1-я Ры́жская белару́ская пачатко́вая шко́ла (таксама 1-я Рыжская беларуская асноўная школа) — навучальная ўстанова беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі, якая дзейнічала ў Рызе. У часы аўтарытарнай дыктатуры Карліса Улманіса з’яўлялася апошняй і адзінай дзейнай беларускай школай ва ўсёй краіне.
Гісторыя
Заснаванне і праца ў 1920—1930-я гады Школа была адкрыта ў сярэдзіне 1920-х гадоў намаганнямі мясцовага беларускага актыву. Установа размяшчалася ў рыжскім раёне Маскоўскі Фарштат па адрасе вуліца Маскоўская, 173 (Maskavas iela, 173). У 1925 годзе адбыўся першы выпуск навучэнцаў школы, што выклікала вострую неабходнасць стварэння сярэдняй навучальнай установы для працягу іх адукацыі на роднай мове. Вынікам гэтага стала адкрыццё ў 1929 годзе Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі, якая з 1931 года арандавала памяшканні ў будынку 1-й пачатковай школы.
Установа хутка стала адным з галоўных цэнтраў беларускага грамадскага жыцця ў латвійскай сталіцы. У яе будынку мясцілася галоўная ўправа Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ). 25 сакавіка 1933 года ў сценах школы кіраўніцтва ТБМЛ зладзіла ўрачыстае святкаванне 15-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, падчас якога з дакладам выступіў Кастусь Езавітаў. Таксама ў будынку школы 2 верасня 1933 года прайшоў першы агульны сход Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ).
Часы аўтарытарнага рэжыму Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года новы аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса пачаў наступ на правы нацыянальных меншасцей. Пачалося масавае закрыццё беларускіх навучальных устаноў, у тым ліку Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. У 1936 годзе ўлады ліквідавалі Рыжскую прыватную гімназію, а таксама 2-ю пачатковая і вячэрнюю беларускія школы ў Рызе. З гэтага часу 1-я Рыжская беларуская пачатковая школа, якой кіраваў педагог Сцяпан Сіцько, засталася апошняй і адзінай беларускай школай ва ўсёй Латвіі.
У гэты перыяд нацыянальна-культурнае жыццё беларускай дыяспары ў правінцыі цалкам замерла. Сталіца і непасрэдна 1-я пачатковая школа сталі адзіным месцам, дзе яно яшчэ захоўвала арганізаваныя формы. У школьных мурах час ад часу праводзіліся культурныя імпрэзы, тэатральныя выступы і публічныя лекцыі, якія ладзіла легальнае Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі.
Восенню 1939 года рыжская гарадская школьная ўправа разглядала пытанне аб ліквідацыі дашкольнага класа пры 1-й беларускай школе. У абарону ўстановы рашуча выступіла новае Таварыства беларусаў у Латвіі. 1 кастрычніка 1939 года ўправа таварыства ўхваліла зварот да міністра асветы з просьбай не зачыняць дашкольны клас. Пасля асабістай сустрэчы беларускай дэлегацыі з міністрам улады былі вымушаны адмовіцца ад сваіх планаў і захавалі ўстанову ў ранейшым выглядзе. Школа спыніла сваё існаванне толькі ў пачатку 1940-х гадоў, пасля далучэння Латвіі да СССР і пачатку Другой сусветнай вайны.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Школы Латвіі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Рыгі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:З’явіліся ў 1920-я гады Катэгорыя:Зніклі ў 1940-я гады