Рыгор Васілевіч Булацкі () — беларускі гісторык, журналіст. Доктар гістарычных навук (1971), прафесар (1973). Першы дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1967—1981).

Біяграфія Нарадзіўся 5 мая 1921 года ў в. Мачулкі Бабруйскага павета (цяпер — Бабруйскі раён Магілёўскай вобласці).

У 1939 годзе паступіў на гістарычны факультэт БДУ, але быў прызваны ў Чырвоную Армію. У жніўні 1941 года скончыў Мелітопальскае авіяцыйнае вучылішча, накіраваны на Далёкі Усход. Разам з аднапалчанамі, В. Ульянавым і А. Пятровым, купіў самалёт на якім яны ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны, Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Аўстрыі. У 1946 годзе дэмабілізаваны па інваліднасці.

У 1951 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, вучыўся ў аспірантуры. Працаваў у шматтыражнай газеце БДУ, з 1954 года — старшым выкладчыкам, намеснікам дэкана філалагічнага факультэта і загадчыкам аддзялення журналістыкі, з 1961 года — загадчык кафедры, адначасова з 1963 года — дэкан філалагічнага факультэта, у 1967—1981 гадах — дэкан факультэта журналістыкі.

Памёр 8 лютага 1999 года ў Мінску.

Навуковая дзейнасць Кірункі навуковай дзейнасці: гісторыя беларускай журналістыкі, публіцыстычная дзейнасць некаторых беларускіх пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.

Аўтар больш за 200 навуковых прац, у тым ліку больш за 20 манаграфій, падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў. Пад кіраўніцтвам Р. Булацкага абаронены звыш 40 кандыдацкіх, пры яго ўдзеле — 3 доктарскія дысертацыі.

Узнагароды Узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі, у тыл ліку «За ўзяцце Будапешта». Лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР (1980) і Саюза журналістаў БССР (1995).

Выбраная бібліяграфія Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І. Сачанкам); Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э. Карніловічам); Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І. Сачанкам, С. Говіным).

Сям’я Сын — Вячаслаў Рыгоравіч Булацкі (нар. 1953) — прафесар кафедры тэлебачання і радыёвяшчання БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнтГригорий Булацкий — «крёстный отец» белорусской журналистикиБулацкий Вячеслав Григорьевич; Унук — Павел Вячаслававіч Булацкі (нар. 1976) — галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 5»; Сын — Сяргей Рыгоравіч Булацкі — былы намеснік Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, цяпер — генеральны дырэктар тэлеканала «НТВ-Беларусь»; Дачка — Наталля Рыгораўна Булацкая.

Ушанаванне памяці Імя Р. В. Булацкага прысвоена сярэдняй школе № 20 г. Мінска, на будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Р. В. Булацкага (адкрыта 26 студзеня 2024 года)В Минске появилась мемориальная доска в честь первого декана журфака БГУ Григория Булацкого; Адна з аўдыторый факультэта журналістыкі БДУ носіць імя Р. В. БулацкагаШкола принципиальности и справедливости.

Крыніцы

Літаратура Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 3. — Мінск, 1996. Мартинович А. А. Есть имена, которые не забываются. — Мн.: Белфакс, 2001. Мартинович А. А. Григорий Булацкий: Перекрестки судьбы. — Мн.: Белфаксиздатгрупп, 2011. — 264 с. Республика Беларусь: энциклопедия. (в 7 т.). Т. 2. — Минск, 2006.

Катэгорыя:Дактары гістарычных навук Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Журналісты Беларусі Катэгорыя:Журналісты паводле алфавіта Катэгорыя:Дэканы філалагічнага факультэта БДУ Катэгорыя:Дэканы факультэта журналістыкі БДУ