Кааліцыя Латушка і Рух «За Свабоду» — беларуская палітычная кааліцыя, створаная камандай Паўла Латушкі і Рухам «За Свабоду» для ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду беларускіх дэмакратычных сіл.
Гісторыя Публічнае абвяшчэнне сумеснага ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду адбылося 18 красавіка 2024 года, калі Павел Латушка і Юрый Губарэвіч заявілі пра стварэнне кааліцыі дзеля ўдзелу ў выбарах у Каардынацыйную раду. У гэтым жа паведамленні Латушка казаў, што да кааліцыі далучыліся іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры і прадпрымальнікі.
Выбары 2024 года 23 красавіка 2024 года выбарчая камісія Каардынацыйнай рады афіцыйна зарэгістравала выбарчы суб’ект «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“». Спіс быў дапушчаны да выбараў у складзе 46 чалавек. У той жа дзень фракцыя падпісала «пакт аб сумленных выбарах», які прадугледжваў адмову ад негатыўнай агітацыі, павагу да іншых удзельнікаў кампаніі і гатоўнасць да супрацоўніцтва пасля выбараў.
Галасаванне на выбарах праходзіла 25—27 мая 2024 года. У галасаванні ўзялі ўдзел 6723 выбаршчыкі. Спіс фракцыі атрымаў 2358 галасоў, 35,07 % і 28 мандатаў з 80. 11 ліпеня 2024 года прадстаўніца фракцыі Анжаліка Мельнікава была абраная на пасаду спікера КР. Пасля новым спікерам Рады стаў іншы прадстаўнік фракцыі Арцём Брухан.
Выбары 2026 года У 2026 годзе кааліцыя паўторна ўдзельнічала ў выбарах у Каардынацыйную раду. 3 красавіка 2026 года выбарчая камісія зарэгістравала выбарчы суб’ект «Кааліцыя Латушка і Рух “За Свабоду”». Дакументы на рэгістрацыю падаў Юрый Губарэвіч, а спіс уключаў 38 кандыдатаў. Паводле вынікаў, кааліцыя атрымала 893 галасы, 42,26 % і 34 мандаты з 80.
Спрэчкі У жніўні 2024 года фракцыя ўдзельнічала ў спрэчцы вакол галасавання па пратаколе ўзаемадзеяння і пацвярджэння паўнамоцтваў Святланы Ціханоўскай. Прадстаўнікі фракцыі сцвярджалі, што галасаванне не адбылося праз адсутнасць кворуму, а яго вынікі не маглі лічыцца прынятымі.
Асобнай тэмай унутраных спрэчак у Каардынацыйнай радзе стала ініцыятыва фракцыі аб прыпыненні дзеяння рэгламенту рады. Палітык Андрэй Ягораў раскрытыкаваў гэтую ініцыятыву як «агрэсіўную змену правілаў пад сябе», у той час як Павел Латушка тлумачыў яе неабходнасцю паўнавартаснага абмеркавання рэгламенту і выпрацоўкі больш інклюзіўных правілаў працы КР.
Праграма і палітычныя пазіцыі
У праграме 2024 года кааліцыя вызначала сярод прыярытэтаў абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, падтрымку беларускай мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама падтрымку незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Праграма прадугледжвала размежаванне беларускага грамадства і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, падтрымку палітычных зняволеных, дапамогу беларусам у вымушанай эміграцыі і ўзмацненне міжнароднага ціску на беларускія ўлады. У знешнепалітычнай частцы праграмы згадваліся еўрапейскі выбар Беларусі, падтрымка Украіны і прынцып «нічога пра Беларусь без беларусаў».
У праграме 2026 года кааліцыя таксама заяўляла пра прыярытэт незалежнасці Беларусі, еўрапейскі выбар краіны, падтрымку Украіны і неабходнасць міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў беларускіх уладаў. Асобна згадвалася падтрымка ідэі Нацыянальнага дыялогу або Круглага стала як магчымых інструментаў выхаду з палітычнага крызісу.
Пераслед з боку беларускіх уладаў
3 мая 2024 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў фракцыю «экстрэмісцкім фарміраваннем». 8 мая 2024 года звесткі пра гэтае «экстрэмісцкае фарміраванне» былі ўнесеныя ў пералік Міністэрства ўнутраных спраў.
У маі 2024 года ў кватэрах кандыдатаў ад кааліцыі і іх сваякоў у Беларусі праходзілі ператрусы. 21 мая 2024 года Следчы камітэт Беларусі абвясціў пра ўзбуджэнне крымінальных спраў супраць усіх удзельнікаў выбараў у Каардынацыйную раду, у тым ліку кандыдатаў ад спіса кааліцыі.
Электаральная гісторыя Каардынацыйная рада Выбары Лідары Галасоў % Колькасць мандатаў Статус 2024Павел Латушка Юрый Губарэвіч 2 358 35,07 2026 893 42,26
Крыніцы
Катэгорыя:Фракцыі Каардынацыйнай рады