«Ася» — аповесць Івана Сяргеевіча Тургенева. Напісана ў 1857 годзе, апублікавана ў 1858 годзе ў першым нумары часопіса «Сучаснік» (том LXVII). Беларускі пераклад Уладзіміра Ляўданскага выйшаў у 1947 годзе.

Стварэнне аповесці і прататыпы Тургенеў працаваў над аповесцю з ліпеня па лістапад 1857 года. Павольны тэмп напісання быў выкліканы хваробай і стомай аўтара (рэдакцыя «Сучасніка» чакала аповесць нашмат раней). Па ўласным прызнанні Тургенева, задуму аповесці ён убачыў у нямецкім мястэчку Зінцыг: пажылая жанчына, якая выглядала з акна на першым паверсе, і галоўка юнай дзяўчыны ў акне наверсе. Тургенеў паспрабаваў уявіць лёс гэтых людзей: так узнікла задума «Асі». З іншага боку, героі аповесці нагадваюць мастака А. П. Нікіціна (які кінуў афіцэрскую кар’еру дзеля заняткаў жывапісам), брата і сястру Сабуравых.

Прататыпамі Асі, верагодна, паслужылі тры незаконнанароджаныя дзяўчыны з ліку дамачадцаў аўтара. Яго маці выхоўвала Асю ці Ганну, пазашлюбную дачку Мікалая Мікалаевіча Тургенева (дзядзькі і апекуна аўтара). Таксама ў доме жыла Варвара, пазашлюбная дачка яго маці. Нарэшце, падчас працы над аповесцю ад непадзеленага першага кахання пакутавала ўласная пазашлюбная дачка пісьменніка, Паліна. Падабенства Паліны з гераіняй аповесці ўзмацняецца нізкім паходжаннем яе маці і канфліктамі дзяўчыны з дзецьмі Паліны Віярдо (у яе сям’і яна выхоўвалася).