Юрый Патрыкеевіч () — маскоўскі ваявода і баярын, з роду Гедзімінавічаў, сын Патрыкея Нарымунтавіча, родапачынальнік княжацкага роду Патрыкеевых.
Біяграфія У ліпені 1408 года бацька Юрыя, Патрыкей, выехаў у Маскву ў свіце літоўскага князя Свідрыгайлы. Прыкладна з сярэдзіны 1410-х гадоў сам Юрый Патрыкеевіч пачаў актыўную службу пры двары вялікага князя маскоўскага Васіля I Дзмітрыевіча.
Хутка ўвайшоў у кола маскоўскай арыстакратыі. Паводле розных летапісных версій, Юрый умацаваў сваё становішча шлюбам з княжной з маскоўскага дому (альбо з дачкой Васіля I Марыяй, альбо з дачкой Дзмітрыя Данскога Ганнай). Карыстаўся выключным даверам Васіля I. У 1425 годзе пры складанні духоўнага тастаменту вялікага князя перад смерцю Юрый Патрыкеевіч быў названы першым сярод свецкіх сведкаў.
Калі ў 1433 годзе пачалася вайна за маскоўскі пасад, Юрый узначаліў вялікакняжацкае войска ў паходзе на Кастраму супраць галіцкіх князёў Васіля Касога і Дзмітрыя Шамякі. У бітве на рацэ Кусь ён пацярпеў паражэнне і на кароткі час трапіў у палон. У 1437 годзе ездзіў у Вялікі Ноўгарад для збору так званага «чорнага бору» (адмысловага падатку). Удзельнічаў у арганізацыі абароны Масквы падчас набегу татарскага хана Улу-Мухамеда ў 1439 годзе.
Апошнія згадкі пра дзейнасць Юрыя Патрыкеевіча датуюцца зімой 1444–1445 гадоў.
Яго сын — Іван Юр’евіч Патрыкееў па мянушцы Гвоздзь — стаў адным з самых уплывовых і магутных дзяржаўных дзеячаў (галоўным ваяводам і фактычным кіраўніком маскоўскага ўрада) у эпоху праўлення Івана III. Ад роду Патрыкеевых пазней адгалінаваліся князі Шчаняцевы і Булгакавы.
Крыніцы
Катэгорыя:Гедзімінавічы