Уладзі́мір Дзмі́трыевіч Шыбе́ка (нар. 1984 ці 1985, Орша, Віцебская вобласць) — беларускі дзяржаўны дзеяч. Кіраўнік адміністрацыі Заводскага раёна горада Мінска з 18 чэрвеня 2024 года.

Біяграфія Нарадзіўся ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. У дзяцінстве марыў стаць кіроўцам аўтобуса, аднак пасля заканчэння дзевяці класаў школы за кампанію з сябрам паступіў у Смальянскі дзяржаўны аграрны каледж. Пазней скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Працоўны шлях пачаў на пасадзе эканаміста на адным з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. З 2010 па 2014 год працаваў намеснікам старшыні Клічаўскага раённага выканаўчага камітэта. У далейшым займаў кіруючыя пасады на шэрагу гандлёвых і вытворчых прадпрыемстваў.

З 2021 па 2023 год працаваў на пасадзе першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска. 10 лістапада 2023 года быў прызначаны старшынёй камітэта эканомікі Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

18 чэрвеня 2024 года старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў прадставіў Уладзіміра Шыбеку ў якасці новага кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна сталіцы. На гэтай пасадзе ён змяніў Сяргея Масляка, які перайшоў на пасаду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

На пасадзе кіраўніка раённай адміністрацыі Уладзімір Шыбека ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва яе дзейнасцю і нясе персанальную адказнасць за працу з кіруючымі кадрамі, а таксама іх рэзервам. У яго непасрэдную кампетэнцыю ўваходзіць шырокае кола пытанняў: фарміраванне і выкананне каштарысу расходаў адміністрацыі, забеспячэнне захавання законнасці і аховы грамадскага парадку, арганізацыя тэрытарыяльнай абароны, развіццё міжнародных сувязей, а таксама кантроль за захаваннем законнасці ў сферы абароны дзяржаўных сакрэтаў.

Асабістае жыццё Жанаты, выхоўвае дачку. У вольны час захапляецца адпачынкам на прыродзе, рыбалкай і зборам грыбоў.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў Оршы Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Катэгорыя:Выпускнікі БДЭУ Катэгорыя:Выпускнікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Катэгорыя:Дзяржаўныя дзеячы Беларусі Катэгорыя:Кіраўнікі адміністрацый раёнаў Мінска