Ве́на () — сталіца і самы буйны горад Аўстрыі, адна з дзевяці федэральных зямель Аўстрыі, з усіх бакоў аточаная тэрыторыяй іншай зямлі — Ніжняй Аўстрыі. Размешчаная ва ўсходняй частцы краіны. Горад месціцца на абодвух берагах Дуная. Вена з’яўляецца культурным, эканамічным і палітычным цэнтрам Аўстрыі.
Вена з’яўляецца трэцім горадам-рэзідэнцыяй ААН пасля Нью-Ёрка і Жэневы. Венскі міжнародны цэнтр (так званы UNO-City) уключае ў сябе Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі, Упраўленне ААН па наркотыках і злачыннасці, Арганізацыі ААН па прамысловым развіцці і іншыя. У Вене знаходзяцца штаб-кватэры такіх міжнародных арганізацый, як, напрыклад, АПЕК і АБСЕ.
На працягу многіх стагоддзяў Вена з’яўлялася горадам-рэзідэнцыяй Габсбургаў і адпаведна сталіцай Святой Рымскай імперыі германскай нацыі, ператварыўшыся ў культурны і палітычны цэнтр Еўропы. У 1910 годзе ў Вене пражывала два мільёны чалавек, горад займаў чацвёртае месца сярод найбуйнейшых гарадоў свету, саступаючы толькі Лондану, Нью-Ёрку і Парыжу. Пасля Першай сусветнай вайны насельніцтва Вены скарацілася амаль на чвэрць. Стары горад Вены і палац Шонбрун у снежні 2001 года былі ўнесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Гісторыя
Самыя раннія сведчанні бесперапыннага пражывання ў мясцовасці вакол горада датуюцца 500 годам да н. э., калі тэрыторыя Дуная была заселеная кельтамі. У 15 годзе да н. э. рымляне пабудавалі ўмацаваны памежны горад, які атрымаў назоў Віндабона, каб ахоўваць межы імперыі супраць германскіх плямёнаў на поўначы. Цесныя сувязі з іншымі народамі кельцкага паходжання працягваліся некалькі стагоддзяў з такімі фігурамі, як ірландскі манах IX стагоддзя Каламан, які быў пахаваны ў абацтве Мельк, і Святы Віргілій, які быў біскупам Зальцбурга на працягу сарака гадоў у XII стагоддзі. Адгалоскі таго часу ўсё яшчэ відавочны ў вялікім манастыры Шатэнштыфт, які месціцца ў горадзе і быў раней домам для многіх ірландскіх манахаў.
У XIII стагоддзі Вена апынулася пад пагрозай захопу з боку Мангольскай імперыі, якая распасціралася на большую частку сучаснай Расіі і Кітая, але з-за смерці свайго лідара Угедэя-хана мангольскія войскі адступілі ад еўрапейскіх меж і больш не вярталіся. У сярэднявеччы Вена была домам для бабенбергскай дынастыі, а ў 1440 годзе горад стаў рэзідэнцыяй дынастыі Габсбургаў. Вена стала дэ-факта сталіцай Свяшчэннай Рымскай імперыі і культурным цэнтрам мастацтва і навукі, музыкі і вытанчанай кухні. Паміж 1485—1490 гадамі горад знаходзіўся пад венгерскай акупацыяй. У XVI і XVII стагоддзях асманскае войска два разы было спынена каля сцен Вены. У 1679 годзе эпідэмія чумы знішчыла амаль траціну насельніцтва горадаSpielman, John Philip (1993). «The city & the crown: Vienna and the imperial court, 1600—1740». West Lafayette, Indiana: Purdue University Press. p. 141. ISBN 1-55753-021-1..
Аўстра-Венгрыя
У 1804 годзе, падчас напалеонаўскіх войнаў, Вена стала сталіцай Аўстрыйскай імперыі і працягвала адыгрываць важную ролю ў еўрапейскай і сусветнай палітыцы, у тым ліку прымаючы ў сябе ў 1814 годзе Венскі кангрэс. Пасля аўстра-венгерскага ўз’яднання 1867 года Вена засталася сталіцай тагачаснай Аўстра-Венгерскай імперыі. Горад быў цэнтрам класічнай музыкі, для якой таксама ўжываецца, часам, назва Першая Венская школа.
У другой палове XIX стагоддзя, горад развіваўся і паступова выйшаў за бастыёны і гласісы Рынгштрасэ. Былыя прыгарады былі ўключаны ў склад горада, і Вена рэзка павялічылася. У 1918 годзе, пасля Першай сусветнай вайны, Вена стала сталіцай Першай аўстрыйскай рэспублікі. З канца XIX стагоддзя да 1938 года горад заставаўся цэнтрам высокай культуры і мадэрнізму. З’яўляючыся сусветнай сталіцай музыкі, горад прымаў такіх кампазітараў, як Брамс, Брукнер, Малер і Рыхард Штраўс. Культурны ўнёсак горада ў першай палове XX стагоддзя ўключае, сярод многіх, рух Венскі сецэсіён, развіццё псіхааналізу, Другую венскую школу, архітэктуру Адольфа Лоаса і філасофію Людвіга Вітгенштэйна.
