Станіслаў Шумскі (; ) — зямянін, напалеонаўскі афіцэр, маршалак Віленскага павета, палітычны дзеяч, мемуарыст.Sikorska-Kulesza Jolanta. Stanisław Szumski // Polski Słownik Biograficzny. T. XLIX, s. 382—383.
Паходжанне і сям’я Нарадзіўся 14 красавіка 1790 года ў маёнтку Шумск (Віленскі павет) у сям’і Ваўжынца Шумскага, літоўскага конюшага, уладальніка маёнтка Балоша (Свянцянскі павет), і Людвікі з Кашчыцаў, мядзельскай стараставічанкі. Меў старэйшую сястру Барбару (пам. 1840) і брата Юзафа (пам. 1842), удзельніка вайны 1812 года. Па матчынай лініі быў у сваяцтве з сям’ёй Кашчыцаў; яго цётка Станіслава з Кашчыцаў была замужам за Станіславам Мірскім (Святаполк-Мірскім), а стрыечныя брат і сястра па цётцы — Францішак Шэмет і Ганна Шэмет (у шлюбе з Міхалам Гадонам).
У шлюбе 13 красавіка 1819 года з Марыяй з Мірскіх (пам. 1821), стрыечнай сястрой, меў дачку Марыю (Марыяну) (1821—1851), якая 15 мая 1846 года выйшла замуж за Ігната Дамініка Лапацінскага.
Дзяцінства і адукацыя Пасля смерці бацькі і продажу маці маёнтка Балоша сям’я пераехала ў Вільню, дзе жыла пры сям’і цёткі, Станіславы з Кашчыцаў Мірскай. Неўзабаве разам з Мірскімі, якія асцерагаліся рэпрэсій пасля паўстання 1794 года, выехаў у Галіцыю, у маёнтак Домброва (Тарноўскі павет). Каля 1795 года разам з братам Юзафам знаходзіўся ў Вене; іх адукацыяй амаль год займаўся прафесар батанікі Віленскай Галоўнай школы Станіслаў Баніфацы Юндзіл, які быў у навуковым падарожжы.
У 1797 годзе разам з братам быў аддадзены ў Варшаве ў шляхецкі пансіён Фрыдэрыка Гаўке. На радзіму вярнуўся з сям’ёй Мірскіх пасля абвяшчэння ў 1801 годзе імператарам Паўлам I амністыі; сям’я пасялілася ў маёнтку Завер’е (Нова-Аляксандраўскі павет). Разам з братам наведваў школы ў Вільні, дадаткова вучыўся дома ў гувернёра-француза. У 1807—1809 гадах вучыўся ў Віленскім універсітэце, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі.
Ваенная служба і палітычная дзейнасць Пасля ўваходжання ў чэрвені 1812 года напалеонаўскай Вялікай арміі ў Вільню запісаўся ў яе шэрагі. У чыне капітана прайшоў расійскую кампанію як адзін з 25 штабных афіцэраў кавалерыйскага корпуса маршала Іаахіма Мюрата, пад непасрэдным камандаваннем начальніка штаба генерала Агюстэна Бельяра, выконваў вельмі рызыкоўныя даручэнні — дастаўку дэпеш і загадаў у гарачых кропках фронту. Пасля бітвы пад Барадзіно (7 верасня 1812) некалькі разоў прарываўся праз лінію агню, каб перадаць загады Мюрата, і быў узнагароджаны Крыжам Ганаровага легіёна.
Падчас адступлення Вялікай арміі, побач з параненым генералам Міхалам Сакальніцкім, дасягнуў 28 снежня Караляўца, але там захварэў і пасля ўвахода расійскіх войскаў трапіў у палон. Дзякуючы заступніцтву сяброў пазбегнуў высылкі ў Варонеж. Выкліканы ў Варшаву дзеля ўрэгулявання вайсковага статусу, адмовіўся ўступіць у армію Каралеўства Польскага і пасля атрымання 16 снежня 1815 года адстаўкі вярнуўся ў Вільню.
У 1819 годзе імператар Аляксандр I прызначыў яго камер-юнкерам; дзеля захавання тытула ў 1824 годзе паступіў на службу ў канцылярыю віленскага ваеннага губернатара Аляксандра Рымскага-Корсакава. У 1829 годзе шляхта выбрала яго маршалкам Віленскага павета, а з 1830 года ён выконваў таксама функцыю віленскага губернскага маршалка, замяшчаючы адсутнага маршалка Юзафа Горскага.
Удзел у паўстанцкім руху і ссылкі Пасля выбуху паўстання 1830-1831 гадоў у Каралеўстве Польскім стаў членам створанага ў Вільні на пачатку 1831 года тайнага Галоўнага камітэта, пакліканага для каардынацыі будучых паўстанцкіх дзеянняў на Літве (разам з Антоні Гарэцкім, Міхалам Балінскім, Эдвардам Ромерам і інш.). Аднак не прыняў прапановы ўзначаліць паўстанне ў Вільні. Нягледзячы на гэта, у чэрвені 1831 года быў арыштаваны і змешчаны ў вязніцу ў Мінску, пасля чаго тры месяцы знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам у Смаленску.
