«Белару́скі філія́л Прампа́ртыі» («БФП») — назва «контррэвалюцыйнай шкодніцкай дыверсійна-шпіёнскай арганізацыі», прыдуманай летам 1931 года супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычнага працэсу над інтэлігентамі ў апараце кіраўніцтва прамысловасцю БССР.
Структура Стварэнне «БФП» было аднесена да 1926 года. Яго ячэйкі «дзейнічалі» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Белбудаб’яднанні, Белметалааб’яднанні, Белскураб’яднанні. Паводле абвінаваўчага заключэння, «фактычным галавой контррэвалюцыйнай арганізацыі» быў кіраўнік прамсекцыі пры Дзяржплане БССР А. М. Каплан.
Абвінавачанні Членам «БФП» інкрымінавалася «жаданне перараджэння савецкай улады ў буржуазна-дэмакратычную рэспубліку», правядзенне мерапрыемстваў, якія «павінны былі перашкаджаць і тармазіць развіццё народнай гаспадаркі і ствараць тыя ці іншыя прарывы і перашкоды». Акрамя паказанняў сведак і прызнанняў арыштаваных, ніякіх доказаў існавання «БФП» не выяўлена.
Прысуды і рэабілітацыя Да крымінальнай адказнасці за прыналежнасць да «БФП» было прыцягнута 30 чалавек, 8 з якіх праходзілі таксама як члены «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», што, на думку АДПУ, пацвярджала наяўнасць сувязі паміж «контррэвалюцыянерамі» Беларусі. Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 23 ліпеня 1931 года 10 чалавек прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, астатнія — да 5 гадоў (10 членам «БФП» зняволенне ў лагерах было заменена высылкай на той жа тэрмін на Урал, у Казахстан).
У жніўні 1962 года за недаказанасцю прад’яўленых абвінавачанняў рэабілітаваны 1 чалавек. У верасні 1989 года на падставе артыкула 1 Указа Прэзідыума ВС СССР ад 16 студзеня 1989 года рэабілітаваны астатнія 29 чалавек.
Гл. таксама Беларускі філіял меншавікоў Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі Саюз вызвалення Беларусі
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Судовыя працэсы перыяду сталінскіх рэпрэсій