Аляксандр Аўгустыновіч (;  — ) — рымска-каталіцкі святар, расстраляны нацыстамі.

Біяграфія Нарадзіўся ў 1890 годзе ў засценку Селішча паблізу Лынтупаў. Бацькі, Казімір і Урсула, вялі вясковую гаспадарку. У 1908 годзе здаў экзамен на «аптэкарскага вучня» камісіі Маскоўскай навуковай акругі. У 1909 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1913 годзе. Служыў у Ліпнішках як вікарый да 1918 года. Затым прызначаны пробашчам парафіі ў Беніцы. Спрыяў аднаўленню парафіі ў Лоску, дзе дапамагаў у будаўніцтве касцёла Найсвяцейшага Сэрца Ісуса, які быў асвечаны ў 1924 годзе, пасля стаў адміністратарам мясцовай парафіі. З 1925 года пробашч парафіі Даўгінава. У 1931 годзе пераведзены ў Нецеч на Лідчыне.

Лічыў сябе беларусам, быў прыхільнікам Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Належаў да «пятнаццаткі», якая прадставіла мемарандум аб беларускіх справах канферэнцыі Епіскапату Польшчы ў 1925 годзе.

Арыштаваны гестапа ў сярэдзіне 1942 года разам з іншымі мясцовымі святарамі ў якасці заложнікаў за дзеянні антыфашысцкага падполля. Зняволены ў Лідзе. Калі немцы часова выпусцілі вязняў, ксёндз Аўгустыновіч з паплечнікамі прыняў рашэнне вярнуцца ў турму, каб акупанты не спалілі іх вёскі. 10 сакавіка 1943 расстраляны разам з іншымі святарамі ў Кашаровым лесе паблізу Ліды.

У красавіку 1943 года мясцовыя жыхары таемна перапахавалі целы святароў. 30 кастрычніка 1960 года парэшткі 9 ксяндзоў былі перанесены на гарадскія могілкі, ля вёскі Даліна (Лідскі раён). На месцы новага пахавання быў усталяваны супольны саркафаг. Дзяржава прысвоіла гэтаму месцу статус воінскага пахавання (№ 6865).

Крыніцы

Спасылкі zl.pawet.net

Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Расстраляныя