрыста", выказаў меркаванне аб блізкасці здабытай з гэтага помніка, раней яму невядомай мовы да польскай: беларуская і польская мовы, на яго думку, адрозніваліся толькі канчаткамі іменных часцін мовы і дзеясловаў, але рэдка лексікай.
Услед за Т. Чацкім С. Б. Ліндэ напісаў, што першая і трэцяя рэдакцыі статутаў ВКЛ былі напісаны «на рускай мове», сцвердзіў, што «ўсе Ягелоны аж да Жыгімонта Аўгуста ў Літве пісалі па-руску, давалі граматы і прывілеі, а паводле слоў нашага Бантке (у яго гісторыі кнігадрукавання), здаецца, некаторыя з іх не надта добра ведалі польскую мову і, прынамсі, Казімір Ягелон раней умеў па-руску, чым па-польску...». У фрагменце, прысвечаным Ф. Скарыну, С. Б. Ліндэ заўважыў, што ў прадмове да кнігі «Эсфір» першадрукар згадваў пра «сваю прыродную рускую мову». Ліндэ вельмі ўважліва і падрабязна разгледзеў тыя месцы кнігі Сопікава, у якіх гаворка ішла пра Францыска Скарыну, паводле меркавання філолага, Скарына хутчэй пісаў свае творы «на рускім дыялекце, вельмі блізкім да польскай мовы».
Напісанне другой працы — «Аб Літоўскім статуце, рускай мовай і друкам выдадзеным, паведамленне» (O Statucie litewskim ruskim językiem i drukiem wydanym wiadomość) — было як водгукам Ліндэ на агульную грамадскую ўвагу да гэтага помніка, засведчаную ў факце яго выдання ў 1811 годзе ў Пецярбургу на рускай і польскай мовах, так і непасрэдным адказам на просьбу Ф. Бэнткоўскага аб напісанні такога даследавання. Ліндэ з такой цікавасцю займаўся гэтым помнікам, што першыя аркушы сваёй працы здаў у друк, калі кніга яшчэ не была дапісана да канца. У выніку ў канцы даследавання прыйшлося зрабіць некаторыя карэктывы да таго, што было напісана ў пачатку кнігі. У гэтай працы Ліндэ звярнуў увагу на «рускую мову» Статута. Недыферэнцыяванае выкарыстанне некаторымі тагачаснымі польскімі аўтарамі тэрміна «język ruski» вымусіла Ліндэ зрабіць заўвагу адносна таго, што гэты выраз часам ужываўся неўласціва: напрыклад, Тадэвуш Чацкі ў асобных выпадках змешваў назву руская мова з назвамі царкоўная мова і расійская мова. Аднак, сцвярджае С. Б. Ліндэ, руская мова моцна адрозніваецца ад расійскай і царкоўнай, ірасіянін, які з захапленнем дэкламуе творы Ламаносава, Дзяржавіна і г. д., а таксама грэцка-расійскі святар, які ўсю славянскую Біблію ведае на памяць, не зразумее ніводнага артыкула рускага Літоўскага статута настолькі, што ўзнікла патрэба выдаць Статут у перакладзе на расійскую мову.Зыходзячы з таго што мова Статута не адрознівалася ад мовы кваліфікаванага В. Сопікавым як беларуская «Казання Святога Кірыла аб Антыхрысце», С. Б. Ліндэ назваў мову Літоўскага статута беларускай, выдзеліўшы ў тэксце гэтую назву. Параўноўваючы біблейскія ўрыўкі ў Статуце з Астрожскай Бібліяй, Ліндэ адмаўляў паходжанне гэтых урыўкаў і з Астрожскай Бібліі, і з перакладу Бібліі Скарыны: «Гэтыя ўрыўкі з Статута, як вынікае, мусяць быць самастойнай працай беларускага перакладчыка, які трымаецца ў іх звычаяў, гутарковай мовы сваіх землякоў» (Teksta zatem te w Statucie muszą być dowolnej pracy białoruskiego tłumacza, stosującego się w nich do zwyczaju, potocznej mowy swych ziomków)Olechnowicz, M. Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX wieku. — Łódź, 1986. — S. 75..
У працы «Аб Літоўскім статуце…» С. Б. Ліндэ яшчэ раз звярнуўся да тэмы кваліфікацыі мовы Ф. Скарыны і скарэкціраваў свае ранейшыя погляды: «у Скарыны назіраем дамешку рускай мовы да царкоўнай, старая славянская мова ў яго выразна пераважае».
Такім чынам, у працы Ліндэ істотнымі для беларусістыкі аказаліся размежаванне беларускай («рускай»), расійскай і стараславянскай моў у якасці асобных і і кваліфікацыя мовы Статута як беларускай.
У прадмове да перакладу кнігі Мікалая Грэча «Гісторыя рускай літаратуры» (1823) Ліндэ падкрэслівае неабходнасць устанавіць і захоўваць розніцу ва ўжыванні назваў славянскай, царкоўнай, рускай, маларасійскай, беларускай, сучаснай расійскай моў. Ён паўторна прапанаваў сваю дыферэнцыяцыю, пры гэтым рускай ён назваў мову, якая «была ва ўжытку ў Маскве і ваколіцах да часу Пятра Вялікага і трохі пазней», беларускай — «на якой народ размаўляе ў Літве і часткова на Валыні», сучаснай расійскай — «якая ўзнікла пасля Пятра Вялікага». Такім чынам, Ліндэ спачатку разумеў пад 'беларускай мовай'ª выключна гістарычны феномен, але пазней змяніў свой пункт гледжання і выкарыстоўваў гэты лінгвонім толькі для наймення сучаснай яму жывой беларускай мовы.
Паводле Сяргея Запрудскага: На кароткі час Ліндэ блізка дакрануўся да некаторых вельмі важных пісьмовых помнікаў беларускай гісторыі: выданняў Ф. Скарыны, Статута Вялікага Княства Літоўскага і іншых. Першы аналіз Статута дазволіў Ліндэ ідэнтыфікаваць беларускую мову як адрозную і ад польскай, і ад расійскай, і ад царкоўнаславянскай. Верагодна, з прычыны таго, аднак, што паглыбленая распрацоўка беларускай тэматыкі не магла прыносіць палітычных дывідэндаў Ліндэ неўзабаве перастаў акцэнтаваць беларускі ракурс польска-ўсходнеславянскіх сувязяў, звузіўшы яго да польска-расійскага.
Крыніцы
Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1794 года Катэгорыя:Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта Катэгорыя:Славісты Польшчы