Ганна Вячаславаўна Запартыка (нар. 20 кастрычніка 1954, в. Есьманаўцы, Валожынскі раён, Мінская вобласць) — беларуская архівістка, філолаг, літаратуразнаўца. Ганаровая архівістка Беларусі (2004). Дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (1994—2022).
Біяграфія і адукацыя Нарадзілася ў сялянскай сям’і. Закончыла Яршэвіцкую сярэднюю школу ў 1971 годзе. У 1978 годзе закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.
Прафесійная і педагагічная дзейнасць З 1978 года працавала ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (ЦДАМЛМ) БССР на пасадах малодшага навуковага супрацоўніка, вядучага архівіста, вядучага навуковага супрацоўніка аддзела ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў.
З лістапада 1993 года выконвала абавязкі дырэктара, а з 17 студзеня 1994 па кастрычнік 2022 года з’яўлялася дырэктарам БДАМЛМ.
З 2000 года — член Археаграфічнай камісіі Дэпартамента па архівах і справаводстве. Адначасова з 1996 года займалася педагагічнай дзейнасцю: працавала старшым выкладчыкам, пазней — дацэнтам кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ.
Навуковая і публікатарская дзейнасць Аўтар больш як 170 гістарычных нарысаў, публікацый і навуковых артыкулаў, прысвечаных архівазнаўству, тэксталогіі і гісторыі асабістых архіваў дзеячаў беларускай культуры. Менавіта Г. Запартыцы належыць ідэя рэгулярнага правядзення ў БДАМЛМ навуковых канферэнцый — травеньскіх «Узвышаўскіх чытанняў» і кастрычніцкіх «Архіўных чытанняў», па выніках якіх выдаваліся навуковыя зборнікі «Пра час „Узвышша“» і «Архіўныя чытанні», а пазней — альманах «Аўтограф».
Самастойна арганізавала пошук і камплектаванне архіваў выбітных дзеячаў культуры. Сярод значных дасягненняў — прывоз з Расіі дакументальнай спадчыны крытыка, празаіка і філосафа Адама Бабарэкі (каля 1000 дакументаў і 38 асабістых рэчаў сям’і), а таксама выяўленне і апісанне нататніка Карла Кастравіцкага (бацькі Каруся Каганца), які стаў асновай для яе першай навуковай публікацыі «Развітальныя аўтографы» (1996).
Асноўныя кірункі працы: Укладальніца і рэдактарка кніг: «Выбраныя творы» Паўлюка Труса (2000), «Збор твораў у 2 тамах» Адама Бабарэкі (2011, разам з В. Жыбулем і Алесяй Бабарэкай), «Среди болот и лесов» Якуба Брайцава (2013), «Выбраныя творы» Зоські Верас (2015), «Выбранае» Усевалада Ігнатоўскага (2018), «Сцежкамі жыцця» Паўліны Мядзёлкі (2018), а таксама зборніка ваенных дзённікаў «Мы жылі ў буднях барацьбы…» (2020). Даследаванне і публікацыя крыніц: падрыхтавала да друку і пракаментавала эпісталярную спадчыну Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Міхася Чарота, Максіма Гарэцкага, Францішка Багушэвіча, Марка Шагала і інш. Метадычная праца: распрацавала «Метадычныя рэкамендацыі па рабоце архіваў з дакументамі асабістага паходжання» (2005) і нарматыўныя дакументы па грашовай ацэнцы рарытэтаў.
Узнагароды Медаль Францыска Скарыны (2002) Нагрудны знак «Ганаровы архівіст Беларусі» (2004) Нагрудныя знакі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь «За адзнаку» І і ІІ ступеняў (2014, 2019) Ганаровыя граматы Міністэрства юстыцыі РБ.
Бібліяграфія (выбраныя працы) Запартыка, Г. Развітальныя аўтографы / Г. Запартыка // Спадчына. — 1996. — № 5. Запартыка, Г. Архівы беларускай эміграцыі / Г. Запартыка // Спадчына. — 1996. — № 6. Запартыка, Г. Таямніца капэрты Б. І. Эпімах-Шыпілы. Напалеон Чарноцкі. «Сватанне» / Г. Запартыка // Скарыніч. — 2001. — Вып. 5. Запартыка, Г. «Мы верылі: дахаты вернемся…» : пра спадчыну Адама Бабарэкі і яе шлях да Беларусі / Г. Запартыка // Скарыніч. — 2008. — Вып. 3. — С. 164—166. Запартыка, Г. Беларускі дзяржаўны архіў-музей лікаратуры і мастацтва і яго літаратурныя фонды: да 50-годдзя заснавання / Г. Запартыка // Роднае слова. — 2010. — № 5. — С. 104—107. Запартыка, Г. Роля «Узвышаўскіх чытанняў» у даследаванні гісторыі беларускай літаратуры 1920-1930-х гг. і ўзбагачэнні нацыянальнага архіўнага фонду / Г. Запартыка // Пра час «Узвышша». — Мінск, 2011. — Вып. 5. — С. 92-100. Запартыка, Г. Адлюстраванне эвалюцыі тэксту ў архіўным вопісе / Г. Запартыка // Сучасная беларуская тэксталогія: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця : матэрыялы канф. — Мінск, 2016. Запартыка, Г. Радасць у песнях : да 120-годдзя Міхася Забэйды-Суміцкага / Г. Запартыка // Літаратура і мастацтва. — 2020. — 19 чэрв. — С. 4.
Літаратура Шумейка, М., Запартыка, Г. «Беларускі народ можа ганарыцца рарытэтамі, якія зберагае наш архіў-музей» / М. Шумейка, Г. Запартыка // Архівы і справаводства. — 2004. — № 5. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ) // Гарэцкі, Р. Жыццёвы меланж. — Мінск, 2013. Кулажанка, У. Руплівая захавальніца архіўнай спадчыны / У. Кулажанка // Беларускі археаграфічны штогоднік. — Вып. 15. — Мінск, 2014. Кекелева, Т. В., Кісялёва, Я. М. Запартыка Ганна Вячаславаўна / Т. В. Кекелева, Я. М. Кісялёва // Архівісты Беларусі : біябібліягр. даведнік. — Мінск : БелНДІДАС, 2020. — С. 129—131. Рублеўская, Л. Таямніца зніклага капялюшыка Цёткі, альбо Архівіст — справа пажыццёвая / Л. Рублеўская // Звязда. — 2024. — 29 кастр. — С. 12. Жыбуль, В. На чале «Невядомай планеты»: Навуковая і захавальніцкая дзейнасць Ганны Запартыкі / В. Жыбуль // Аўтограф. — 2025. — № 6. — С. 211—218.
Катэгорыя:Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ Катэгорыя:Архівісты Беларусі Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны