Германі́зм (ад германскі) — слова, выраз або канструкцыя, запазычаныя з нямецкай мовы.
У шырокім разуменні — да германізмаў адносяцца таксама запазычанні з англійскай, нідэрландскай, дацкай, шведскай і іншых германскіх моў.
У беларускай мове Германізмы трапляюцца ў беларускіх граматах XIII—XIV стагоддзяў, якія адлюстроўваюць гандлёвыя зносіны паўночных гарадоў Беларусі з нямецкім насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага (напрыклад, кунторъ — чын у тэўтонскім ордэне). Вялікая колькасць слоў нямецкага паходжання пранікла ў старабеларускую мову праз польскую мову і мову ідыш беларуска-літоўскага варыянта, у меншай меры на працягу XV—XVII стагоддзяў непасрэдна з нямецкай мовы.
Асноўная частка германізмаў — бытавая і вытворча-гаспадарчая лексіка (ліхтар, куфель, абцугі, дах, труна, цыбуля), а таксама сацыяльна-эканамічная тэрміналогія (канцлер, грабар, фальварак). Да асноўных прыкмет нямецкіх слоў адносяцца: спалучэнні шт, шп, шн, шл, шр, хт, фт: штаб, пошта, шнур, гешэфт; пачатковыя ц, ш, ф: цэх, шыфер, фарш; наяўнасць дыфтонгаў [аў], [ай]: гаўптвахта, айсберг; ненаціскное -ер (-ар) на канцы слова: юнкер, майстар.
Частка германізмаў ужо страціла адзнакі свайго паходжання (гандаль, дратва, рада, рэдзька, стэльмах), частка ўспрымаецца як чужародныя элементы. Такія германізмы зберагаюць тыповыя фанетычныя (шпіталь, магістр, штольня) і словаўтваральныя (бліцкрыг, ландшафт, штрэйкбрэхер) рысы нямецкай мовы.
Крыніцы
Катэгорыя:Запазычанні Катэгорыя:Беларуская мова Катэгорыя:Нямецкая мова