Генадзь Міхайлавіч Шэпелеў, вядомы як вартавы Крапівенскага поля () — беларускі грамадскі і культурны актывіст, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху на Аршаншчыне. Шматгадовы апякун і ўпарадкавальнік мемарыяльнага месца бітвы пад Оршай 1514 года.
Біяграфія Нарадзіўся каля 1956 года. Жыў у Барані Аршанскага раёна Віцебскай вобласці . Тэрміновую службу ў Савецкай Арміі праходзіў у паветрана-дэсантных войсках. Працяглы час працаваў на чыгунцы памочнікам машыніста цеплавоза, а таксама машыністам . Пазней быў індывідуальным прадпрымальнікам .
Займаўся спартыўным турызмам і меў значны турыстычны стаж, прайшоў турысцкія маршруты Карэліі, Карпат і Каўказа. Вызначаўся добрай фізічнай формай і вынослівасцю, займаўся веславаннем і ездзіў на ровары на далёкія адлегласці. Вылучаўся жывой, сакавітай беларускай мовай з жартамі і прымаўкамі.
Меў лецішча ў Аршанскім раёне за рэчкай Крапіўнай, насупраць Крапівенскага поля .
Правёў ноч 6 верасня 2026 года ў намёце на Крапівенскім полі. У яго пачаліся праблемы з артэрыяльным ціскам, трапіў у кардыялагічнае аддзяленне шпіталя . З 8 верасня 2026 года быў у коме .
Памёр праз анеўрызму аорты ў верасні 2026 года ва ўзросце 70 гадоў . Развітанне адбылося у суботу, 12 верасня 2026 года, у Оршы ў рытуальнай зале па вуліцы Астроўскага, 18а . Пахаваны на Зайцаўскіх могілках каля Барані.
Грамадская і культурная дзейнасць У 1990-я гады арганізоўваў у Оршы культурна-асветніцкія імпрэзы, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, вечарыны народнай песні, а таксама сустрэчы рэдактараў газеты «Наша Ніва» з чытачамі на аршанскіх заводах і ва ўстановах культуры .
5 верасня 1992 года на ўшанаванні ваяроў бітвы пад Оршай бітвы на Крапівенскім полі быў адным з першых, хто прысягнуў на вернасць Беларусі; прысягаў басанож у форме савецкага дэсантніка .
З 1990-х гадоў дапамагаў у арганізацыі і правядзенні штогадовага бардаўскага фэсту «Аршанская бітва» на Крапівенскім полі . Пасля забароны фэсту мясцовымі ўладамі штогод напярэдадні 8 верасня асабіста з’яўляўся на полі з намётам і начаваў там у знак варты і шанавання гістарычнай памяці .
У 1999 годзе разам з Ларысай Кудраўцавай быў завадатарам стварэння ў Оршы Культурна-асветніцкага цэнтра імя Уладзіміра Караткевіча .
У верасні 2007 года падчас міліцэйскіх засад і пераследу ўдзельнікаў фэсту «Аршанская бітва» на сваёй байдарцы па Крапіўне перавёз Паўла Севярынца да аднаго з вогнішчаў.
У жніўні 2010 года выступаў арганізатарам і капітанам шасцідзённай краязнаўча-літаратурнай воднай экспедыцыі «З Уладзімірам Караткевічам ад Оршы да Рагачова». Удзельнікі экспедыцыі прайшлі больш за 300 км па Дняпры на надзіманым катамаране пад харугвай з гербам Оршы .
У 2017 годзе ўдзельнічаў у «Маршы недармаедаў» у Оршы з бел-чырвона-белым сцягам .
25 сакавіка 2018 года на Дзень Волі прыехаў на ровары да помніка Уладзіміру Караткевічу ў аршанскім парку з бел-чырвона-белым сцягам, каб зрабіць фотаздымак для сацыяльных сетак . Затрыманы міліцыяй і прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь за несанкцыянаванае пікетаванне, аштрафаваны судом на 22 базавыя велічыні (539 рублёў) .
Крыніцы
Спасылкі