Абаротны капітал — частка пастаяннага прадукцыйнага капіталу, вартасць якога ў працэсе яго вытворчага расходавання цалкам пераносіцца на прадукт і цалкам вяртаецца да прадпрымальніка ў грашовай форме ў канцы кожнага кругаабароту капіталу. Да абаротнага адносіцца капітал, авансаваны на куплю сыравіны, паліва, дапаможных матэрыялаў і іншых прадметаў працы, а таксама пераменны капітал. Абаротны капітал абарачаецца хутчэй за асноўны капітал. Чым большая доля абаротнага капіталу ў авансаваным капітале, тым меншы час абароту ўсяго капіталу і большы прыбытак.

Абаротныя сродкі — грашовыя сродкі, прызначаныя на ўтварэнне абаротных вытворчых фондаў і фондаў абарачэння. Адна іх частка дзейнічае ў вытворчай сферы і набывае форму вытворчых запасаў, незавершанай вытворчасці і наступных затрат, другая абслугоўвае сферу абарачэння і набывае форму гатовых вырабаў, грашовых сродкаў і сродкаў у разліках. Асноўная крыніца фарміравання першых — даход (прыбытак), другіх — кароткатэрміновы крэдыт. Эфектыўнасць выкарыстання абаротных сродкаў характарызуецца колькасцю абаротаў (каэфіцыентам абарачэння) і працягласцю аднаго абароту (хуткасцю абароту).

Абаротныя фонды — частка вытворчых фондаў прадпрыемства, якая цалкам расходуецца ў вытворчым цыкле і цалкам пераносіць сваю вартасць на новы прадукт. Матэрыяльна-рэчыўную аснову абаротных фондаў складаюць прадметы працы (матэрыялы, сыравіна і інш.), што знаходзяцца на складах у выглядзе вытворчых запасаў і незавершанай вытворчасці. У рыначнай эканоміцы абаротныя фонды — пастаянная частка абаротнага капіталу.

Літаратура

Катэгорыя:Эканамічныя тэрміны