Абагачэнне карысных выкапняў — сукупнасць працэсаў і метадаў канцэнтрацыі мінералаў пры пачатковай перапрацоўцы цвёрдых карысных выкапняў. Праводзіцца пры малой колькасці каштоўных кампанентаў у сыравіне або наяўнасці ў ёй шкодных прымесяў. Пры абагачэнні адбываецца механічнае раздзяленне мінералаў, атрыманне канчатковых прадуктаў (напрыклад, сільвініту, азбесту, графіту і інш.), канцэнтратаў, прыдатных на металургічную, хімічную і інш. перапрацоўку і адходы. Пры абагачэнні карысных выкапняў з руд вылучаюць ад 60 да 95 % карысных кампанентаў (з малібдэнавых руд з 0,1 % Мо атрымліваюць 50%-ны канцэнтрат). Асноўныя метады абагачэння — флатацыя, гравітацыйнае абагачэнне, магнітная і электрычная сепарацыя. Практыкуецца таксама абагачэнне па вонкавых прыкметах (сартаванне мінералаў па колеры і бляску), радыеметрычнае (па прыроднай ці наведзенай радыеактыўнасці), на ліпкіх паверхнях (наліпанне алмазаў з пульпы на паверхню са слоем тлушчу) і інш. Метады абагачэння карысных выкапняў выкарыстоўваюцца паасобку або ў розных спалучэннях. Флатацыяй вылучаюць хлорысты калій з сільвінітавай руды на калійных камбінатах Беларусі. Пры гравітацыйным абагачэнні выкарыстоўваюць розную шчыльнасць мінералаў. Магнітнай сепарацыяй раздзяляюць матэрыялы рознай магнітнай успрымальнасці (напрыклад, жалезную руду). Электрычныя метады заснаваны на неаднолькавай электраправоднасці часцінак і рознай іх здольнасці набываць электрычныя зарады. Абагачэнне карысных выкапняў павялічвае прадукцыйнасць і эфектыўнасць металургічных і хімічных працэсаў.

Літаратура