12 кастрычніка 1832 года следчая камісія прызнала беспадстаўнасць падазрэнняў аб удзеле ў паўстанні, аднак яго магчымае вяртанне на пасаду павятовага і губернскага маршалка паставіла ў залежнасць ад складання дэкларацыі вернападданства. Пасля вызвалення пасяліўся ў Ковенскай губерні, у маёнтку Шумскіх Батокі (Расейнскі павет).
У 1834 годзе быў прызначаны віленскім генерал-губернатарам Мікалаем Даўгарукавым адным з дырэктараў Турэмнага камітэта, а таксама сакратаром яго Дамскага камітэта, які дзейнічаў пад старшынствам Пелагіі Сапегі. Па ініцыятыве стрыечнага брата Францішка Шэмета распачаў таго ж года супрацу з эмігранцкім асяроддзем князя Адама Ежы Чартарыйскага і разам з Шэметам стварыў у Вільні ў 1835 годзе тайны Літоўскі камітэт, які дзейнічаў як агенда эмігранцкага Саюза Еднасці Нацыі, звязанага з Гатэлем Ламбер.17 ліпеня 1838 года быў арыштаваны ў Лібаве пасля таго, як пры затрыманым сакратары Літоўскага камітэта Станіславе Казакевічы быў знойдзены яго ліст. Перавезены ў Вільню, знаходзіўся ў зняволенні ў кляштары базыльянаў, потым шаснаццаць тыдняў у кляштары місіянераў і зноў дзевятнаццаць тыдняў у кляштары базыльянаў, дзе сядзеў у камеры, суседняй з камерай Шымона Канарскага; падтрымліваў з ім кантакт да апошніх дзён перад яго пакараннем смерцю 27 лютага 1839 года.
Прыгаворам ваеннага суда ад 8 лютага 1839 года быў разам з іншымі членамі Літоўскага камітэта залічаны да трэцяй катэгорыі абвінавачаных і асуджаны на пазбаўленне саслоўных правоў і вечнае пасяленне ў Сібіры. На падставе канфірмацыі генерал-губернатара Даўгарукава, зацверджанай 3 сакавіка 1839 года імператарам Мікалаем I, быў асуджаны на пражыванне ў Вяцкай губерні пад паліцэйскім наглядам, але без страты саслоўных правоў. 31 сакавіка таго ж года быў вывезены з Вільні.
У Вятцы пасяліўся разам з Юстынам Грэбніцкім у наёмным доме, які стаў месцам сустрэч высланых. З жніўня 1840 года жыў у Волагдзе з дачкой, якая прыехала да яго. Атрымаўшы паўгадовы адпачынак дзеля ўладкавання маёмасных спраў, прыехаў з ёй у жніўні 1842 года на Літву. Здабыў прыхільнасць віленскіх улад і дзякуючы заступніцтву ў Пецярбургу атрымаў 25 студзеня 1843 года згоду Мікалая I на заставанне ў краі пад паліцэйскім наглядам.
Апошнія гады
Пасля ўрэгулявання абавязацельстваў перад крэдыторамі страціў увесь маёнтак. Дзякуючы пасагу жонкі пасяліўся ў Обабе, якое належала Мірскім, у складзе маёнтка Завер’е. У другой палове 1840-х гадоў зноў кантактаваў з эмісарамі Гатэля Ламбер, а таксама з Аніцэтам Рэньерам, які кіраваў у Вільні змовай, звязанай з Польскім дэмакратычным таварыствам.
4 красавіка 1847 года быў арыштаваны і змешчаны ў кляштар дамініканаў у Вільні. Дзякуючы заступніцтву свякрові дачкі, Дароты Лапацінскай, перад намеснікам Каралеўства Польскага Іванам Паскевічам, быў вызвалены 4 жніўня таго ж года і канчаткова 4 сакавіка 1848 года памілаваны; аднак да 26 жніўня 1856 года заставаўся пад паліцэйскім наглядам.
Угавораны зяцем, Ігнатам Дамінікам Лапацінскім, напісаў мемуары, у якіх апісаў свой удзел у расійскай кампаніі 1812 года, ход паўстання 1830—1831 гадоў на Літве, а таксама сувязі з канспірацыямі 1830-х і 1840-х гадоў. Падчас паўстання 1863-64 гадоў жыў у Вільні ў Лапацінскага, які тады належаў да Літоўскага правінцыйнага камітэта, і дапамагаў паўстанцам, а пасля — вязням.
Памёр 3 ліпеня 1871 года ў Вільні ад халеры, пахаваны на могілках Росы.
Успаміны W walkach i więzieniach: pamiętniki z lat 1812—1848. Wilno: drukiem Józefa Zawadzkiego, 1831. У бітвах і вязьніцах. Успаміны пра 1812—1848 гады (у агучцы Сяргея Дубаўца)
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Удзельнікі вайны 1812 года Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў