Марыя Мікалаеўна Віннікава () — беларуская мастацтвазнаўца, даследчыца гісторыі народнага мастацтва, этнограф. Спецыялістка ў беларускім народным тэкстылі і традыцыйным касцюме. Кандыдатка мастацтвазнаўства (2001).
Біяграфія
Нарадзілася ў 1950 годзе ва Усохскай Будзе Церахоўскага раёна (цяпер у Добрушскім) Гомельскай вобласці.
Скончыла мастацка-графічны факультэт Ленінградскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. І. Герцэна. Пазней навучалася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР па спецыяльнасці «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва».
З 1988 года працуе ў аддзеле старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору (пазней — у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). З 2002 года старшая навуковая супрацоўніца. Станам на 2016 год — захавальніца аддзела народных тканін Музея старажытнабеларускай культуры. З 2025 года вядучая навуковая супрацоўніца сектара даследаванняў старажытнабеларускай культуры.
Дзейнасць
У 2001 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю «Народное узорное ткачество Беларуси конца XIX — начала XX века», у якой даследавала склад, тыпалогію і мастацкія прыёмы народных тканін, а таксама сувязь арнаментаў з каляндарнымі святамі і абрадамі.
Асноўныя кірункі дзейнасці — даследаванне беларускага народнага тэкстылю, традыцыйнага строю і сістэм арнаменту. Цягам многіх гадоў удзельнічае ў навуковых экспедыцыях па Беларусі, займаецца фіксацыяй элементаў культуры і зборам палявых матэрыялаў. Займаецца практычнай рэканструкцыяй страчаных спосабаў нашэння намітак на грунце архіўных звестак і музейных калекцый. У даследаваннях выкарыстоўвае матэрыялы ўласнай калекцыі намітак.
Выступала навуковай кансультанткай альбома «Народнае мастацтва Беларусі XVI—XXI стст.» у межах праекта «Нашы калекцыі». Была сукуратаркай маштабнай выстаўкі «Анталогія прыгажосці», дзе прадстаўляла вынікі даследаванняў традыцыйных жаночых галаўных убораў. 21 мая 2023 года правяла майстар-клас па «навіванні» беларускіх намітак у Расійскім этнаграфічным музеі (Санкт-Пецярбург).
У інтэрв’ю адзначае розніцу паміж «традыцыйным» (сельскім) і «нацыянальным» (агульнаграмадскім) касцюмам, а таксама паказвае на запазычаны характар паняцця «вышыванка» ў беларускай лексіцы.
Прызнанне
Дыплом першай ступені LXII Намінальнага конкурсу «Мастацтва кнігі» (2023) у намінацыі «За ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны» (як навуковаму кансультанту альбома «Народнае мастацтва Беларусі XVI—XXI стст.»).
Крыніцы
Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі