Мідыі (Mytilidae) — сямейства двухстворкавых малюскаў.
Апісанне Ракавіна даўжынёй да 25 см, кліналадобна-авальная. У сфарміраваных ракавін замковы край без зубоў. Часта развіты вельмі тонкі перламутравы слой блакітнага або зелянявага адцення. Нага невялікая, пальцападобная, з моцна развітой бісусавай залозай, з дапамогай выдзяленняў якой малюск прымацоўваецца да субстрату. Жабры (жаберная вось з двума радамі жаберных нітак) займаюць заднюю палову цела. Сіфоны кароткія, апраўленыя шчупальцамі звычайна інтэнсіўна-зялёнага або буравата-зялёнага колеру.
Пашырэнне Вядомы з трыясу (каля 230 млн гадоў назад).
Вядома каля 30 родаў. Распаўсюджаны ў морах, ад літаралі да абісальных глыбінь. Мелкаводныя віды непатрабавальныя ў адносінах да фактараў навакольнага асяроддзя, мідыі жывуць нават у моцна апрэсненым Балтыйскім моры. У Паўночным паўшар'і найбольш трапляецца мідыя ядомая (Mytilus edilus), якая ўтварае паселішчы — мідыевыя банкі. Кампанент абрастання падводных частак збудаванняў і суднаў.
Асаблівасці біялогіі Фільтратары: праз мантыйную поласць за суткі праходзіць да 70 л вады, неабходнай для дыхання і паступлення корму (пераважна планктон, дэтрыт).
Большасць раздзельнаполыя, часам назіраецца часовы гермафрадытызм. Развіццё з ператварэннем.
Промысел і выкарыстанне Аб'ект промыслу і развядзення. Мяса мідый выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам, з ракавін робяць кармавую муку.
Мідыямі кормяцца птушкі, скаты, камбала і траска, у Чорным моры — асятровыя рыбы, у паўночных морах — марскія зоркі.
Літаратура
Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с.: іл. — ISBN 978-985-03-1367-6
Катэгорыя:Двухстворкавыя