Паперня — вадасховішча ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, каля в. Заполле. Створана на р. Зальвянка ў 1950 годзе для энергетычных мэт (працуе ГЭС Паперня). Плошча 1,8 км², даўжыня 4,2 км, найбольшая шырыня 600 м, найбольшая глыбіня 3,1 м, аб’ём вады 2 млн м³, даўжыня берагавой лініі 12,1 км. Катлавіна рэчышчавага тыпу. Берагі парослыя лесам, правы высокі, бліжэй да плаціны паніжаецца і пераходзіць у забалочаную раўніну, левы ў вярхоўі нізінны, забалочаны, на астатнім працягу павышаецца. Ваганні ўзроўню на працягу года да 0,3 м. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі, адпачынку.

Літаратура

Катэгорыя:Вадасховішчы Беларусі