Аншлюс і міжнародная акупацыя У 1938 годзе, пасля трыумфальнага ўезду ў Аўстрыю, Адольф Гітлер выступаў перад аўстрыйскім народам з балкона на Гельдэнплацы. У перыяд з 1938 года і да сканчэння Другой сусветнай вайны Вена страціла свой статус сталіцы, калі Аўстрыя знаходзілася ў складзе Германіі.
2 красавіка 1945 года савецкія войскі пачалі наступ на Вену супраць нямецкіх абаронцаў, аблажыўшы горад. Брытанскія і амерыканскія паветраныя налёты і артылерыйскія залпы з абодвух бакоў паміж сіламі вермахта і Чырвонай арміяй значна пашкодзілі інфраструктуру горада, у тым ліку трамвайныя лініі, а таксама сістэму водазабеспячэння і размеркавання электраэнергіі. Акрамя таго, былі разбураны альбо пашкоджаны тысячы грамадскіх і прыватных будынкаў. Штурм горада працягваўся два тыдні. Аўстрыя была аддзеленая ад Германіі, а Вена была адноўлена ў якасці сталіцы рэспублікі.
Пасля вайны Вена была акружаная савецкай акупацыйнай зонай. Як і ў Берліне, Вена была падзелена па сектарах на чатыры дзяржавы і знаходзілася пад наглядам камісіі саюзнікаў. Але акупацыя Вены адрознівалася ад акупацыі Берліна: цэнтральны раён горада, вядомы як «першы раён», уяўляў сабой міжнародную зону, у якой чатыры дзяржавы чаргавалі кантроль на штомесячнай аснове. Блакада Берліна ў 1948 годзе ўзняла саюзніцкія асцярогі на той конт, што Савецкі Саюз можа паўтарыць блакаду ў Вене.
У той час не было аэрадромаў у заходніх сектарах, але ўлады ўсё ж такі былі падрыхтаваны да дзеянняў для барацьбы з такімі блакадамі. Планы прадугледжвалі ўсталяванне металічных насцілаў дзеля здзяйснення пасадкі ў Шонбруне. Але савецкі бок так і не распачаў блакаду. Некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што Патсдамскае пагадненнне ўключала пункт пра доступ да заходніх сектароў, у той час як не існавала такіх пісьмовых гарантый на заходнія сектары Берліна. За дзесяць год акупацыі Вена стала рассаднікам міжнароднага шпіянажу паміж Заходнім і Усходнім блокамі. Услед за блакадай Берліна, халодная вайна ў Вене прыняла іншую дынаміку. Прызнаючы, што Германія і Берлін будуць падзеленыя, савецкі ўрад вырашыў не дазваляць такога ж становішча ў Аўстрыі і Вене.
У 1953 годзе перыметры Заходняга Берліна былі агорнуты калючым дротам, але Вена заставалася не падзеленай. У 1955 годзе савецкі ўрад пагадзіўся на адмову ад сваіх акупацыйных зон ва Усходняй Аўстрыі і Усходняй Вене, а таксама сектараў у чацвёртым i дзясятым раёне Паўднёвай Вены. У абмен яны патрабавалі сталага пункта нейтралітэту ў новым дзяржаўным дагаворы. У 1955 годзе савецкія войскі канчаткова выйшлі з Аўстрыі.
Сучаснасць Чатырохдзяржаўны кантроль у Вене працягваўся да падпісання аўстрыйскага дзяржаўнага дагавору, якое было здзейснена ў 1955 годзе. У тым жа годзе пасля некалькіх гадоў рэканструкцыі і рэстаўрацыі былі адчынены будынкі Дзяржаўнага тэатра оперы і Бургтэатра, якія знаходзяцца на вуліцы Рынгштрасэ. Дзяржаўны дагавор зацвердзіў, што сучасная Аўстрыя не будзе ўваходзіць ані ў блок НАТА, ані ў АВД, гэта лічыцца адной з прычын позняга ўступу Аўстрыі ў Еўрапейскі Саюз.
У 1970-х гадах канцлер Аўстрыі Бруна Крайскі адчыніў Венскі міжнародны цэнтр, пабудаваны ў новым раёне горада для размяшчэння міжнародных інстытутаў. Вена вярнула сабе частку мінулага міжнароднага статусу шляхам размяшчэння ў сваіх межах міжнародных арганізацый, як то Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, падрыхтоўчая камісія Арганізацыі па ўсёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў, Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі, АПЕК, а таксама АБСЕ і Аб’яднаная еўрапейская гастраэнтэралагічная федэрацыя.
Геаграфія
Горад размешчаны ва ўсходняй частцы Аўстрыі ля падножжа Альпаў, на беразе Дуная, у 60 км ад мяжы з Славакіяй. Праз Вену працякае Дунай са сваім рукавом Дунайскім каналам і ракой Вена. Гістарычна горад месціўся на поўдзень ад Дуная, аднак у апошнія два стагоддзі Вена расла па абодва бакі ракі. Найбольшая вышыня горада над узроўнем мора адзначаецца ў раёне Германскогеля (542 м), а найменшая — у Эслінгу (155 м). Горад аблямоўвае Венскі Лес.Все столицы мира / Сост. О. В. Зыкина, Л. А. Бурлацкая, Г. А. Гальперина, Н. В. Иванова. — М.: Вече, 2005. — С. 72.
Геаграфічна карыснае становішча робіць Вену вельмі зручным месцам для развіцця рознабаковых адносінаў з усходнімі краінамі. Гэта стала асабліва адчувальна пасля 1989 года, калі «ўпала» гэтак званая жалезная заслона. Напрыклад ад сталіцы Славакіі Браціславы Вену аддзяляюць усяго 60 км — гэта самая кароткая адлегласць паміж дзвюма сталіцамі ва ўсёй Еўропе, калі не лічыць Ватыкан і Рым.
Па форме Вена нагадвае кола, перасечанае хордай ракі Дунай. З часоў Рымскай імперыі горад пашыраўся канцэнтрычнымі коламі. Яго цэнтральная частка, гэтак званы ўнутраны горад (), амаль супадае з адміністрацыйнымі межамі першай акругі. Рынгштрасэ з’яўляецца ланцужком бульвараў, якія ўтвараюць колца. Гісторыя Рынгаштрасэ пачалася ў 1857 годзе, калі імператар прыняў рашэнне разбурыць больш не патрэбныя фартыфікацыйныя збудаванні. Гюртэль, пояс, які ўтварае канцэнтрычную акружыну вакол Рынгштрасэ, узнік у 1890 годзе. Ён паглынуў атачаўшыя Вену вёскі і цэрквы, пабудаваныя на месцы парафіяльных цэркваў, якія атачалі ў мінулым сталіцу імперыі. За Гюртэлем размешчана гэтак званая «Чырвоная Вена», працоўныя кварталы, пабудаваныя сацыялістамі ў 1923—1934 гадахПутеводитель «Ле Пти Фюте» — Австрия. Изд. 5-е. — М.: Авангард, 2005. — С. 67..
Клімат Вена знаходзіцца ў межах пераходу марскога клімату і вільготнага кантынентальнага клімату ў адпаведнасці з класіфікацыяй Кёпена. У горадзе назіраецца цёплае лета з сярэдняй высокай тэмпэратурай ад 22 да 26 °C, з максімумамі вышэй за 30 °C і мінімумамі каля 15 °C. Зіма параўнальна халодная, з сярэдняй тэмпэратурай каля нуля, са снегападамі, якія адбываюцца галоўным чынам са снежня па сакавік. Вясна і восень мяккая халодная. Ападкі, як правіла, умераныя на працягу ўсяго года і ў сярэднім складаюць 620 мм у год.
Транспарт
У Вене добра развіты грамадскі транспарт. Яго аснову складаюць Венскі метрапалітэн () і Венскі S-Bahn, якія дапаўняюцца сеткай маршрутаў трамваяў і аўтобусаў. Маецца асобная трамвайная лінія Вена-Бадэн. Сетка аўтабанаў і чыгункі злучае Вену з іншымі гарадамі Аўстрыі і Еўропы. Адзіны галоўны вакзал знаходзіцца ў будаўніцтве, дальнія рэйсы абслугоўваюць асноўныя вакзалы Паўднёвы, Паўночны, Заходні і вакзал імя Франца Іосіфа. Венскі міжнародны аэрапорт «Швехат» мае наўпроставыя паветраныя зносіны з большасцю краін-чальцоў ЕС і з’яўляецца найбуйнешым па абслугоўванні пасажыраў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У «Швехаце» зарэгістравана больш за 60 авіякампаній з усяго свету. У 2005 годзе венскі аэрапорт абслугоўваў звыш 14 млн пасажыраў.
Венскі рачны порт з’яўляецца цэнтральным транспартным вузлом на рацэ Дунай і валодае самым буйным у Еўропе тэрміналам па прыёме кантэйнэраў з агульнай плошчай 60 тыс. м². У цэнтры лагістыкі венскага парта зарэгістравана 120 аўстрыйскіх і замежных кампаній, у якіх працуюць больш за 5 тыс. чалавек. У 2005 годзе праз гэты цэнтр было праведзена звыш 9 млн тон розных тавараў.
Эканоміка
У 2007 годзе Mercer Human Resource Consulting апублікаваў штогадовае даследаванне якасці жыцця ў свеце. Па ўзроўні якасці жыцця Вена ўжо не першы раз заняла першае месца ў Еўрапейскім саюзе. Гэты горад атрымаў найлепшыя адзнакі ў сферах: інфраструктура, грамадскі транспарт, банкі і фінансы, бяспека, культура і вольнае баўленне часу. Гэты паказчык паслужыў штуршком для міжнародных кампаній, якія ахвотна працуюць у гэтым горадзе.